Пошук

12.08.2020 11:40   Catholic.by

У сваім звароце, апублікаваным 12 жніўня, пастыр Віцебскай дыяцэзіі піша, што «кожны крызіс побач з балючасцю яго працэсу заўсёды хавае ў сабе пазітыўны патэнцыял зменаў на лепшае. Як яго раскрыць? Напэўна, гэта не адбудзецца на шляху гвалту і нянавісці».

Зварот біскупа Віцебскага Алега Буткевіча з нагоды масавых пратэстаў у краіне

Дарагія браты і сёстры ў Хрысце, шаноўныя суайчыннікі!

«Шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці ягонай, а ўсё [астатняе] дадасца вам» (пар. Мц 6, 33).

Наша краіна перажывае не самы лёгкі час сваёй гісторыі. Чарговыя выбары выклікалі ў нашым грамадстве крызіс, у які выліліся напружанасць перадвыбарчай кампаніі і, усё ж такі, не цалкам карэктны падлік галасоў.

Аднак кожны крызіс побач з балючасцю яго працэсу заўсёды хавае ў сабе пазітыўны патэнцыял зменаў на лепшае. Як яго раскрыць? Напэўна, гэта не адбудзецца на шляху гвалту і нянавісці. Пабудаваныя на крыві сістэмы ў гісторыі ніколі не былі трывалымі, а Справядлівасць заўсёды вяртала здзейсненае тым, хто пераступаў усялякія людскія (не кажучы ўжо пра Божыя) нормы.

Таму выйсце толькі адно — трэба шукаць праўду! Гэта важна, каб быць пэўным, што абараняю менавіта праўду, а не падман. І трэба ведаць, што праўды напэўна не будзе там, дзе ёсць гвалт. Трэба размаўляць і мець добрую волю пачуць адно аднаго! Калі хочам будаваць цывілізаваную краіну, то і сродкі вырашэння канфліктаў у нас няхай будуць цывілізаваныя. Няхай Бог будзе нам у гэтым дапамогай, бо Ён ведае, што дабро заўсёды мацнейшае за зло. Варта, каб кожны з нас сёння пра гэта памятаў.

Зразумела, што мы не жывем у ідэальным свеце. І ніхто не жыве ў ім, але заўсёды можна даць шанц разважлівасці і здароваму розуму. Заўсёды! Да гэтай разважлівасці заклікаю сёння кожнага, хто жыве ў Беларусі. Як вядома, эмоцыі нікому і ніколі не былі яшчэ добрым дарадчыкам, а вось ахвяры яны могуць сабраць шматлікія. Гэтага ні ў якім выпадку нельга дапусціць!

Таму скіроўваю гарачую просьбу да ўсіх веруючых людзей, перадусім да католікаў, аб малітве за нашу краіну.

Мы маем вельмі дзейсную «зброю» ў такіх сітуацыях — Ружанец. Неаднойчы гэтая малітва ратавала людзей і цэлыя краіны ў цяжкія хвіліны, няхай і нам дасць сёння Божую дапамогу і падтрымку. Заахвочваю маліцца прынамсі адной таямніцай Ружанца ў дзень у інтэнцыі мірнага вырашэння складанай сітуацыі у нашай краіне, а таксама ахвяраваць у гэтай інтэнцыі пост. Даручым заступніцтву Багародзіцы, нашай Маці, а таксама святому Арханёлу Міхалу наш сённяшні дзень і нашую будучыню.

Маці Міласэрнасці, Маці Надзеі, Прытулак грэшных, маліся за нас.

З малітвай і дарам Божага благаслаўлення

+Алег Буткевіч
Біскуп Віцебскі

Абноўлена 24.09.2020 14:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа