
18 жніўня сястра Часлава Навіцкая USJK, каталіцкая законніца з супольнасці Уршулянак Сэрца Езуса Канаючага, падзялілася ўражаннямі ад наведвання ЦІП на вуліцы Акрэсціна ў Мінску і падзякавала ахвярадаўцам за дапамогу, аказаную людзям, якія там утрымліваюцца.
Заява сястры Чаславы была апублікавана на сайце Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра «Дабрачыннай Мiсiі Добрага Самаранiна» Samaranin.by.
Законніца прызнаецца, што сведчанні людзей, якія прайшлі праз сапраўдныя катаванні, напаўняе болем і прымушае нізка схіліць перад імі галаву.
«Дзякуй Вам усім, дзякуй за ахвяраванні на Місію. У чацвер мы падтрымалі сціплым харчаваннем людзей на Акрэсціна, у пятніцу праз Чырвоны Крыж перадалі сродкі гігіены ў вязніцу і надалей будзем перадаваць, таму дзякуй вам за падтрымку», — піша сястра Часлава.
«Жадаю, каб Маці Божая не дазволіла нам згубіць надзею і выпрасіла ў Бога супакой нашым дзецям, каб не жылі ў страху, што могуць страціць маму альбо тату і самі цярпець», — дадае законніца.