Пошук

21.05.2024 20:11   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Андрэй Памецька / Catholic.by

У нядзелю 19 мая, ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч здзейсніў унясенне рэліквій благаслаўлёных Юзафа і Вікторыі Ульмаў і іх дзяцей, мучанікаў Другой сусветнай вайны, у парафіяльны касцёл святога Мікалая, біскупа, у Свіры (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Мядзельскі дэканат).

Першыя ў Беларусі рэліквіі благаслаўлёнай сям’і Ульмаў перадаў ксёндз прэлат Тадэвуш Гук, шматгадовы духоўны айцец варшаўскай семінарыі, духоўны айцец святароў Варшаўскай архідыяцэзіі, які на працягу многіх гадоў быў дабрачынцам парафіі святога Мікалая, біскупа, у мястэчку Свір на Мядзельшчыне.

Прадстаўнік Папы Францішка ўжо ў другі раз наведаў гэтую сціплую местачковую супольнасць: у снежні мінулага года ён узначаліў тут урачыстасць у гонар святога Мікалая, нябеснага заступніка свірскай парафіі.

Гэтым разам Апостальскі нунцый увайшоў у свірскі касцёл, трымаючы ў руках невялікі рэлікварый з парэшткамі благаслаўлёных мучанікаў Другой сусветнай вайны.

У святыні, дзе рэліквіі застануцца ўжо назаўжды, яны былі з пашанаю змешчаны перад алтаром.

Вітаючы высокага госця, шматгадовы свірскі пробашч ксёндз канонік Багуслаў Маджэеўскі, дэкан Мядзельскі, які 21 мая адзначае 30-годдзе святарства, перадусім сказаў:

«Сёння разам з намі благаслаўлёная сям’я Ульмаў. Звычайныя вялікія людзі, для якіх Евангелле стала сэнсам іх жыцця. 24 сакавіка 1944 года яны склалі сваё жыццё як ахвяру ўсеспалення на алтар любові да Бога і чалавека і загінулі ад рук нямецкіх акупантаў разам са сваімі габрэйскімі сябрамі».

Сям’я Ульмаў з польскай вёскі Маркова была забітая гітлераўцамі за ўкрыванне габрэяў. Спачатку забілі іх, а потым усю сям’ю Ульмаў — Юзафа, Вікторыю і іх шасцёх дзяцей: Стася, Басю, Уладзя, Франя, Антося і Марысю. Самаму старэйшаму з іх было 8 гадоў, наймалодшаму — паўтара гадкі. У дзень мучаніцкай смерці Вікторыя была на познім тэрміне цяжарнасці, і з прычыны стрэсу, звязанага з расстрэлам, у яе пачаліся роды.

Іх беатыфікацыя адбылася 10 верасня мінулага года. Упершыню ў гісторыі Касцёла была беатыфікавана цэлая сям’я, ў тым ліку і ненароджанае дзіцятка.

«Асобаю, якая злучае благаслаўлёных Добрых Самаранаў з польскай вёскі Маркова са Свірам, з’яўляецца наш зямляк, які нарадзіўся ў Юстынове, у нашай парафіі, ксёндз Ян Сялевіч. „Святы чалавек“, як казалі пра яго ўратаваныя ім габрэі з віленскага гета. <…>

Нашыя героі часоў вайны вучаць нас, як перамагчы духа гэтага свету і не дазволіць бязбожнай, бесчалавечнай рэчаіснасці паглынуць сябе», — падкрэсліў свірскі пробашч на заканчэнне прывітальнага слова, пасля чаго Апостальскага нунцыя прывіталі вернікі парафіі.

Прадстаўнік Святога Айца ў нашай краіне ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы, у якой бралі ўдзел Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі Монсіньёр Кшыштаф Сэрока, святары з бліжэйшых парафій з трох дыяцэзій, а таксама вялікая колькасць вернікаў з наваколля, што знаходзіцца на памежжы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Віцебскай і Гродзенскай дыяцэзій, на тэрыторыі даўняга Віленскага краю.

У прамоўленай гаміліі нунцый Ёзіч перадусім сказаў, што шчаслівы зноў быць у Свіры «у гэты дзень Пяцідзесятніцы, калі Касцёл святкуе Спасланне Духа Святога на Марыю і Апосталаў, сабраных разам у Вячэрніку».

«Дарагія браты і сёстры, сёння мы ўсе запрошаны прыняць дары Духа, якія атрымліваем у сакрамэнтах і якімі ўзбагачаем наш Касцёл. Папа Францішак часта нагадвае нам, што Святы Дух яднае нас у нашай разнастайнасці, а Касцёл пабудаваны на еднасці і прабачэнні. Мы не можам шукаць разнастайнасці без адзінства, — кажа Папа, — ні адзінства без разнастайнасці», — нагадаў прадстаўнік Пантыфіка ў Беларусі. Ён дадаў, што Дух стварыў «разнастайнасць і адзінства», сфармаваўшы такім чынам «новы, разнастайны і адзіны народ: паўсюдны Касцёл».

«Вось чаму мы не можам быць хрысціянамі, калі не аб’яднаныя як сапраўдныя браты і сёстры», — падкрэсліў іерарх.

Акрамя таго, адзначыў ён, каб быць новым народам, трэба мець «новае сэрца», здольнае на прабачэння. «Прабачэнне вызваляе сэрца і дазваляе нам пачаць нанава: прабачэнне дае надзею, без прабачэння нельга пабудаваць Касцёл», — заўважыў нунцый Ёзіч.

«Дарагія браты і сёстры, сёння асаблівым чынам молімся да Духа Святога аб супакоі ў свеце, асабліва ў блізкіх нам краінах, якія знаходзяцца ў канфліктах. Памолімся, каб Ён залячыў раны вайны і варожасці, якія часта закранаюць нявінных людзей», — заахвоціў удзельнікаў святой Імшы прадстаўнік Папы. Ён дадаў, што «сёння, на жаль, мы жывем у свеце, поўным разладу, войнаў, у якім правіцелі не могуць знайсці рашэнні для мірнага суіснавання, але свет рухаецца да ўсё больш глыбокай трагедыі. Неабходна, каб Святы Дух прасвятляў лідэраў кожнага народа і кожнай нацыі, каб яны маглі вызначыць правільныя і жыццяздольныя шляхі выратавання нашага свету ад пагібелі», — сказаў ватыканскі дыпламат.

Гаворачы пра ўнясенне ў святыню рэліквій мучанікаў, Апостальскі нунцый падкрэсліў, што «благаслаўлёныя Юзаф і Вікторыя Ульмы з сямю дзецьмі, якія падчас Другой сусветнай вайны ў Польшчы спрабавалі ратаваць яўрэйскія сем’і ад нацысцкага пераследу, сталі ўзорам для наследавання, як любіць Бога і іншых».

«Жадаю, каб рэліквіі новых благаслаўлёных, змешчаныя ў гэтым касцёле, сталі канкрэтным папярэджаннем аб тым, што гісторыя больш не павінна паўтарыцца. Няхай яны служаць заахвочваннем да малітвы за ўсіх нявінных ахвяр, да павагі да кожнага чалавека ад самага пачатку жыцця да натуральнай смерці», — выказаў пажаданне нунцый Ёзіч.

Напрыканцы гаміліі ён павіншаваў ксяндза Багуслава Маджэеўскага з 30-годдзем святарства, падзякаваў за яго вернае служэнне і перадаў сімвалічны падарунак ад Папы Францішка — адмысловы ружанец.

Біскуп Юрый Касабуцкі таксама выказаў словы віншавання і падзякі свірскаму пробашчу ад імя Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага і ад усяго беларускага епіскапату. Акрамя таго, душпастыра павіншавалі яго парафіяне і вернікі суседніх парафій.

Пасля Імшы нунцый Ёзіч памаліўся на свірскіх могілках, дзе пахаваны ксёндз Ян Сялевіч, які памёр у 1943 годзе падчас святой Імшы.

У 2000 годзе святар за свой гераічны ўчынак, звязаны з сур’ёзнай рызыкай для жыцця, быў удастоены Дзяржавай Ізраіль звання «Праведнага сярод народаў свету». Адпаведны медаль і ганаровы дыплом захоўваюцца з таго часу ў Свірскім школьны музеі, а падчас працэсіі з дарамі падчас святой Імшы яны былі прынесены да алтара.

На могілках нунцый Ёзіч запаліў зніч і ўсклаў кветкі на сціплай магілцы ксяндза Сялевіча.

Прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне таксама ўсклаў кветкі да брацкай магілы воінаў, якія загінулі падчас Другой сусветнай вайны ў ваколіцах Свіра.

На Свірскай горцы, дзе знаходзіцца ваеннае пахаванне, высокага госця прывітаў былы старшыня Свірскага сельскага выканаўчага камітэта, дырэкатар ААТ «Свірагра» Віктар Субач, які пазнаёміў Апостальскага нунцыя Антэ Ёзіча з гісторыяй і сучаснасцю Свірскага краю — шчодрай і гасціннай зямлі блакітных азёраў, запаведных лясоў і шчырых, працавітых людзей розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў, якія жвыуць у міры і згодзе паміж сабою, як і іх продкі на працягу стагоддзяў.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця