Пошук

09.01.2021 09:01   а. Віктар Жук SI / Catholic.by
Хрост Пана / Сatholicteacher.com

1 чыт.: Іс 55, 1–11;
Пс.: Іс 12, 2–3. 4bcd. 5–6;
2 чыт.: 1 Ян 5, 1–9;
Ев.: Мк 1, 7–11

Салідарнасць Езуса з намі

У апошнія тыдні ў літургіі мы сузіраем, як Бог аб’явіў і няспынна аб’яўляе сябе людзям: праз нараджэнне ў чалавечай постаці Божага Сына; заклікаючы мудрацоў з Усходу — прадстаўнікоў язычніцкіх народаў — прыйсці і пакланіцца нованароджанаму Збаўцы ўсяго чалавецтва; і ў сённяшнім свяце — праз хрост Езуса, якім распачынаецца Яго публічная дзейнасць сярод народа Ізраэля.

Мы добра ведаем, што такое хрост, бо практыка, якую выкарыстоўваў Ян Хрысціцель, стала адным з сакрамэнтаў Касцёла. Хрост Яна быў знакам пакаяння за грахі і навяртання да Божых шляхоў, таму сённяшні евангельскі эпізод выклікае пытанне: чаму Езус захацеў хрысціцца, калі Ён не меў патрэбы ў пакаянні ці навяртанні?

У Евангеллі паводле Мацвея Ян Хрысціцель, усведамляючы гэты факт, супраціўляецца таму, каб хрысціць Езуса. У адказ Езус кажа: «Так належыць нам выканаць усё, што справядліва». Для нашага Збаўцы найвышэйшая справядлівасць — быць салідарным з усімі тымі людзьмі, якія стаялі ў чарзе да Яна, не шукаць прывілеі і не адгароджвацца ад грэшнікаў, спасылаючыся на сваю бязгрэшнасць.

Езус не кажа чалавеку, які патрабуе дапамогі: «Гэта не мая праблема», але ўваходзіць у яго рэчаіснасць, максімальна набліжаючыся да яго.

Прызнаемся, што мы далёка не заўсёды наследуем такое стаўленне Езуса. Мы хутчэй скажам: «Гэта твая праблема» (і пра сябе дадаем «Сам у яе „ўляпаўся“ — сам вінаваты»). Можа, мы і гатовыя дапамагчы, але на нашых умовах, застаючыся на сваім месцы, не жадаючы па-сапраўднаму выйсці насустрач другому чалавеку і зразумець яго ці яе сітуацыю.

З іншага боку, можам таксама сказаць, што ў нас ёсць шчырае жаданне праявіць салідарнасць да нашага бліжняга, выканаць найважнейшую запаведзь, якая нам дадзена. Трэба толькі не паленавацца і, просячы натхнення Духа Святога (і дадаткова, магчыма, параіўшыся з кімсьці — або і запрасіўшы да супрацоўніцтва, каб было лягчэй і весялей), акрэсліць канкрэтныя крокі, вылучыць сродкі, вызначыць час… Але перш за ўсё — глядзець на прыклад Езуса, які ў хросце і ва ўсёй сваёй публічнай дзейнасці выходзіць насустрач, схіляецца над церпячым.

Салідарнасць — не проста маральны імператыў для нас, хрысціянаў, не проста сінонім «міласціны».

У салідарнасці ўцелаўляецца тая еднасць, знакам і сакрамэнтам якой, паводле жадання і задумы Пана, з’яўляецца Касцёл — Цела Хрыста.

«Адзін ёсць Пан, адна вера, адзін хрост, адзін Бог і Айцец усіх», — піша св. Павел (Эф 4, 5–6). Езус выходзіць з утоенасці свайго схаванага дагэтуль жыцця, «каб рассеяных дзяцей Божых сабраць у адно» (Ян 11, 52). Як члены адзінага Цела мы пакліканы жыць еднасцю, якая становіцца канкрэтнымі жэстамі салідарнасці з іншымі, перадусім найбольш патрабуючымі, усведамляючы, што і мы не можам існаваць без іх. Наш хрост, нашае прыняцце Цела Хрыста ў святой Камуніі — не проста нашая асабістая справа: праз гэтыя сакрамэнты мы ўдзельнічаем у вялікай таямніцы еднасці Касцёла, галава якога — Хрыстус-Збаўца, а ўсе члены яго звязаны паміж сабой дзякуючы жыватворчаму дзеянню Духа Святога.

Сведчанне Духа: быць у Езусе ўмілаванымі дзецьмі Айца

Падчас хросту Езуса на Яго сыходзіць Святы Дух і гучыць голас Бога Айца: «Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я». У хросце Езус атрымлівае намашчэнне Духа, моц Якога будзе суправаджаць Яго на працягу ўсёй Ягонай публічнай дзейнасці. Дзеянне Божага Сына неадлучнае ад дзеяння Духа Святога. «Ты Сын Мой умілаваны»: гэтыя словы — падсумаванне ўсёй «праграмы» Езуса, з якой Ён выходзіць да людзей.

Тая праўда, якую Ён ужо ведае ў Сваім сэрцы, цяпер становіцца Яго сведчаннем усім людзям: Сын Божы, умілаваны Айцом, пасланы адкрыць кожнаму чалавеку, што ўсе мы — умілаваныя дзеці Айца.

Каб словы, якія гучаць з адкрытых нябёсаў для Езуса і для нас, не заставаліся чымсьці далёкім, мы жадаем адчуць і прыняць іх глыбока ў сваім сэрцы: у іх заключана намашчэнне, якое і мы атрымалі ў сакрамэнце хросту. Яны — аснова нашай веры, якая «перамагае свет», як кажа апостал Ян у другім чытанні.

Мы прымаем гэтую праўду, нягледзячы на тое, што ўсведамляем: «Пане, я няварты…», як кожны раз кажам падчас Эўхарыстыі перад святой Камуніяй; нягледзячы на голас ворага, які хоча нас пераканаць, што ўсе згадкі пра Божую любоў — гэта лухта, і такім чынам аддзяліць нас ад Бога («д’ябал» — гэта той, хто падзяляе). Насуперак яму мы вучымся бачыць праявы Божага провіду, клопату і пяшчоты ў падзеях нашага жыцця — у тым ліку праз вялікія і малыя жэсты любові да нас ад тых, каго Пан ставіць на нашым шляху.

З другога боку, мы па-сапраўднаму спазнаем «смак» Божай любові, калі самі адважымся стаць яе ўцелаўленнем для іншых. Менавіта таму ў сваіх пісаннях св. Ян апостал няспынна падкрэслівае сувязь Божай любові да нас, нашай любові да Бога ў адказ і любові да бліжніх — Божых дзяцей і нашых братоў і сясцёр. Такім чынам, як піша апостал, мы выконваем Божыя запаведзі — не як наказы, а як запрашэнне ў гэтым свеце быць актыўнымі Яго супрацоўнікамі.

Езус сёння атрымлівае намашчэнне, каб распачаць сваю збаўчую місію — і ў гэтым Ён узор для ўсіх сваіх братоў і сясцёр, бо кожны з нас пасланы ў гэты свет, каб здзейсніць справу, якая даручана кожнаму асабіста.

Няхай Дух Святы адновіць сёння ў нас жаданне выконваць нашу жыццёвую місію на ўзор Езуса, нашага Збаўцы, Брата і Сябра. Амэн.

Абноўлена 07.01.2022 22:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа