У маі, спяваючы ларэтанскую малітву да Маці Божай, мы разважаем над тытуламі, якімі хрысціяне на працягу стагоддзяў праслаўлялі тую, якая з’яўляецца Маці Пана і нашай Маці. Што ўяўляе сабой літанія? Дзе шукаць пачаткі ларэтанскай літаніі? Якая тэалогія ў гэтай малітвы?
Грэчаскае слова lite або лацінскае litania азначае: просьба, маленне, выпрошванне. Словам «літанія» мы апісваем прыватную або публічную малітву, якая складаецца з шэрагу просьбаў, скіраваных да Бога, Езуса Хрыста, Святога Духа, Божай Маці або святых, а таксама просьбаў, спалучаных з заклікамі аб іх заступніцтве і апецы.
Генезіс літаніі як формы малітвы мы знаходзім у евангелічных тэкстах, дзе людзі, якія сустракаюць Езуса, заносяць да Яго свае просьбы-маленні (Езу, Сыне Давіда, змілуйся над намі; Пане, змілуйся над намі). Заклікі ў літаніях Касцёл далучыў да літургіі святой Імшы. Яны выкарыстоўваліся і выкарыстоўваюцца ў форме малітвы вернікаў. Трывалае месца ў літургіі мае адзіная літанія да ўсіх святых як элемент некаторых абрадаў (Крыжовыя дні — дні, якія папярэднічаюць урачыстасці Унебаўшэсця Пана, святарскае пасвячэнне, літургія Пасхальнай Вігіліі, асвячэнне алтара і касцёла).
У перыяд Сярэднявечча з’яўляюцца самі літаніі. Іх выкарыстанне акрэслівалі заканадаўчыя акты Апостальскай Сталіцы. Так, па прычыне таго, што казанні падчас Імшы святары замянялі літаніямі, Апостальская Сталіца забараніла іх ужыванне без папярэдняга дазволу. Гэта адбылося ў 1601 годзе падчас Пантыфікату папы Клеменса VIII.
Сёння Касцёл пацвердзіў і дазволіў чытаць падчас публічных набажэнстваў наступныя літанні: да ўсіх святых (з XIV ст.); да Найсвяцейшага Імя Езуса (зацверджаная для ўсяго Касцёла ў 1886 годзе папам Леонам XIII); да Найсвяцейшага Сэрца Езуса (зацверджаная ў 1889 годзе); да Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста (зацверджаная ў 1960 годзе); ларэтанскую літанію да Найсвяцейшай Маці Божай (канчаткова зацверджана папам Бэнэдыктам XIV); да святога Юзафа (зацверджана ў 1909 годзе).
Гісторыя ларэтанскай літаніі пачыналася ў Францыі ў XIІ ст. Яна зарадзілася ў сярэднявечнай манаскай традыцыі і абапіралася на старажытныя марыйныя мадэлі, у прыватнасці, на малітвы Усходняга Касцёла, вядомыя як акафіст. У Ларэта гэтую літанію спявалі, пачынаючы з 1531 года. У ёй малітвы-заклікі скіраваны да адзінага Бога ў Святой Тройцы, 52 заклікі — да Маці Божай, тры заклікі — да Езуса Адкупіцеля.
Заклікі да Маці Божай, якія з’яўляюцца асноўнай часткай літаніі, падзяляюцца на тры групы: дагматычную (ад Святая Марыя да Панна верная); гісторыясофскую (ад Люстра справядлівасці да Успамога хрысціянаў) і эсхаталагічную (ад Каралева анёлаў да Каралева супакою).
Некаторыя тытулы Апостальская Сталіца даручыла змясціць толькі з часам. Апошнім быў тутул Каралева сем’яў, змешчаны ў ларэтанскай літаніі ў 1995 годзе.
Назва гэтай літаніі да Маці Божай пайшла ад невялікага мястэчка Ларэта ў цэнтральнай Італіі. Ларэта знаходзіцца на ўзгорку на вышыні 127 метраў над узроўнем мора і аддаленае на некалькі кіламетраў ад Адрыятычнага мора. Мястэчка было заснавана каля 1100 года ў месцы, парослым лаўровым гаем. Лацінская назва мясцовасці Laureturn паходзіць ад слова «лаўр», «лаўровы».
Аднак Ларэта славіцца перадусім марыйным санктуарыем, гісторыя якога сягае ў 1249 год. У 1291 годзе сям’ёй дэ Анджэліс у Ларэта быў дастаўлены дом Святой Сям’і з Назарэта. Захаваны дакумент ад верасня 1294 года сведчыць, што Нікіфар Дэ Анжэліс, уладар Эпіру, даў у пасаг сваёй дачцэ Ітхамар, якая выходзіла замуж за Філіпа з Таранта, сына Караля ІІ, караля Неапаля, апрача вялікай колькасці дароў таксама «святыя камяні, вынесеныя з дому нашай Пані, Дзевы, Маці Божай». Ад таго часу Ларэта — гэта перадусім санктуарый Назарэтанскага Доміка.
Дом Маці Божай быў змешчаны ў прыгожай базыліцы, збудаванай у форме лацінскага крыжа ў стылі позняй готыкі ў 1469 годзе. Ён складаўся з трох сцен. Усходняй сцяной, на месцы якой сёння знаходзіцца алтар, была скала з гроту, што знаходзіцца ў Назарэце. Усярэдзіне святога доміка над алтаром была змешчана фігура Маці Божай Ларэтанскай — Марыі з Дзіцяткам на левай руцэ. Гэтая фігура па загадзе папы Пія ХІ была ўпрыгожана каронамі.
Санктуарый у Ларэта з’яўляецца першым марыйным санктуарыем міжнароднага характару. Гэта санктуарый Слова Уцелаўлёнага, бо ў назарэтанскім доміку адбылося звеставанне і прызнанне Марыі: «Вось я, слуга Панская, няхай мне станецца паводле Твайго слова». Гэта санктуарый укрытага жыцця Езуса. У бацькоўскім доме, у Назарэце, Езус рыхтаваўся да сваёй публічнай дзейнасці і збаўчай місіі.
Санктуарый у Ларэта — гэта таксама санктуарый хворых. Сюды ў шматлікіх пілігрымках прыбываюць хворыя з усяго свету, каб прасіць Маці Божую аб суцяшэнні і дапамозе ў цярпенні. Да гэтага санктуарыя пілігрымавалі папы Ян ХХІІІ, Павел VI, Ян Павел ІІ, Бэнэдыкт ХVI.
Молячыcя словамі ларэтанскай літаніі, варта ведаць, дзе паўстала гэта малітва, і памятаць пра асаблівае месца на мапе марыйных санктуарыяў усяго свету, якое вучыць ціхаму сямейнаму жыццю на ўзор Езуса, Марыі і Юзафа, а таксама велікадушнаму і радаснаму спаўненню плана Божай любові. Дом Маці Божай у Ларэта нагадвае пра паставу поўную любові да Бога і планаў Яго збаўлення. Карыстаючыся багаццем гэтай малітвы, асабліва ў маі кожнага года, мы разважаем аб удзеле ў справе адкуплення і значэнні ў жыцці Касцёла Нявесты з Назарэта — найпрыгажэйшага ў маральным плане чалавека.
Паводле wiara.pl
Пераклад (JLS)