Пошук

03.12.2018 16:22   Пераклад і адаптацыя: Тэрэса Клімовіч / Catholic.by

Першы тыдзень Адвэнту сімвалізуе надзею. Пачынаючы сваё Евангелле словамі «На пачатку», Ян хацеў паказаць, якой сталай і нязменнай застаецца Божая прысутнасць у жыцці кожнага чалавека. Споўніцца кожная надзея, ускладзеная на Яго.

Супакой

Большасць людзей здольныя глыбей увайсці ў малітву, калі паклапоцяцца пра свой унутраны супакой. Таму ў пачатку кожнай штодзённай малітвы мы будзем прапаноўваць адно практыкаванне супакою і праводзіць вас праз яго. Напэўна, некаторыя з іх будуць больш дзейснымі за іншыя, таму адзначайце, што найлепей дапамагае вам, каб карыстацца гэтым далей у падрыхтоўцы да малітвы.

Сёння мы звернем увагу на супакой розуму. Спачатку ўслухайцеся ў навакольны шум… Магчыма, вы чуеце гукі вуліцы або прыроды… Магчыма, шум працы хатніх электрычных прыладаў… Што б вы ні пачулі, адзначце для сябе гэтыя гукі і адпусціце іх. Пачніце факусіраваць увагу толькі на жыццядайным дыханні, якім адорвае вас Бог. Усведамляйце кожны ўдых… і выдых… Заставайцеся з гэтым некаторы час, рыхтуючыся ўвайсці ў малітву.

Святое Пісанне

Ян 1, 1-3
На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова. Яно было ў Бога на пачатку. Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не сталася з таго, што сталася.

Разважанне

У адрозненне ад іншых евангелістаў, Ян не згадвае першае Божае Нараджэнне: няма анёлаў, якія абвяшчаюць Добрую Навіну, не згадваюцца пастухі, каралі, яслі, Ірад...

Замест гэтага Ян з глыбокім перакананнем адкрывае нам, кім быў Езус і адкуль Ён прыйшоў. Словы, якія выкарыстоўвае Ян, кажучы, што Езус быў з Богам ад пачатку часоў, гучаць, бадай, занадта абстрактна. Нам больш камфортна з гісторыямі, звязанымі з нараджэннем Езуса, якія мы чуем у іншых Евангеллях.

Як мова Яна Евангеліста ўздзейнічае на вас? Ці адразу вы зразумелі, што ён гаворыць пра Езуса? Толькі пазней, у 17-м вершы, Ян ужывае імя «Езус»… Чаму, як вам здаецца, Ян вырашыў не вымаўляць імя Езуса на самым пачатку свайго Евангелля?

У першым вершы Ян выкарыстоўвае тэрмін «Слова» тройчы. У грэцкім арыгінале — Logos. Гэты тэрмін быў добра знаёмы філосафам Грэцыі таго часу і звычайна ўжываўся для апісання прынцыпу ўпарадкаванасці, які праходзіць скрозь усю рэчаіснасць і ператварае гэтую рэчаіснасць з хаосу і бязладдзя ў нешта, што мае сэнс і накірунак.

Як гэтая ідэя суадносіцца з досведам таго ўплыву, які аказвае на вашае жыццё Езус? Калі і як Езус аднавіў зламаныя, хаатычныя часткі вашага жыцця, ацаляючы іх, вяртаючы ім сэнс? Калі і як Езус даў магчымасць і вам стаць ратункам і суцяшэннем для іншых людзей? Падумайце пра тых, каму вы дапамаглі — блізкім, сябрам, суседзям або тым, з кім вашыя шляхі перасякліся толькі аднойчы, — няхай яны будуць у вашым сэрцы ў гэтыя хвіліны малітвы.

Як вы думаеце, што азначае «Усё праз Яго сталася»? Паразважайце над гэтым у святле слоў, напісаных св. Паўлам у першым раздзеле Паслання да Каласянаў: «Бо ў Ім было створана ўсё, што на нябёсах і на зямлі, бачнае і нябачнае: ці троны, ці панаванні, ці начальствы, ці ўлады — усё праз Яго і для Яго створана» (Клс 1, 16).

Першы тыдзень Адвэнту сімвалізуе надзею. Пачынаючы сваё Евангелле словамі «На пачатку», Ян хацеў паказаць, якой сталай і нязменнай застаецца Божая прысутнасць у жыцці кожнага чалавека. Споўніцца кожная надзея, ускладзеная на Яго. З якімі надзеямі вы распачынаеце гэты шлях Адвэнту — для сябе, іншых, свету...?

Размова з Богам

Ян гаворыць нам, што «Слова было ў Бога», і тым самым прапануе кранальны вобраз, дзе Сын прабывае са сваім Айцом у любові. Хоць Яны розныя і асобныя адзін ад аднаго, няма ніякіх бар’ераў паміж Ямі.

Цяпер, у самым пачатку гэтых рэкалекцый, спытайцеся ў сябе: ці ёсць якая-небудзь перашкода, што час ад часу блакіруе будаванне блізкіх адносінаў з Богам? Езус запрашае зламаць гэтыя бар’еры і дазволіць сабе быць ахопленымі Яго безумоўнай любоўю і прыняццем, каб затым «гаварыць з Богам, як сябар гаворыць з сябрам», паводле парады св. Ігнацыя.

Называючы Езуса «Словам», Ян таксама нагадвае нам, што Ён — сапраўдны Божы голас у свеце і для свету. Прыслухайцеся да Яго. Зараз менавіта той самы момант, каб пачуць, што гаворыць Ён, і адказаць Яму так, як падказвае сэрца і розум.

Словы «На пачатку» пераносяць нас далёка назад — да першых радкоў Кнігі Быцця, калі Бог ствараў свет. І сказаў Бог: «Няхай станецца святло. І сталася святло». Гэтак жа, як Ён даў свету быццё, так Ён кіруе маім жыццём, калі я з даверам аддаю сябе ў Яго рукі. Якія аспекты жыцця патрабуюць асаблівай увагі і кіравання ў дадзены момант? З верай у перамяняльную і любячую моц Бога прынясіце гэтыя цяжкасці Яму, які ведае, як пакіраваць вашым жыццём.

«Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не сталася з таго, што сталася» (Ян 1, 3). Папа Францішак нагадвае нам, што «ўвесь матэрыяльны сусвет — гэта мова любові Бога, Яго бязмежнай любові да нас. Зямля, вада, горы — усё з’яўляецца выражэннем пяшчоты Бога» (Laudato Si, 84). Рыхтуючыся прывітаць Езуса — Уцелаўлёнае Слова, — чаму б не прысвяціць некаторы час разважанню і ўдзячнасці за неверагодны цуд і дар стварэння? Часцей выходзьце на шпацыр, пасадзіце якое-небудзь насенне, паклапаціцеся пра сартаванне адходаў, змайструйце кармушку для птушак… І памаліцеся аб ласцы з большай любоўю і павагай ставіцца да ўсяго Божага стварэння.

Узгадайце словы, вобразы, якія вас асаблівым чынам закранулі, і прабывайце з імі некалькі хвілін у ціхай малітве.

***

Матэрыялы падрыхтаваныя ў сумеснай працы з сайтам prastoramalitvy.by

Абноўлена 22.12.2018 00:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця