Пошук

07.06.2011 07:00   с. Нунэ Цітаян / Catholic.by

«Касцёл удзячны за ўсіх жанчын і за кожную з іх паасобку: за маці, за сясцёр і жонак; за жанчын, якія прысвяцілі сябе Богу ў дзявоцтве; за жанчын, прысвяціўшых сябе мноству людзей, якія патрабуюць любові, што прыносіцца ў дар іншым чалавекам; (...) за „цнатлівых“ і за „слабых“ жанчын — за ўсіх жанчын, бо яны былі задуманы Богам ва ўсёй прыгажосці і багацці іх жаноцкасці; бо яны былі агорнуты Яго вечнай любоўю; бо яны, разам з мужчынамі, падарожнічаюць па гэтай зямлі, часовай „айчыне“ ўсіх людзей, якая часам становіцца „далінай слёз“; бо яны, разам з мужчынамі, прымаюць агульную адказнасць за лёс чалавецтва, у тым, што датычыць яго паўсядзённых патрэбаў, і ў тым, што датычыць таго канчатковага прадвызначэння роду чалавечага, якое ў самім Богу, у лоне неспасцігальнай Тройцы». (Ян Павел ІІ, энцыкліка «Mulieris dignitatem» («Пра годнасць жанчыны»))

Можна весці доўгую палеміку і дэбаты адносна месца і ролі жанчыны ў сучасным грамадстве — гэта вельмі важна. Можна прымаць новыя законапраекты, якія абараняюць правы і інтарэсы жанчын, — гэта гуманна. Аднак хто можа знайсці адказ на самае галоўнае, істотнае пытанне: Што жанчыну робіць жанчынай? У чым заключаецца геній жанчыны? І як дапамагчы жанчыне раскрыць і рэалізаваць яе прадвызначэнне?

Мы занадта добра ведаем, як павінна выглядаць паспяховая і шчаслівая жанчына. У што яна павінна апранацца, які абутак насіць, як убірацца, якой карыстацца касметыкай. Адным словам, на гэта працуе цэлая індустрыя, якая, дарэчы, нядрэнна зарабляе на «шчасці і паспяховасці». Яна дыктуе жанчынам нават дэзадарант і гель для душа, якімі павінны карыстацца, каб стаць (а праўдзівей, лічыцца) больш паспяховымі. Цікава, хто стварае крытэрыі паспяховасці і шчасця жанчыны? Хто аўтар? Здагадайцеся самі. Я ж хачу звярнуцца да сапраўднага Аўтара — Стварыцеля, Айца кожнай жанчыны.

Са Святога Пісання мы даведваемся пра тое, што яна створана на вобраз і падабенства Божае. Кожная жанчына, як і мужчына, маюць боскае паходжанне. Ствараючы Еву, Бог называе яе ezer kenegdo: «…нядобра быць чалавеку аднаму; створым яму [ezer kenegdo]» (Быц 2,18). Звычайна [ezer kenegdo] перакладаюць як «памочнік, які адпавядае яму». Гэта падтрымка, якая заўсёды побач. Слова ezer сустракаецца ў Старым Запавеце толькі ў дванаццаці месцах і ў кожным выпадку выкарыстоўваецца, калі гаворка ідзе пра самога Бога, прычым у сітуацыі, калі чалавек адчайна патрабуе Яго дапамогі. Дарэчы, у большасці гэтых урыўкаў гаворка ідзе пра жыццё і смерць, а Пан Бог разглядаецца як адзіная надзея на выратаванне, як адзіны ezer. І калі Яго не будзе побач… вам канец. Таму больш рацыянальна перавесці слова ezer як «выратавальнік жыцця». А слова kenegdo азначае двайніка, які стаіць побач або насупраць. Прысутнасць Евы неабходна — у гэтым свеце ёй адведзена асаблівая роля. Адсюль вынікае, што жанчыны надзелены здольнасцю быць самаахвярнымі і адданымі, уменнем спраўляцца з неймавернымі цяжкасцямі. Яны валодаюць бачаннем, як зрабіць гэты свет больш прыстасаваным для жыцця.

Сучасны свет увасабляе вялікае супрацьстаянне мужчын жанчынам. Барацьба, суперніцтва, імкненне панаваць, маніпуляцыя, кантроль… У гэтай вайне ўсе па-свойму «цацы»… «Яна сама ва ўсім вінаватая!» «Ён сам вінаваты!» А поводле задумы Стварыцеля, яны павінны былі быць адным целам. І ўсё ж такі вернемся да пытання: Што жанчыну робіць жанчынай? У чым заключаецца геній жанчыны? І як дапамагчы жанчыне раскрыць і рэалізаваць яе прадвызначэнне?


Жаночае цела — не поле бітвы…

Неяк глядзела перадачу, прысвечаную наступствам Балканскай вайны. Жанчыны-воіны — жудаснае відовішча… Мяне ўразілі факты насілля над мірнымі жыхарамі, у прыватнасці, тысячы згвалчаных жанчын… Крыху менш выпадкаў нежаданай цяжарнасці. Жаночыя трагедыі, якія завяршаліся абортамі, забойствамі і адмаўленнем ад нованароджаных дзяцей вайны. А калі хто і вырашаў пакінуць дзіця, аўтаматычна станавіўся «чужым» сярод сваіх. З гэтага моманту «свае» і з ёй маглі паступать так жа, як і з варожымі жанчынамі. Аднак жаночае цела не можа быць полем бітвы. Жаночае цела — гэта не зямля, якую можна гвалтам захапіць і авалодаць ёю…


Адданыя жанчыны…

На працягу свайго жыцця я часта сутыкаюся з жанчынамі, якіх сістэматычна білі, з любой нагоды і без нагоды таксама. Мае браты ў падлеткавым узросце часта біліся са сваімі равеснікамі. Яны навучылі мяне майстэрству выслухоўваць і знаходзіць словы суцяшэння, я ведаю, як лячыць мужчынскія раны. Аднак калі да мяне прыходзілі збітыя жанчыны, я не ведала, як ім дапамагчы, толькі пранізлівы, поўны адчаю боль і слёзы спачування напаўнялі маё сэрца. Боль гэтых жанчын схавана ў пурпуры і ў цярновым вянку Езуса Хрыста. «Апранулі Яго ў пурпур і, сплёўшы цярновы вянок, усклалі на Яго… І білі Яго па галаве трысцінай, і плявалі на Яго, і, згінаючы калені, кланяліся Яму. А калі насмяяліся з Яго, знялі пурпур і апранулі ў Ягоную вопратку, і павялі Яго, каб укрыжаваць» (пар. Мк  15, 16–20).

Мужчынская рука, якая створана для таго, каб падтрымліваць, берагчы, абараняць і быць надзейнай апорай у жыцці, падымаецца на жанчыну. На маю думку, гэта здрада… Глупства, памылка, подласць і нават здрада не даюць нікома ніякага права падымаць руку на жанчыну. Зададзім сабе пытанне: «Што мы можам сказаць пра грамадства, у якім б’юць жанчын?»


Жанчына без будучыні

Паспяховая. Важная. Незалежная. Сучасная. Модная. Карыслівая. Вульгарная. Без комплексаў. Жорсткая. Чэрствая. Ці можа такая жанчына зразумець глыбіню фізічнага і духоўнага мацярынства і зведаць пачуццё радасці, якая зыходзіць ад яго?

Выпадак з жыцця. У маладой шчаслівай сужэнскай пары нарадзілася дзіця. Калі яму споўнілася 2 месяцы, муж стаў патрабаваць ад жонкі, каб яна перастала карміць немаўля грудзьмі, таму што, па яго словах, яе грудзі страчваюць уласцівую ім пругкасць. Ну як вам? Што мы ў першую чаргу цэнім у жанчыне: яе мацярынства ці задавальненне, якое можна атрымаць ад яе цела? Усе гэтыя малыя і вялікія раны, атрыманыя ад грамадства, нясуць у сабе пасланне для жанчыны: «Мацярынства — гэта вымушаная акалічнасць, і яна не самае галоўнае, што цэнім у табе». Мутацыя каштоўнасцяў… Мы так і не навучыліся выбіраць, што важна і неабходна, нас звычайна хіліць у бок эгаістычнага «хачу», а гэта — тупік.


Прададзеная годнасць…

У канцы 80-х пачала з’яўляцца рэклама. Мяне заўсёды здзіўляла, чаму аўтамабільныя шыны рэкламавала на выгляд сексуальна заклапочаная напаўапранутая жанчына? Напэўна, яна вельмі добра разбіраецца ў якасці рызіны, з якой зроблена кола? Наіўна і смешна... Калі мы такім жа чынам будзем глядзець на рэкламу, то жанчыны разбіраюцца ва ўсім: ад сантэхнікі, пластыкавых вокнаў, бензапілы да сінтэтычных алеяў.

Прымітыўна… Аднак прынада спрацоўвае. «На лаўца і звер бяжыць». Жанчына з’яўляецца вянцом тварэння, яна сваёю любоўю можа ўпрыгожыць жыццё мужчыны, напоўніць яго сэнсам, натхняць яго на подзвігі. А ў нашым выпадку жанчына натхняе на пакупку бензапілы «Дружба». Калі ласка, не здзіўляйцеся таму, што яна ў вашым жыцці будзе выконваць функцыю «пілы з вечным рухавіком». Вы скажаце: «Гэта звычайная рэклама». Я згодная. Я не супраць рэкламы, аднак супраць таго, каб рабіць таварам жанчыну. «Яны самі згаджаюцца на гэта, ніхто іх не прымушае, ім гэта падабаецца». Можа быць… Аднак давайце ўзгадаем просты закон эканомікі: «Калі няма попыту, не будзе і прапановы». Я сустракала жанчыну, якая насіла нават у летнія спякотныя дні кофту з доўгімі рукавамі, таму што яе рукі былі спаласаваныя нажом. Яна некалькі разоў рабіла спробу самагубства, каб пазбавіцца ад сексуальнага рабства, аднак сутэнёры «прыходзілі на дапамогу»… Дэградацыя жанчыны вядзе да гібелі нацыі.

С. Нунэ Цітаян MSF

Абноўлена 05.06.2017 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа