Сімвалы Вялікага посту: дзіда | Друк |
Рознае
28.02.2016 02:38

«Толькі адзін з жаўнераў прабіў дзідаю Ягоны бок, і адразу выцекла кроў і вада» (Ян 19, 34)

У гэтым радку Святога Пісання нам адкрываецца вобраз жаўнера, дзіды і таямніцы Эўхарыстыі, якая паўтараецца кожны дзень святынях па ўсім свеце і ў сэрцах людзей, што горача імкнуцца спазнаць Праўду.

Вобразы і сімвалы, як і самая вялікая таямніца хрысціянства — эўхарыстычная ахвяра — паўтараюцца ў лёсах канкрэтных людзей, перажываюцца канкрэтнымі народамі штодзень.

І жаўнер падымае зброю, каб часамі спраўдзіць смерць і безнадзейнасць, не чакаючы нават, што за яго ўдарам можа здарыцца штосьці велічнае і неверагоднае, якое ані зброяй, ані запалохваннем, ані хлуслівай прапагандай немагчыма будзе стрымаць. Бо тое, што выходзіць з раны, — гэта не апошнія кроплі крыві са знявечанага арганізма, а сімвал таго, што пачынаецца новае жыццё, якое нават джала смерці не здолее перамагчы...

Жаўнер, імя якога паводле легенд і апокрыфаў было Лонгін, у Евангеллі паводле Яна ўзгадваецца вельмі коратка.

Яго зброя – дзіда, якая стала інструментам, што адкрыў чалавецтву рану Хрыста.

Вада і кроў, якія выцеклі з гэтай раны і абмылі і абмываюць чалавецтва ад нянавісці, ад зайздрасці, ад прагі ўлады і ўсёзнішчаючых амбіцый, альбо ад абыякавасці і адгароджанасці ад грамадства, — гэта жывыя рэкі, вусце якіх бярэ пачатак у Хрыстовай любові.

Дзіда — адмысловы і адзін з найстаражытнейшых відаў зброі, які пасля дзвюхтысячагадовай гісторыі перацярпеў відазмяненні і прайшоў этапы шматлікіх эвалюцый і трансфармацый, каб выкарыстоўвацца найбольш проста і эфектыўна.

Дзе ўбачыць гэтую зброю, гэты прадмет, апрача музейных шафаў, дзе за шклом акуратна схаваны гэтыя гістарычныя артэфакты прычынення болі, нясцерпнай, з надзеяй спраўдзіць факт канчатковага сканання, канчатковай паразы, канчатковай перамогі нянавісці...

Хтосьці пойдзе шукаць гэтую дзіду ў музей, хтосьці ў святыню, дзе яна схавана ў саркафагу для рэліквій.

А можа, хтосьці пойдзе туды, дзе дагэтуль забіваюць, дзе дагэтуль знішчаюць і вынішчаюць, дзе дагэтуль зневажаюць і прагнуць улады запалохвання і вялікага страху.

Дзе прабіваюць цела цэлага народа, цела нацыі, стараючыся спраўдзіць: “ці нарэшце сканала?”, “ці нарэшце замоўкла назаўсёды?”

Толькі ці зможа замоўкнуць назаўсёды тое, каму наканавана Божым Провідам уваскрасенне?

І ці не стане гэты ўдар адкрыццём раны, якая дасць усяму свету новую надзею, новую моц і збаўленне?

Матэрыялы з гэтай серыі:

 

Аксана Ючкавіч

 

 
© 2003-2024 Catholic.by