Пошук

09.04.2020 08:42   Catholic.by

Хрысціянская Пасха — гэта не аднадзённае святкаванне. У Вялікі чацвер заканчваецца літургічны перыяд Вялікага посту і Касцёл уваходзіць у перажыванне Пасхальнай таямніцы Хрыста.

У гэты дзень вернікі ўзгадваюць устанаўленне сакрамэнтаў Эўхарыстыі і святарства, якое Хрыстус здзейсніў падчас Апошняй, або Тайнай, Вячэры перад сваёй мукай і смерцю.

У Вялікі чацвер раніцай няма святой Імшы ў звычайных касцёлах; усё духавенства збіраецца разам са сваім біскупам у катэдрах, дзе цэлебруецца святая Імша Хрызма.

Яна так называецца ад назвы алею, які асвячаецца падчас гэтай літургіі. Алей хрызма выкарыстоўваецца падчас сакрамэнтаў хросту і канфірмацыі, пры пасвячэнні святароў і біскупаў, пры кансэкрацыі касцёлаў і алтароў. Акрамя хрызма на гэтай Імшы асвячаецца алей катэхумэнаў (на Беларусі не ўжываецца), а таксама алей, які выкарыстоўваецца ў сакрамэнце хворых, які раней часам не зусім дакладна называлі «апошнім намашчэннем».

Фота Аляксандры Шчыглінскай

Вялікі чацвер — гэта пачатак Святога пасхальнага трыдууму, трох святых дзён, якія і з’яўляюцца непасрэдным святкаваннем Пасхі: з вечару чацвярга да нядзелі.

Увечары ў Вялікі чацвер ва ўсіх касцёлах адбываецца Імша Вячэры Пана.

Апошняя вячэра. Мастак Хуан дэ Хуанэс / Wikipedia.org

На пачатку гэтай цэлебрацыі звоняць званы і гучыць арган, але ў гэты ж вечар яны змаўкаюць да ўрачыстага «Аллелюя» ў Святую пасхальную ноч, таму што Касцёл пачынае перажываць муку Хрыста, якая распачалася са здрады аднаго з Яго апосталаў — Юды Іскарыёта.

«Падчас вячэры, калі д’ябал ужо схіліў сэрца Юды Сымона Іскарыёта, каб выдаць Яго, Езус <…> устаў з-за стала, скінуў верхнюю вопратку і, узяўшы палатно, падперазаўся. Потым наліў вады ў місу і пачаў абмываць ногі вучням, і выціраць палатном, якім быў падперазаны» (пар. Ян 13, 2–5).

У памяць пра гэта падчас Імшы Вячэры Пана ў некаторых касцёлах адбываецца абрад абмыцця ног, які здзяйсняе святар, мыючы ногі дванаццаці вернікам. З дазволу Папы Францішка цяпер гэта могуць быць не толькі мужчыны, але і жанчыны.

Папа Францішак абмывае ногі вязням. Фота: Рinterest.com

Сам Папа таксама штогод здзяйсняе гэты абрад.

Пасля заканчэння Імшы Вячэры Пана Цела Хрыста ў Эўхарыстыі пераносіцца з табэрнакулюма ў сімвалічную цямніцу.

Гэта нагадвае пра арышт і зняволенне Езуса, якія адбыліся падчас Яго малітвы ў Гетсэманскім садзе, куды Ён разам з вучнямі скіраваўся пасля Апошняй Вячэры. З алтара здымаецца абрус на знак таго, што да Вялікай ночы Уваскрасення на ім не будзе цэлебравацца святая Імша. Перад цямніцай адбываецца адарацыя.

Абноўлена 06.04.2023 08:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа