Пошук

23.04.2019 14:08   Тэкст: Наталля Нікуліна / Фота: Карына Нікуліна / Catholic.by

20 красавіка, у Вялікую суботу, Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр наведаў парафію Багародзіцы Апякункі сем’яў у Ждановічах і благаславіў стравы на велікодны стол.

Гэта быў першы візіт Апостальскага нунцыя ў гэтую парафію, таму вернікі сустракалі іерарха хлебам-соллю каля капліцы.

Увайшоўшы ў капліцу, арцыбіскуп Габар Пінтэр укленчыў і памаліўся каля Гробу Пана перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Пасля прадстаўнік Святога Айца прывітаў парафіян з алтара і скіраваў да іх сваё слова, у якім адзначыў: «Езус Хрыстус памёр і ўваскрос дзеля нас і дзеля нашага збаўлення, каб мы жылі Божым жыццём і ўдзельнічалі ў вялікай радасці. Выражэннем гэтай радасці будзе наша сустрэча з уваскрослым Панам у Пасхальнай ахвяры святой Імшы, якую будзем цэлебраваць сёння ноччу. Урачыстасць Уваскрасення мы будзем з радасцю святкаваць таксама падчас супольнай гасціны ў нашых сем’ях.

Таму сёння мы прыносім для благаслаўлення некаторыя стравы, якія будзем спажываць у сям’і,і просім, каб Хрыстус напоўніў наша сэрца радасцю і ўзаемнай спагадай, а таксама ўзнагародзіў працу нашых бацькоў і блізкіх, якія прыгатавалі гэтыя стравы».

Пасля прагучалі словы Святога Пісання (Дз 2, 44–47) пра еднасць ерузалемскай супольнасці ў веры.

Арцыбіскуп Габар Пінтэр патлумачыў вернікам, што гэты ўрывак з Дзеяў Апосталаў «адкрывае перад намі момант жыцця супольнасці першых хрысціянаў».

«Прастата, адзінадушнасць, радасць і супакой. Гэта паветра Хрыстовага Касцёла, гэта атмасфера кожнай хрысціянскай супольнасці. Хрысціяне ахвотна і з радасцю збіраюцца разам, не хаваюцца адзін ад аднаго, не разыходзяцца па сваіх кутках. Хрысціяне з радасцю збіраюцца разам, таму што Хрыстус не памёр, як думалі і думаюць сёння многія. Хрыстус уваскрос з мёртвых, жыве сярод нас.

Ён не прывід, не ідэя, не традыцыя, Ён — жывы Бог, чыю прысутнасць кожны з нас аднойчы дасведчыў, адчуў і прыняў. Гэта Ён збірае нас вакол Сябе і прагне, каб мы жылі як адна сям’я. Папросім у Яго ласку верна ісці за Ім, каб і наша супольнасць стала сведкай Яго ўваскрасення», — сказаў Апостальскі нунцый.

На заканчэнне іерарх дадаў, што «Бог Айцец ведае, чаго мы патрабуем для жыцця і збаўлення», таму ўсе прысутныя з даверам узнеслі да Пана просьбы. Пасля адбылося благаслаўленне страваў на велікодны стол і благаслаўленне парафіян.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа