Пошук

Чацвер, 2 мая
02.05.2024 13:18
У маі — месяцы, асаблівым чынам прысвечаным Маці Божай, — кожную сераду і суботу Ватыканскія музеі прапануюць адмысловую экскурсію, прысвечаную адкрыццю Марыйнай духоўнасці і прыгажосці Папскіх садоў. «Сузіраючы прыроду і мастацтва, мы памятаем пра пасланне Панны Марыі, якая нагадвае нам, што адзіны спосаб спыніць вайну — гэта прабачэнне», — кажа сястра Эмануэла Эдвардс , кіраўніца адукацыйнага аддзела Ватыканскіх музеяў. Як адзначае Італьянская рэдакцыя парталу Vatican News , пасланне Багародзіцы, якая на працягу ўсёй гісторыі нястомна паказвала чалавецтву свой план збаўлення, — пранізлівае і яснае. Напрыклад, у Фаціме, аб’явіўшыся тром дзецям-пастушкам, Яна абвясціла сапраўдны «план міру», заклікаўшы свет да малітвы, навяртання да Евангелля, прысвячэння сябе Яе Беззаганнаму Сэрцу. Малітва за мір Маршрут, як ніколі актуальны, калі мы думаем пра розныя падзеі ў свеце, у якім не спыняецца бразгат зброі, пра што згадаў таксама Папа Францішак у мінулую нядзелю ў малітве Regina Cæli падчас яго пастырскага візіту ў Венецыю. Папы заўсёды памяталі пра важнасць і сілу малітвы за мір. У гэты кантэкст з поўным правам можа быць упісана ініцыятыва «Май з Марыяй», якая з’яўляецца спецыяльнай прапановай Ватыканскіх музеяў на кожную сераду і суботу і дае наведвальнікам магчымасць занурыцца ў прыгажосць Ватыканскіх садоў і прайсці да розных выяваў Марыі, якія тут знаходзяцца. «У марыйны месяц, — тлумачыць сястра Эмануэла, — па серадах мы запрашаем пілігрымаў наведаць нас пасля папскай аўдыенцыі ў межах гэтага адмысловага адкрыцця садоў у гонар Маці Божай. Акрамя таго, у суботу раніцай, у дзень, які традыцыйна прысвечаны Марыі, наведвальнікі таксама могуць здзейсніць гэтую пілігрымкавую экскурсію». Каралева супакою «Май з Марыяй, — працягвае законніца, — гэта экскурсія, якая ўключае 10 прыпынкаў каля самых важных фігур і выяваў Маці Божай. Гэта сугучна з „дзясяткам“ ружанцовай малітвы, і таму ў гэты час, калі ў свеце так неспакойна, пры кожнай выяве Марыі мы будзем маліцца за мір у свеце. Варта ўзгадааць, што ў садах ёсць 27 розных выяваў Багародзіцы: дастаткова для таго, каб можна было з поўным правам сказаць, што гэта Яе сады. Марыя — Каралева супакою, таму такім чынам належыць маліцца за мір у свеце», — сцвярджае сястра Эмануэла. Малітва Папы Выявы Марыі, прапанаваныя ў туры «Май з Марыяй», звязаныя з пабожнасцю людзей, якія ў час вайны звярталіся да Багародзіцы, каб прасіць міру. Адносна Маці Божай Фацімскай і канфлікту ва Украіне сястра Эмануэла адзначае: «Папа Францішак пайшоў за заклікам Фацімы, прысвяціўшы справу міру Каралеве супакою. Падчас нашага візіту мы прамаўляем гэтую ж малітву перад фігурай Маці Божай Фацімскай у лучнасці з інтэнцыямі Святога Айца». Міласэрнасць, шлях да трывалага супакою Шпацыруючы па Ватыканскіх садах, мы сустракаем яшчэ адзін прыклад заступніцтва Марыі ў справе міру: Маці Міласэрнасці, створаную Рэнатай Мінута пры ўваходзе ў шале Льва XIII. «Маці Божая аб’явілася фермеру Антоніё Ботта ў 1536 годзе. У гэты перыяд Савона аддавала ўсе свае сілы на вайну супраць Генуэзскай Рэспублікі. Марыя аб’явілася, каб заклікаць абодва бакі да міру, заахвоціўшы іх кіравацца міласэрнасцю, а не справядлівасцю, і такім чынам пакласці канец канфлікту. Аб’явіўшыся як Маці Божая Міласэрнасці, наша Маці вучыць нас таму, як дасягнуць трывалага міру. Гэта тое, што Яна хоча, каб мы памяталі сёння ў нашым ахопленым войнамі свеце. Адзіны спосаб спыніць вайну — прабачэнне!» — кажа кіраўніца адуцкацыйнага аддзела Ватыканскіх музеяў. Духоўнасць Ватыканскіх садоў Прырода, фантаны, старажытныя артэфакты, статуі Панны Марыі і святых спрыяюць стварэнню таго, што можна назваць «духоўнасцю Ватыканскіх садоў», прытулку малітвы і сузірання, якое цанілі і адчувалі Наступнікі Пятра. «У гэтым цудоўным месцы Папы Ян Павел ІІ і Бэнэдыкт XVI мелі звычку штодзённа шпацыраваць, што было для іх момантам адпачынку і малітвы. Папа Францішак, як і яго папярэднікі, таксама ўпрыгожыў сады фігурай Панны Марыі з Лухана, зробленай з перапрацаваных матэрыялаў, каб нагадаць нам, што нішто не страчана, нішто не адкінута, але ўсё мае сэнс у цудоўнай працы Бога. У пэўным сэнсе, сад адлюстроўвае вучэнне Папаў, і гэта таксама дае нам важнае пасланне», — кажа сястра Эмануэла Эдвардс. Наведванні, прапанаваныя на ўэб-сайце Ватыканскіх музеяў, даступныя для ўсіх, у тым ліку для сем’яў з дзецьмі і людзей з сэнсарнымі, рухальнымі і інтэлектуальнымі парушэннямі.
Аўторак, 30 красавіка
Панядзелак, 29 красавіка
Пятніца, 26 красавіка
Серада, 24 красавіка
Пятніца, 19 красавіка
Чацвер, 18 красавіка
Серада, 17 красавіка
Аўторак, 16 красавіка
Панядзелак, 8 красавіка
Серада, 3 красавіка
Нядзеля, 31 сакавіка
Серада, 20 сакавіка
Аўторак, 19 сакавіка
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа