Пошук

24.01.2020 19:50   Тэкст: Кс. Аляксандр Улас / Фота: з архіва парафіі святога Францішка Асізскага ў Мінску / Catholic.by

З верасня мінулага года ў сталічнай парафіі святога Францішка Асізскага (Новая Баравая) рэалізуецца праект Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі пры падтрымцы Міністэрства замежных справў Польшчы — «Польская дапамога». У межах праекту з мэтай арганізацыі адукацыйна-выхаваўчага працэсу для дзяцей школьнага ўзросту была створана «Святліца імя святога Фэлікса з Канталічэ».

Каб з першых вуснаў даведацца пра тое, што гэта за ўстанова, чаму яна так называецца і чым займаюцца там дзеці, дырэктар парталу Catholic.by ксёндз Аляксандр Улас завітаў у госці да каардынатаркі праекта Ніны Невяроўскай.

— Ніна, калі мы з Вамі дамаўляліся на сустрэчу, склалася такое ўражанне, што Ваш дзень распісаны па гадзінах.

Ніна (смяецца):

— Досвед шматдзетнай маці непазбежна прывучае да арганізаванасці.

— З таго, што я чуў пра «Святліцу» і падзеі ў межах гэтага праекта, мне падалося, што гэта больш творчы працэс. А ў Вашай працы з дзецьмі што на першым месцы: арганізаванасць ці крэатыўнасць?

— Калі казаць пра «Святліцу», то адно другому не перашкаджае. Безумоўна, праца з дзецьмі патрабуе быць крэатыўным, ініцыятыўным, разнастайным… Неабходна нонстоп быць для дзяцей цікавым. Але, на маю думку, менавіта творчы працэс павінен быць добра арганізаваным, каб мець поспех.

— Напэўна, у сучасным свеце з безліччу разнастайных прапаноў быць для дзяцей цікавым не так проста?

— Вельмі часта, калі мы хочам «заваяваць» сэрцы дзяцей, усталяваць з імі добрыя стасункі, мы імкнемся адкрыць ім гэтую безліч магчымасцяў сучаснага свету…

Насамрэч дзеці чакаюць ад нас іншага: ім хацелася б, каб іх любілі, з імі бавілі час, разумелі іх, размаўлялі на розныя тэмы…

Здавалася б, такія простыя рэчы, але менавіта на гэта ў бацькоў часта не хапае часу. Як мне падаецца, дзеці, якія прыходзяць у «Святліцу», шукаюць тут атмасферы прыязнасці, любові, паразумення. Калі гэта закладаць у падмурак, то прыдумаць штосьці цікавае для дзяцей нескладана.

— Раскажыце падрабязней пра дзяцей, якія да Вас прыходзяць, і пра сам праект. Што гэта за месца такое: «Святліца»?

— «Святліца імя святога Фэлікса з Канталічэ» вось ужо больш за чатыры месяцы працуе пры парафіі святога Францішка. Гэты праект стаўся магчымым дзякуючы падтрымцы Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, нашым братам капуцынам і нашым парафіянам. Сама праца распачалася са святочнай імпрэзы ў верасні мінулага года

Адкрыццё «Святліцы» было важнай і хвалюччай падзеяй для нашай парафіі, і вядома, што яе хацелася арганізаваць так, каб гэта заахвоціла дзяцей і спадабалася гасцям.

А сярод гасцей, між іншым, былі такія паважаныя асобы, як Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў Беларусі Артур Міхальскі, старшыня Бараўлянскага сельскага выканаўчага камітэта Жанна Верабей, святары, парафіяне і іх дзеткі.

Дзеці, якія прыходзяць да нас, самыя розныя, з сем’яў з розным матэрыяльным становішчам і статусам.

Канечне, нам хацелася б дапамагчы, у першую чаргу, тым дзецям, якія па той ці іншай прычыне апынуліся ў няпростай сямейнай сітуацыі. Але «Святліца» адкрыта для ўсіх, тут няма падзелу паводле сацыяльнага статусу ці веравызнання: гэта праект інтэграцыйны, і мы стараемся, каб паміж дзецьмі не было межаў, каб яны кантактавалі паміж сабой на роўных, дзяліліся сваімі радасцямі, эмоцыямі, перажываннямі, сваім досведам і праз гэта адчувалі сябе шчаслівымі.

— А чаму такая назва: «Святліца»?

— Гэтае слова, хоць і крыху архаічнае, аднак яно ёсць у беларускай, рускай і польскай мовах і значэнне мае падобнае: вялікі светлы пакой. Першая асацыяцыя, якую яно, напэўна, выклікае ў кожнага, — гэта сугучнасць са словам «святло».

Адначасова гэта новая для нас назва, свабодная ад такіх шаблонных форм, як «продлёнка» ў школе ці «гурток» у дамах дзіцячай творчасці. Тое, што мы робім тут разам з дзецьмі, выходзіць па-за межы гэтых фармалізаваных адносінаў.

Нам хацелася падкрэсліць, што «Святліца» — гэта штосьці новае, альтэрнатыўнае звычайным формам арганізацыі вольнага часу дзяцей.

Таму мы не засяроджваліся на нейкім адным кірунку; выхавацелі і валанцёры арганізавалі працу «Святліцы» так, каб кожны дзень быў напоўнены яркімі ўражаннямі, гутаркамі на разнастайныя тэмы і сустрэчамі з цікавымі людзьмі. У выніку кожны з дзяцей адкрыў у гэтым праекце штосьці сваё: хтосьці знайшоў новых сяброў, хтосьці адкрыў у сабе новыя творчыя здольнасці, хтосьці даведаўся, што звычайная штодзённая праца можа быць цікавай, а хтосьці навучыўся не засмучацца пры паразах.

— Што цікавага ўдалося рэалізаваць разам з дзецьмі за гэты час?

— Адзін з улюбёных нашых фарматаў — гэта майстар-класы. Не памылюся, калі скажу, што дзецям былі да спадобы заняткі ў ганчарнай майстэрні, адкуль кожны прывез дадому выдатны сувенір, зроблены сваімі рукамі. А яшчэ кулінарныя майстар-класы, вязанне, пляценне кошыка…

Доўгі час я думала, чым прывабіць нашых хлопцаў, і ў галаву прыйшла думка пра выпальванне па дрэве.

Пры гэтым усіх майстроў я знайшла сярод нашых парафіянаў! Аказалася, што ў парафіі вельмі шмат людзей з залатымі рукамі, якія з задавальненнем і без лішніх угавораў згадзіліся падзяліцца сваімі ўменнямі з дзецьмі.

Часам мы акцэнтавалі ўвагу на розных прафесійных святах. Напрыклад, у дзень тэлебачання дзеці спрабавалі сябе ў ролі тэлевядучых, бралі інтэрв’ю, вялі рэпартажы. Такім чынам, дарэчы, з’явілася думка зняць кароткі відэаролік пра нашу «Святліцу».

Удалося зладзіць і некалькі невялічкіх вандровак або экскурсій. Нацыянальная бібліятэка адкрыла нам багацце нашай кніжнай спадчыны. Пры наведванні пажарнай часткі дзеці ў поўнай меры адчулі, як быць ратавальнікам, прымяралі адзенне і нават у машынах пасядзелі!

Спектакль інклюзіўнага тэатру натхніў нас на размовы пра нашыя пачуцці. Ну і, канечне, шмат захаплення, здзіўлення, радасці выклікала цыркавое прадстаўленне!

— Напэўна, нямала высілкаў даводзіцца прыкладаць, каб ажыццяўляць гэтыя ідэі?

— Дзякуй Богу, у мяне ёсць добрыя памочнікі! У першую чаргу мае калегі, якія працуюць выхавацелямі ў «Святліцы»: Крысціна Арлёнак і Надзея Барсукова.

Шчыра кажучы, каардынаваць працу «Святліцы» я пачала не адразу. Спачатку я дапамагала як валанцёр, больш па гаспадарчай частцы.

І толькі праз два месяцы я адважылася падзяліцца сваімі планамі і ідэямі з нашым пробашчам братам Андрэем Жылевічам OFMCap, і ён запрасіў мяне ў каманду. Я разумею, як было няпроста прыняць новага чалавека, таму я вельмі ўдзячная Крысціне і Надзеі, што мне паверылі і разам дапамаглі рэалізаваць задуманае.

 

— Вы так падрабязна расказвалі пра ўражанні дзяцей, а для Вас самой якія падзеі сталі найбольш запамінальнымі?

— Для мяне асаблівымі сталі дзве падзеі, адна з якіх — свята святога Мікалая. Я вельмі хацела, каб дзеці адчулі, што «Святліца» — гэта не проста нейкі пакойчык пры касцёле, куды яны прыходзяць цікава правесці свой час, а што гэта нешта большае.

Я чакала моманту, каб пазнаёміць малых з нашай парафіяй, з братамі капуцынамі: з усімі тымі, хто клапоціцца пра «Святліцу», але каго яны не бачаць штодня.

Цудоўнай нагодай сталася свята святога Мікалая, шанаванага і ў Каталіцкім Касцёле, і ў Праваслаўнай Царкве. Салодкія падарункі, шчырыя зычэнні парафіянаў і прыезд святога Мікалая, якога, дарэчы, шыкоўна ўвасобіў брат Анатоль, прынеслі дзецям шмат радасных перажыванняў і эмоцый.

— А другая падзея?..

— Гэта Калядны кірмаш. Адвэнт і чаканне Божага Нараджэння — гэта сапраўды час цудаў і казак, усіх збліжае цёплая атмасфера чакання свята. Нам захацелася, каб дзеці перажывалі гэта разам з намі.

З Крысцінай і Надзяй мы прыдумалі і зрабілі адвэнтавы каляндар, дзе кожны дзень дзяцей чакала новае заданне і сюрпрызы. А дзіцячыя працы натхнілі нас на тое, каб упершыню ў нашай парафіі зладзіць Калянды кірмаш. Усе — дзеці, выхавацелі і валанцёры — захапіліся працэсам падрыхтоўкі да кірмашу: рабілі паштоўкі, пяклі традыцыйныя калядныя пернікі, рабілі смачныя цукеркі-ледзяшы, хатнія пірагі, шылі елачныя цацкі. Дзеці вельмі хваляваліся, але ўсё прайшло цудоўна!

— Ніна, дзякуй Вам за гэтае інтэрв’ю. Я як быццам зноў апынуўся ў атмасферы Калядаў і поўных дабрыні зімовых святаў. Шчыра кажучы, не толькі ў Вашых словах, у самой «Святліцы» адчуваецца подых любові.

— Дзякуй і Вам, шаноўны ксёндз Аляксандр, вельмі прыемна гэта пачуць з Вашых вуснаў.

Асабіста для мяне «Святліца» — гэта не толькі праца: гэта рэалізацыя маіх пачуццяў, мараў, якія дапамагаюць мне лепш пазнаваць сябе і іншых.

Мноства людзей дапамагала, дапамагае і, вельмі спадзяюся, будзе нам дапамагаць у развіцці нашай «Святліцы». І я ўпэўненая, што калі да нас прыходзяць новыя людзі і кажуць, што ў нас вельмі ўтульна, гасцінна і адчуваецца подых любові, — гэта таму, што кожны, хто далучыўся да нашага праекту, пакінуў у ім часцінку сваёй дабрыні і цеплыні.

Абноўлена 02.10.2020 10:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.