У Шчучыне адбылося заканчэнне катэхетычных заняткаў і развітанне з выпускнікамі | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
24.05.2016 13:44

22 мая ў парафіі Св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне, дзе служаць айцы піяры, адбылося афіцыйнае заканчэнне навучальнага і катэхетычнага года.

У гаміліі падчас святой Імшы прысутным дзецям і моладзі было нагадана пра годнасць называцца хрысціянінам, а таксама пра тое, што гэтую годнасць яны павінны бараніць падчас канікул, якія набліжаюцца. Асабліва гэтыя словы былі скіраваны да сёлетніх выпускнікоў, якія паступова ўваходзяць у дарослае жыццё і будуць сутыкацца з рознымі спакушаючымі прапановамі гэтага свету.

На заканчэнне Эўхарыстыі выпускнікі атрымалі фігурку св. Юзафа Каласанса, які з’яўляецца асаблівым апекуном дзяцей і моладзі шчучынскай парафіі. Гэта шматгадовая традыцыя, якая сімвалізуе вернасць усім духоўным багаццям, атрыманым за гады катэхетычных заняткаў пры парафіі.

Вечарам гэтага дня адбылося неафіцыйнае заканчэнне заняткаў з сёлетнімі выпускнікамі пры вогнішчы.

А. Віталій Слука SP, (AG)

Фота Анастасіі Голец


 
© 2003-2024 Catholic.by