Святыя місіі прайшлі ў парафіі ў Юрацішках | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
08.08.2016 16:29

З 1 па 7 жніўня ў парафіі Перамянення Пана ў Юрацішках адбыліся святыя місіі, якія правёў кс. Аляксей, пробашч парафіі Спаслання Духа Святога ў Барысаве.

Місійныя набажэнствы адбываліся штодня на працягу тыдня ў 10.00 і 19.00, каб магчымасць удзелу мелі ўсе жадаючыя. Кожны дзень місій меў сваю тэматыку, дзякуючы чаму вернікі маглі ўзнавіць веды і нанова адкрыць для сябе Божую любоў. Панядзелак быў прысвечаны сакрамэнту хросту (таксама падчас Імшы парафіяне аднавілі абяцанні хросту), аўторак — сакрамэнту канфірмацыі, серада — сакрамэнту намашчэння хворых. У чацвер вернікі ў малітве ўзгадалі памерлых. У пятніцу кс. Аляксей падрабязна распавёў аб сакрамэнце пакаяння і паяднання, каб усе маглі добра падрыхтавацца да місійнай споведзі. Вельмі кранальнай была суботняя вячэрняя Імша, калі пары розных узростаў аднавілі сужэнскія абяцанні.



Раніцай у нядзелю вернікі сабраліся ля касцёла, каб разам з дэканам кс. Віктарам, місіянерам кс. Аляксеем і пробашчам кс. Віталіем удзельнічаць у асвячэнні місійнай табліцы на крыжы.

Падчас урачыстай Імшы ксёндз Аляксей узгадаў аб важнасці малітвы — індывідуальнай, у сем’ях і ў парафіі, адзначыўшы, што малітва, асабліва супольная, дае чалавеку безліч ласкаў.

Таксама святар заклікаў карыстацца магчымасцю сакрамэнту пакаяння і як мага часцей прыступаць да святой Камуніі.

Імша завяршылася адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту, урачыстай працэсіяй і ўшанаваннем місійнага крыжа.

Вернікі шчыра дзякавалі пробашчу ксяндзу Віталію за арганізаваныя місіі і ксяндзу Аляксею за іх правядзенне, трапныя словы і шчырую малітву. «Вы ўзаралі глебу нашых сэрцаў і пасадзілі ў іх добрае насенне, і мы абяцаем клапаціцца аб тым, каб яно прарасло і дало багаты плён», — сказалі парафіяне.

Вікторыя Пярлухіна

 
© 2003-2024 Catholic.by