Сусветны дзень турызму адзначаецца 27 верасня | Друк |
Каляндар
27.09.2011 11:10

Гэтае міжнароднае свята ўстанавіла Генеральная асамблея Сусветнай турыстычнай арганізацыі ў 1979 г. Па традыцыі, на гэты дзень Папская рада пастырства эмігрантаў і падарожнікаў скіроўвае пасланне.

Сёлета дзень турызму адзначаецца пад дэвізам «Турызм і збліжэнне культур». У пасланні, між іншым, адзначаецца, што турызм дзейнічае дзеля пераадолення бар’ераў, якія падзяляюць культуры, дзеля падтрымкі талерантнасці, узаемнай павагі і разумення.

«У нашым свеце, часта падзеленым, гэтыя вартасці з’яўляюцца асновай больш спакойнай будучыні», — паведамляецца ў дакуменце, падпісаным старшынёй рады арцыбіскупам Антоніо Марыяй Вэльё.

Першай умовай правільнага карыстання магчымасцямі, якія стварае турызм, з’яўляецца ўменне слухаць, жаданне адкрыць пасланне, якое крыецца ў кожным забытку і праяўленнях культуры, кіруючыся пры гэтым павагай і пазбягаючы павярхоўнай ацэнкі. Важнымі з’яўляюцца таксама «ўменне прымаць» і «ўменне падарожнічаць».

Галоўнай мэтай душпастырства турызму, як адзначаецца ў пасланні, стане выхаванне і падрыхтоўка хрысціянаў, каб сустрэча культур у выніку падарожжа не была страчанай нагодай, а служыла асабістаму ўзбагачэнню, якое, у сваю чаргу, можа дапамагчы пазнаць іншых і самога сябе.

 
© 2003-2024 Catholic.by