Пошук

16.04.2014 00:00  

Вялікдзень — гэта свята пераходу ад няволі смерці да свабоды вечнага жыцця, свята аднаўлення ўсяго стварэння ў Езусе Хрысце. Вялікдзень таксама называюць Пасхай, што з габрэйскай мовы азначае пераход.

Свята Вялікадня ўзяло свой пачатак ад габрэйскай Пасхі, святкаванне якой было звязана з выйсцем выбранага народу з егіпецкай няволі ў абяцаную зямлю. Габрэі святкавалі Пасху ў 14-ы дзень луннага месяца Нісан. Менавіта тады і адбылася Хрыстовая Пасха, пераход Езуса праз смерць да хвалы ўваскрасення.

На Нікейскім Саборы ў 325 годзе было прынята, што Вялікдзень у Касцёле будзе адзначацца ў першую нядзелю пасля першага вясенняга паўналуння.

Адным з атрыбутаў велікодных дзён з’яўляецца фарбаванае (пераважна чырвонае) яйка. Паводле біблейскага падання, Марыя Магдалена прынесла ў падарунак рымскаму імператару Ціберыю чырвонае яйка як сімвал невіноўнасці Хрыста і сведчанне таго, што ўвесь свет адказны за Яго пралітую кроў. Акрамя таго, яйка — сімвал кругазвароту і бясконцасці жыцця. У Беларусі дагэтуль існуе звычай прыносіць велікодныя яйкі ў падарунак. Першапачаткова яйкі фарбавалі ў чырвоны колер (крашанкі), пазней — размалёўвалі рознымі ўзорамі (пісанкі).

Яшчэ адна прыкмета Вялікадня ў Беларусі — валачобніцтва. Гуртамі ў 8-10 чалавек вяскоўцы хадзілі па хатах на чале з «пачынальнікам». Апошні меў самую адказную місію — ён спяваў валачобную песню, якая магла мець да 150 радкоў. Астатнія — «падхватнічкі» — спявалі рэфрэн. У гурце абавязкова былі музыкі. Гаспадары шчыра адорвалі валачобнікаў пачастункамі. У сусветнай традыцыйнай культуры валачобныя песні захаваліся і зафіксаваны толькі ў беларусаў.


Асвячэнне велікодных страваў

У кожнай сям’і раніцай у Вялікую суботу рыхтуюцца стравы да асвячэння. Хлеб прыпамінае «хлеб жывы, які сышоў з нябёсаў», вяндліны ці велікодны баранак — на ўспамін пасхальнага баранка, а таксама яйка — сімвал новага жыцця, якое нясе ўваскрослы Хрыстус, і соль, якая ахоўвае нас ад сапсаванасці. Велікодны баранак сімвалізуе біблейскага пасхальнага баранка, які быў прадвесцем Баранка-Хрыста, забітага і ўваскрослага, які сваёй крывёй збавіў свет ад вечнай смерці. На велікодны стол таксама пажадана падаць асвечаную соль, хрэн і перац, якія прыпамінаюць біблейскія горкія травы.


Велікоднае сняданне ў коле сям’і

Урачысты стол накрываецца белым абрусам з залатой стужкай, на які ставяцца галінкі вярбы, асвечаныя яйкі, прарошчаная пшаніца ці буйміна, барвенак ці самшыт. Зеляніна сімвалізуе новае жыццё, атрыманае падчас святога хросту. У цэнтры стала можа быць змешчаны сямейны пасхал, велікодны баранак і асвечаныя яйкі, хлеб і соль (т. зв. свянцонка). Таксама можна загадзя падрыхтаваць асвечаную ваду і крапідла.

Бацька запальвае сямейны пасхал і, уздымаючы яго, кажа:
Сапраўды Хрыстус Уваскрос. Аллелюя.

Усе адказваюць:
Дзякуем Пану Богу. Аллелюя.

Потым бацька чытае ўрывак са Святога Пісання (Лк 24, 36-43):
Чытанне з Евангелля паводле Лукі:
Калі яны казалі пра гэта, сам Езус стаў сярод іх і сказаў ім: «Спакой вам!» Збянтэжаныя і напалоханыя, яны думалі, што бачаць духа. Але Ён сказаў ім: «Чаму разгубіліся, і чаму сумненні ўзніклі ў вашых сэрцах? Паглядзіце на Мае рукі і ногі: гэта Я. Дакраніцеся да Мяне і пераканайцеся: дух не мае цела і касцей; як бачыце, Я іх маю». Пасля гэтых слоў Ён паказаў ім рукі і ногі. А калі яны ад радасці яшчэ не верылі і дзівіліся, Ён сказаў ім: «Ці маеце тут што з’есці?» Яны падалі Яму кавалак печанай рыбы. Ён узяў і еў перад імі. Гэта Слова Божае.

Усе адказваюць:
Хвала Табе, Хрыстэ.

Працягвае далей:
Няхай гэтая асвечаная вада нагадае нам нашае хроснае акунанне ў смерць і ўваскрасенне Хрыста і пакліканне да жыцця ў вольнасці Дзяцей Божых.

Бацька акрапляе асвечанай вадой усіх прысутных, увесь дом, двор і гаспадарчыя будынкі. Падчас акраплення можна заспяваць велікодную песню:
Уладарка неба, узрадуйся, аллелюя,
Бо Той, Каго пад сэрцам насіла, аллелюя,
Уваскрос Ён, як казаў нам, аллелюя
Богу за нас маліся, аллелюя
.

Бацька віншуе з Вялікаднем:
Умілаваныя, вестка аб уваскрасенні Хрыста перамяніла апосталаў і напоўніла ўсіх вялікай радасцю. Гэтую радасць адчуваюць усе вучні Хрыста на працягу вякоў. Няхай пачуццё радасці напаўняе і нашыя сэрцы. Жадаю ўсім нам, каб Уваскрослы Хрыстус назаўсёды пасяліўся ў нашым доме, а Яго супакой — у нашых сэрцах. На знак нашай узаемнай добразычлівасці і любові, якая яднае нас у супольнасць, падзелімся святочным яйкам — сімвалам жыцця. Агорнем нашай малітвай увесь свет і будзем прасіць нашага Бога:
Ойча наш...

Бацька працягвае:
Божа, Твой Адзінародны Сын перамог смерць і адчыніў нам брамы вечнага жыцця, учыні, каб разам з Ім мы дасягнулі нябеснай гасціны ў Тваім Валадарстве. Які жывеш і Валадарыш на вякі вечныя.

Усе адказваюць:
Амэн.

Бацька кожнаму падае кавалак асвечанага яйка, пасля чаго ўсе сядаюць за стол і з радасцю спажываюць велікодны пасілак. Пасля снядання ўсе моляцца словамі: За гэты пасілак, за ўсе Твае дабрадзействы і за пакліканне нас да вечнага жыцця праслаўляем Цябе, Божа, праз уваскрослага нашага Пана Езуса Хрыста, які з Табой жыве і валадарыць на вякі вечныя. Амэн.

Падрыхтаваў кс. Аляксей Юркайць

Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця