Пошук
12.07.2018 16:15   Паводле: Vatican News / Catholic.by
© Vatican Media

12 ліпеня ў ватыканскай базыліцы св. Пятра дэкан Калегіі кардыналаў Анджэло Садана ўзначаліў цэлебрацыю пахавальнай св. Імшы за памерлага кардынала Жана-Луі Тарана, пасля якой папа Францішак правёў абрады апошняга даручэння спачылага і развітання з ім.

Па словах кардынала Садана, спачылы сабрат мужна служыў святому Хрыстову Касцёлу, нягледзячы на цяжар хваробы.

«У Евангеллі Езус нагадаў нам, у чым для хрысціяніна насамрэч заключаюцца благаслаўленні. <…> Менавіта гэтыя благаслаўленні заўсёды асвятлялі жыццё нашага дарагога спачылага брата, якія ззялі, нібы зоркі, на ягоным шляху», — сказаў дэкан Калегіі кардыналаў, адзначыўшы пры гэтым, што Жан-Луі Таран «доўгія гады быў сведкам вялікага апостальскага духу».

Пахавальную святую Імшу, на якой прысутнічаў папа Францішак і родная сястра спачылага Жэнэв’ева Дзюбэр, пры алтары ватыканскай базылікі канцэлебравалі кардыналы, арцыбіскупы і біскупы. Пасля заканчэння Эўхарыстыі Святы Айцец узначаліў абрады апошняга даручэння і развітання.

© Vatican Media

Кардынал Жан-Луі Таран, Камерленга Святога Рымскага Касцёла і старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, адышоў у вечнасць 5 ліпеня ў шпіталі ў Хартфардзе (ЗША) пасля працяглай цяжкай хваробы. У красавіку яму споўнілася 75 гадоў.

© Vatican Media

У 2013 г. кардынал Таран у якасці прадстаўніка Святога Айца Францішка, чыё абранне менавіта ён абвясціў усяму свету з балкона базылікі св. Пятра, узначаліў урачыстыя святкаванні з нагоды 400-годдзя знаходжання ў Будславе цудатворнага абраза Маці Божай.

Кардынал Жан-Луі Таран сярод пілігрымаў у Будславе

Спачылы кардынал пахаваны ў рымскай базыліцы св. Апалінарыя пры Тэрмах Нэрона-Аляксандра, якая з’яўлялася яго тытульнай дыяканіяй.

Абноўлена 13.07.2018 09:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця