У 1917 г. у Фаціме (Партугалія) мелі месца аб’яўленні Маці Божай, падчас якіх Панна Марыя прадказала гісторыю чалавецтва ў ХХ стагоддзі, пераслед Касцёла і яго адраджэнне. У 2017 г. будзе святкавацца юбілей 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў. Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі зацвердзіла трохгадовы цыкл падрыхтоўкі да юбілею. Зыходзячы з фацімскіх аб’яўленняў, год 2014 будзе Годам малітвы, 2015 – Годам навяртання, 2016 – Годам надзеі.
Гэтае рашэнне было прынята на 55-м пленарным пасяджэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, якое адбылося 22 лістапада 2013 г.
13 мая 2009 г. у каталіцкім Касцёле ў межах падрыхтоўкі да 100-годдзя аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме распачалася Вялікая Фацімская Навэнна. Яна павінна дапамагчы ў духоўнай падрыхтоўцы да ўспаміну такой вялікай падзеі з гісторыі каталіцкага Касцёла ХХ стагоддзя, якой было аб’яўленне Маці Божай тром дзецям у партугальскім гарадку Фаціма 13 мая 1917 г. Падрыхтоўка да гэтай значнай падзеі мае таксама сваё вымярэнне і ў Касцёле Беларусі.
Маці Божая падчас фацімскіх аб’яўленняў казала аб неабходнасці пастаяннай малітвы, малітвы ў розных інтэнцыях, а асаблівым чынам за навяртанне ўсяго свету. Сёння многія хрысціяне не падтрымліваюць кантакту з Богам, які выражаецца праз малітву. Малітва для многіх перастала быць чымсьці істотным і важным. У многіх дамах і сем’ях яе месца займае прагляд тэлевізара, камп’ютарныя гульні або пустыя размовы ні аб чым. Чалавек вельмі часта гаворыць, што ў яго няма часу, каб памаліцца, бо ён мае шмат розных абавязкаў і заданняў, якія настолькі яго паглынаюць, што на ўсё іншае не хапае месца і часу, у тым ліку і на малітву. Такая пазіцыя і такія адносіны да малітвы могуць быць падобны да сітуацыі, калі б дзіця было настолькі пагружана ў свае справы і заданні, вучэнне ўрокаў, навучанне мовам, заняткі ў школе танца ці навучанне ігры на музычных інструментах, што ў яго не было б часу размаўляць са сваімі бацькамі. Таксама і бацькі, калі б не мелі часу размаўляць са сваімі дзецьмі, бо ўвесь час былі б на працы, зараблялі б грошы. Проста няма калі, бо столькі ўсяго, што невядома, як з усім гэтым парадзіць. З упэўненасцю можна сцвердзіць, што такія адносіны паміж дзецьмі і бацькамі не былі б нармальнымі, а зусім наадварот – гэта магло б стаць прычынай аддалення адзін ад аднаго, адсутнасці разумення нават у самых простых сітуацыях.
Штосьці падобнае адбываецца і ў адносінах з Богам, калі не стае малітвы. Кантакт з Нябесным Айцом заціраецца і, не ўсведамляючы гэтага, мы аддаляемся ад Яго. А тады пачынаюцца розныя жыццёвыя перавароты і сітуацыі, калі чалавек губляе сувязь і кантакт з Богам. Найбольш трапна, хіба, сказаў на гэтую тэму Томас Форэст: “Чалавек, які гаворыць, што не мае часу на маліву, проста яшчэ не верыць”. Слушна аб гэтым сказаў і кс. Ян Твардоўскі: “Калі любіш, заўсёды знойдзеш час, не маючы нават ніводнай хвіліны”.
Пастараемся паклапаціцца аб малітве ў сваім штодзённым жыцці, як да гэтага заклікае Марыя, Найсвяцейшая Маці, падчас аб’яўленняў у Фаціме. Асаблівым чынам паклапоцімся аб супольнай малітве ў нашых сем’ях, якая ў першую чаргу будзе яднаць усіх членаў сям’і. Сям’я павінна памятаць, што з’яўляецца сям’ёй не толькі падчас сямейных урачыстасцяў або падчас сняданку ці абеду, але таксама і ў справах веры, і на малітве. Няхай гэты год, калі мы будзем яшчэ больш разважаць над малітвай, дапаможа зразумець яе сэнс і неабходнасць у штодзённым жыцці.
Паводле "Слова Жыцця"
(AG)