Пошук


06.07.2010 01:00  

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Пп 3, 1–4а

Я знайшла таго, каго мая душа кахае

Чытанне Песні песняў Саламона.

Так кажа нявеста:
На ложку сваім па начах
я шукала таго, каго мая душа кахае;
я шукала яго, але не знайшла.
Я ўстану і па горадзе прайдуся,
па вуліцах і плошчах буду шукаць таго,
каго мая душа кахае.
Я шукала яго, але не знайшла.
Спаткалі мяне вартаўнікі,
што абыходзяць горад:
Ці не бачылі вы таго, каго мая душа кахае?
І ледзьве адышла ад іх,
я знайшла таго, каго мая душа кахае.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ
Пс 63 (62), 2. 3–4. 5–6. 8–9 (Р.: 2b)

Рэфрэн: Божа, Цябе прагне душа мая.

2. Божа, Ты мой Бог, Цябе шукаю, *
Цябе прагне душа мая,
маё цела па Табе тужыць *
у зямлі пустыннай, засохлай і бязводнай.

Рэфрэн:

3. Так, у святыні я ўглядаюся ў Цябе, *
каб убачыць Тваю сілу і славу.
4. Бо міласэрнасць Твая лепшая за жыццё, *
вусны мае будуць хваліць Цябе.  

Рэфрэн:

5. Так, буду благаслаўляць Цябе ў маім жыцці *
і ўзнясу рукі ў імя Тваё.
6. Душа мая насычаецца, нібы тлушчам і тукам, *
і вусны мае славяць Цябе радасным спевам.

Рэфрэн:

8. Бо Ты стаў маёй дапамогай, *
у цені крылаў Тваіх узрадуюся.
9. Да Цябе імкнецца душа мая, *
трымае мяне Твая правіца.

Рэфрэн:
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.

Скажы нам, Марыя, што бачыла ў дарозе?
Жывога Хрыста, грабніцы ўваход,
і славы бачыла ўсход.

Акламацыя: Аллелюя, аллелюя, аллелюя.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Ян 20, 1–2. 11–18

Жанчына, чаго ты плачаш? Каго шукаеш?

+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Яна.

У першы дзень тыдня Марыя Магдалена прыйшла да магілы раніцай, калі было яшчэ цёмна, і ўбачыла, што камень адсунуты ад магілы. І пабегла, і прыбыла да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Езус, і сказала ім: Забралі Пана з магілы, і не ведаем, дзе паклалі Яго.

Марыя стаяла каля магілы і плакала. Калі ж плакала, зазірнула ў магілу і ўбачыла двух анёлаў у белым адзенні, якія сядзелі, адзін каля галавы, а другі каля ног, дзе ляжала цела Езуса.

І яны кажуць ёй: Жанчына, чаго ты плачаш?

Адказала ім: Забралі Пана майго, і не ведаю, дзе паклалі Яго.

Калі гэта сказала, азірнулася і ўбачыла Езуса, які стаяў там, але не ведала, што гэта Езус.

Кажа ёй Езус: Жанчына, чаго ты плачаш? Каго шукаеш?

Яна, думаючы, што гэта садоўнік, кажа Яму: Пане, калі ты вынес Яго, скажы мне, дзе ты паклаў Яго, і я забяру Яго.

Езус кажа ёй: Марыя! А яна азірнулася і сказала Яму па-габрэйску: Раббуні, – што азначае “Настаўнік”.

Кажа ёй Езус: Не затрымлівай Мяне, бо Я яшчэ не ўзышоў да Айца. Ідзі ж да братоў Маіх і скажы ім: Узыходжу да Айца Майго і Айца вашага, да Бога Майго і Бога вашага.

Пайшла Марыя Магдалена абвясціць вучням, што бачыла Пана і тое, што Ён сказаў ёй.

Гэта слова Пана.

Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Абноўлена 22.06.2017 22:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа