Пошук

03.05.2024 15:36   Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Аляксандра Шчыглінская / Catholic.by

2 мая ў Гродне прайшоў дзень засяроджання для духавенства і законных сясцёр, якія нясуць служэнне ў Гродзенскай дыяцэзіі.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, удзельнікі сустрэчы слухалі канферэнцыі, маліліся перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, мелі магчымасць прыступіць да споведзі.

Завяршылася сустрэча Эўхарыстыяй у катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і на якой сабраліся шматлікія святары, свецкія вернікі, студэнты Міждыяцэзіяльнай семінарыі.

Сход духавенства дыяцэзіі праходзіў напярэдадні імянінаў біскупа Аляксандра, і на Імшы маліліся ў яго інтэнцыі.

Акрамя таго, малітва ўзносілася ў інтэнцыі новых пакліканняў да служэння ў Касцёле, у інтэнцыі сем’яў дыяцэзіі, за дзяцей, якія прыступаюць да Першай Камуніі, і моладзь, якая рыхтуецца да канфірмацыі.

У прамоўленай гаміліі біскуп намінат Уладзімір Гуляй, прызначаны каад’ютарам Гродзенскай дыяцэзіі, засяродзіў увагу на фрагменце Евангелля, прапанаваным для разважання ў гэты дзень.

«Мы былі абраныя для радасці і любові. У гэтым свеце ў нас ёсць місія — паказаць, што значыць любіць бліжняга, любіць адзін аднаго», — сказаў святар, які 25 мая ў Гродне прыме біскупскае пасвячэнне.

Ён дадаў, што сённяшні час адзначаны пакутамі, незадаволенасцю, адчуваннем небяспекі і няўпэўненасці. «Аднак мы, хрысціяне, ведаем, што жыццё на гэтай зямлі — толькі пераходны этап, які набліжае нас да сапраўднага жыцця, у якім кожная сляза будзе выцерта і кожнае жаданне шчасця будзе цалкам рэалізавана», — падкрэсліў біскуп намінат.

Ён пажадаў кожнаму з прысутных быць упэўненым у гэтым і адчуваць, што «Езус мяне любіць». Біскуп намінат Уладзімір Гуляй заахвоціў усіх прабываць у Езусе, дадаўшы, што «тады ў небе мы будзем размаўляць пра плёны гэтага».

Напрыканцы літургіі ксёндз канонік Генрых Яблонскі выказаў віншаванні біскупу Кашкевічу ад імя духавенства і законных сясцёр, якія служаць у Гродзенскай дыяцэзіі.

Ксёндз Дзяніс Крываносаў SAC, дарадчык у Гродзенскай дыяцэзіі Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі, павіншаваў іерарха ад імя кансэкраваных асобаў. Біскупа павіншавалі таксама семінарысты і навучэнцы Тэалагічнага каледжа імя святога Казіміра ў Гродне.

Біскуп падзякаваў усім за прысутнасць, памяць і малітву.

Іерарх дадаў, што нястомна дзякуе Богу за кожнага святара, законную сястру і верніка, якія разам утвараюць дыяцэзіяльную сям’ю.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця