Капелан Лідскай цэнтральнай раённай бальніцы асвяціў аўтамабілі хуткай дапамогі | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
26.07.2014 14:18

25 ліпеня 2014 г., калі Касцёл успамінае св. Крыштафа, апекуна ўсіх вадзіцеляў, капелан Лідскай цэнтральнай раённай бальніцы кс. Юрый Беганскі асвяціў аўтамабілі хуткай дапамогі. Іх ужо не раз асвячалі і праваслаўныя, і каталіцкія святары, але ўпершыню гэта зрабіў душпастыр службы аховы здароўя раёна.

На стаянцы станцыі хуткай і неадкладнай медыцынскай дапамогі святар прачытаў малітву, а таксама пажадаў вадзіцелям гэтых аўтамабіляў бесперашкоднай дарогі, каб яны заўсёды паспявалі своечасова прыбыць да тых, хто мае патрэбу, а ўрачы – своечасова аказаць хворым неабходную дапамогу.

Ксёндз Юрый Беганскі акрапіў аўтамабілі і ўсіх прысутных медработнікаў святой вадой і падарыў кожнаму абразік св. Крыштафа.

Вікторыя Русілевіч, AG

 


 

 
© 2003-2024 Catholic.by