Пошук


У многіх хрысціянскіх краінах папулярныя адвэнтавыя календары. У чым іх асаблівасць? Яны дапамагаюць дзецям і дарослым лічыць дні да наступлення Божага Нараджэння.

Паспрабуем змайстраваць каляндар на Адвэнт у хатніх умовах.

Каляндар як матывацыя

Гандлёвыя сеткі часта прадаюць гатовыя адвэнтавыя календары з шакаладу: такі каляндар можа мець ад 24 да 31 акенца, кожнае з якіх ты адкрываеш у канкрэтны дзень і з’ядаеш схаваную там плітку шакаладу.

Але 31 акенца — усё ж не зусім адвэнтавы каляндар. Хутчэй, гэта кампраміс гіпермаркета паміж Адвэнтам і секулярным Новым годам, дзе ёсць толькі падарункі, але няма Бога.

Адвэнт — час радаснага чакання Нараджэння Збаўцы. Каб гэтае чаканне не ператваралася толькі ў паяданне слодычаў і цукерак з адвэнтавых календароў, дасціпныя сем’і пачалі рабіць для дзяцей самаробныя календары, у якіх на кожны дзень было падрыхтавана заданне для дзіцяці.

Зрабіць добры ўчынак бліжняму, памаліцца за хворых, намаляваць калядную паштоўку для бабулі...

Заданні ў адвэнтавым календары для дарослых могуць быць больш сур’ёзнымі: памаліцца частку Ружанца за памерлых, зрабіць грунтоўны рахунак сумлення, упарадкаваць хатнія справы, выдаткаваць больш часу на разважанне над Бібліяй...

Адвэнтавы каляндар не толькі дапамагае лічыць дні да Нараджэння Хрыста, але і матывуе не занядбоўваць нашы хрысціянскія абавязкі.

У гэтым выпадку шакалад, схаваны ў акенцах з заданнямі, будзе салодкай узнагародай за выкананае заданне.

Каляндар у хатніх умовах

Сярод шматлікіх ідэй, якія ёсць у сеціве, мы выбралі адзін з найбольш простых. Нам спатрэбяцца: ватман (або вялікі ліст паперы), рознакаляровая папера, нажніцы, клей-аловак.

Спачатку бяром лісты рознакаляровай паперы, каб зрабіць з іх канверты. Для гэтага абстрыгаем паперу такім чынам, каб з яе атрымаліся квадраты. Затым згінаем квадраты так, каб у нас атрымаўся міні-канверт.

Неабходныя дэталі падмацоўваем клеем, каб наш канверт трымаўся. Па гэтай схеме робім наступныя канверты і з дапамогай клею прымацоўваем іх на ватман.

Ватман вешаем на бачнае месца. Затым прыдумляем заданні на кожны дзень календара і змяшчаем іх у нашы канверты-акенцы. Дарэчы, над заданнямі можна думаць усёй сям’ёй або працоўным калектывам, калі каляндар будзе вісець у працоўным офісе.

Сёлета Адвэнт пачынаецца 2 снежня (першая нядзеля снежня), таму наш першы канверт трэба адкрыць якраз у гэты дзень. Адпаведна і канверты можна пранумераваць па днях Адвэнту, каб было зручней.

Яшчэ для адвэнтавага калянадара можна выкарыстоўваць шкарпэткі, мяшочкі, кубкі, папяровыя домікі і г.д. Важна, каб іх было 24.

У якасці салодкіх падарункаў неабавязкова павінны быць цукеркі: кожны дзень можа быць непадобным да іншых — вы самі вырашаеце, якое заданне і які падарунак там будзе.

Адкуль прыйшоў звычай календара на Адвэнт?

Гісторыя адвэнтавых календароў пачынаецца ў XVII ст. у Германіі, калі сем’і вывешвалі на сцены малюнкі з біблейскімі матывамі.

Сям’я збіралася разам, каб пабожна разважаць над убачанымі сюжэтамі. У чаканні Божага Нараджэння члены сям’і паглыблялі свае веды пра Хрыста.

Пазней з’явілася традыцыя майстраваць каляндар на Адвэнт з акенцамі для цукерак або іншых сімвалічных падарункаў. Адчыніць акенца можна было раз на дзень пасля таго, як чалавек зрабіў добры ўчынак.

***
А як выглядаюць адвэнтавыя календары ў вашых дамах? Пішыце нам у сацыяльных сетках і адзначайце ў сваім профілі ў інстаграме.

Абноўлена 18.12.2018 15:10
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.