Пошук

21.05.2024 08:48   Тэкст: Ганна Шаўчэнка / Фота: Віктар Ведзень, Леанід Мацко, Галіна Латышава / Catholic.by

19 мая ў мінскай парафіі Святога Духа (мікрараён Чыжоўка) вернікі мелі двайную нагоду для радасці — адзначылі парафіяльную ўрачыстасць, што супадае з днём нараджэння іх святыні, і ядналіся ў малітве перад спісамі цудадзейных абразоў Маці Божай, якія прыбылі ў парафію Святога Духа напярэдадні вечарам у межах перэгрынацыі па Беларусі.

17 выяваў Багародзіцы з розных санктуарыяў даставіла ў парафію ініцыятыўная група на чале з ксяндзом Станіславам Станеўскім CSsR, духоўным апекуном перэгрынацыі. Суботнім вечарам святар узначаліў цэлебрацыю Эўхарыстыі і прамовіў гамілію.

На пачатку ўрачыстай святой Імшы пробашч парафіі ксёндз канонік Ян Крэміс нагадаў усім прысутным вернікам, што роўна 12 гадоў таму, 19 мая 2012 года, адбылося благаслаўленне тэрыторыі пад будаўніцтва касцёла і вуглавога каменя будучай святыні.

Сёння можна з радасцю назіраць, як расце і развіваецца парафія, як Хрыстус у новазбудаваным касцёле прыцягвае да сябе ўсё новых вернікаў.

У той памятны гістарычны дзень на ўрачыстасці, якая папярэднічала будаўніцтву святыні, прысутнічаў ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк, і гэтым разам ён зноў прыбыў у парафію Святога Духа, каб узначаліць тут цэлебрацыю святой Імшы і заахвоціць вернікаў з поўным даверам даручаць сябе Маці Божай. Менавіта ксёндз Уладзіслаў з’яўляецца ініцыятарам і натхняльнікам перэгрынацыі спісаў цудадзейных абразоў Багародзіцы. Напачатку гэтая акцыя адбывалася ўздоўж межаў Беларусі, а цяпер працягваецца па шматлікіх парафіях нашай Бацькаўшчыны.

У прамоўленай гаміліі ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, віншуючы парафіянаў з урачыстасцю Спаслання Духа Святога, параўнаў святыню з Вячэрнікам, дзе мы знаходзімся ў няспынным чуванні і атрымліваем Божае благаслаўленне на штодзённае жыццё і выкананне Божай волі ў сваіх справах і абавязках, радасцях і цяжкасцях. Адсюль Езус пасылае нас прапаведаваць Добрую Навіну, несці іншым радасць жыцця.

Святар узгадаў евангельскі аповед пра цудоўнае размнажэнне хлябоў, калі Апосталы, усхваляваныя просьбаю Езуса накарміць шматтысячны натоўп, не маючы столькі патрэбнай ежы, усё ж даверыліся Хрысту і пачалі аддана выконваць Яго наказ.

«Рабі тое, што табе падказвае сумленне, абвяшчай свету Евангелле ўчынкамі і малітвамі — і ласка Божая дапоўніць тваё сведчанне, азарыць іншага чалавека, адкрые яго сэрца на Божае слова», — заахвочваў ксёндз Уладзіслаў.

Звяртаючы ўвагу вернікаў на прысутныя ў святыні абразы Маці Божай, святар заўважыў, што Маці Божая няспынна чувае разам з намі і, як калісьці ў Кане Галілейскай, сама прыходзіць да нас і просіць: «Тое, што Ён скажа вам, зрабіце» (Ян 2, 5). Багародзіца запрашае нас наведаць Яе санктуарыі — у некаторых святынях Яна ў сваіх цудадзейных абразах ужо не адно стагоддзе сустракае сваіх дзяцей, каб выслухаць іх просьбы і напоўніць надзеяй на Божую міласэрнасць. Святар падчас гаміліі асаблівым чынам заахвочваў вернікаў да штодзённай малітвы на ружанцы і супольнай сямейнай малітвы.

Напрыканцы святой Імшы адбылося Маёвае набажэнства і ўрачыстая працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам вакол касцёла.

Копіі цудадзейных абразоў Маці Божай застануцца ў касцёле Святога Духа да 27 мая — у апошні дзень перэгрынацыі тут адбудзецца Акт прысвячэння парафіі Маці Божай.

Вернікі парафіі Святога Духа шчыра дзякуюць ксяндзу каноніку Уладзіславу Завальнюку за супольную малітву, за перэгрынацыю абразоў Маці Божай і віншуюць яго з 50-годдзем святарства, якое ксёндз канонік адзначыць 26 мая.

За паўстагоддзя руплівага служэння гэты святар зрабіў неацэнны ўнёсак у адражэнне і развіццё Каталіцкага Касцёла ў нашай Бацькаўшчыне.

Парафіяне трапна заўважаюць, што гэта «святар-гісторыя», «святар-сучаснасць» і прыклад веры, таму жадаюць яму невычэрпных духоўных і фізічных сілаў, энтузіязму і натхнення на далейшыя гады адданага святарскага служэння, шчодрых дароў Духа Святога і клапатлівай апекі Найсвяцейшай Панны Марыі. Са свайго боку парафіяне абяцаюць шчырую малітву за святара і за яго працу на ніве Божай.

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа