24 студзеня — успамін св. Францішка Сальскага, апекуна журналістаў | Друк |
Каляндар
24.01.2015 12:20
24 студзеня ўспамін свайго нябеснага апекуна адзначаюць журналісты і пісьменнікі. У 1923 г. Папа Пій ХІ абвясціў святога Францішка Сальскага апекуном каталіцкай прэсы.
 
З гэтай нагоды калектыў Catholic.by шчыра віншуе сваіх калег і жадае поспехаў у працы! Няхай з Божай дапамогай каталіцкія СМІ ў Беларусі пашыраюцца, становяцца больш разнастайнымі і запатрабаванымі, каб дзякуючы нашай працы ўсё больш людзей пазналі Божую праўду і міласэрнасць.

Святы Францішак Сальскі жыў у 1567–1622 гг., быў біскупам Жэневы. Аўтар вядомай кнігі «Філатэя, або шлях да рэлігійнага жыцця». Заахвочваў свецкіх людзей да святасці, а таксама актыўна палемізаваў з кальвіністамі, спрыяючы адраджэнню каталіцтва ў сваёй айчыне. Захавалася каля 2100 яго лістоў, што сваім тэалагічна-аскетычным зместам уяўляюць вялікую каштоўнасць. 

Разам са св. Жаннай Франсуазай дэ Шанталь заснаваў жаночы закон Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі. Памёр у Ліёне, быў пахаваны ў касцёле ў Анэсі. Святы Францішак быў папярэднікам сучаснага душпастырства і стварыў новую школу духоўнасці.
 
© 2003-2024 Catholic.by