Пошук


23.02.2019 17:46   А. Андрэй Авен OCD / Catholic.by

«Новую запаведзь даю вам, — кажа Пан, — каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас»

Дарагія браты і сёстры!

Тое, што нам сёння кажа Езус у Евангеллі і наогул, усё Божае слова, якое мы пачулі, для нас неверагодна важнае. Фактычна Езус закранае сэрца нашага хрысціянскага жыцця — не толькі любіць адзін аднаго, але і палюбіць так, як сам Езус Хрыстус. А як мы ўсе ведаем, гэта няпростая задача. Гэта вам не квадрат гіпатэнузы, які роўны суме квадратаў катэтаў. І хоць формула гэтай запаведзі для нас зразумелая, аднак вырашаць жыццёвыя задачы бывае не так і проста. Чаму?

З аднаго боку, ускладняе нам гэта нашая чалавечая натура, наш не заўсёды анёльскі характар, чалавечыя амбіцыі, праз якія мы хочам быць самымі лепшымі, самымі разумнымі, а таксама схільнасць да гневу, зайздрасці, помсты.

Гэта толькі невялікая кропля з усяго таго, што можа для нас ускладняць рэалізацыю новай запаведзі Хрыста.

Можа, калісьці ў школьныя гады нам здавалася, што няма нічога цяжэйшага за тыя складаныя задачы, якія нам даводзілася рашаць: ці па матэматыцы, ці па геаметрыі, ці, можа, па фізіцы ці нейкаму іншаму прадмету. І, напэўна, мы ганарыліся сабою, калі маглі рашыць задачы большай складанасці, з так званай зорачкай або дзвюма зорачкамі, мы былі задаволеныя сваімі вынікамі і нам здавалася, што цяжэйшага амаль не існуе.

Аднак калі ўвайшлі ў самастойнае жыццё, то зразумелі, што гэтыя «складаныя» задачы былі толькі кветачкамі, прэлюдыяй да сапраўды складаных жыццёвых задач. Можа, часткова мы самі ў гэтым вінаватыя, бо чалавек так створаны, што мае ўласцівасць усё ўскладняць. І не заўсёды ў жыццёвым велізарным прыкладзе, нібы ў алгебры, у нас атрымаецца правільны адказ (а+в). Часамі адказ, які атрымоўваецца ў жыцці, не толькі не ўдаецца спрасціць, але ён атрымоўваецца ў некалькі разоў большы, чым першапачаткова. Прабачце за такую матэматычную алегорыю, спадзяюся, вы разумееце, што я маю на ўвазе.

Калі ў жыцці ўзнікае складаная сітуацыя, то, бывае, не толькі цяжка яе спрасціць, але ўсё становіцца яшчэ больш складаным і заблытаным. Пачынаеш будаваць сваё жыццё і сустракаешся з праблемамі рознага ўзроўню: недахоп фінансавых сродкаў, неразуменне з боку блізкага чалавека, набыццё рознага роду залежнасцяў: тытунёвай, алкагольнай. Глядзіш — праз нейкі час няма палёгкі ні ў матэрыяльнай галіне, ні ў духоўнай, і ў сямейным жыцці няма парадку. Чаму мы так часта не спраўляемся з вырашэннем жыццёвых задач?

Добрае пытанне. Самае важнае — пачаць шукаць прычыну гэтага, зыходзячы ад самога сябе. Часцей за ўсё мы абвінавачваем усіх, толькі не сябе. Нам здаецца, што толькі нашыя паводзіны правільныя, а іншыя людзі памыляюцца. Канешне, розныя сітуацыі здараюцца ў жыцці, але ў першую чаргу трэба зазірнуць у сваё сэрца.

Прагледзець свой жыццёвы шлях і знайсці тое месца, дзе мы пайшлі не ў правільным кірунку. Можа, таму вырашэнне жыццёвай задачы завяло нас у тупік.

Дарагія! Можа, мы празмерна паспадзяваліся толькі на свае сілы, можа, палічылі сябе лідарамі або людзьмі беспамылковымі — гэта вельмі лёгкі спосаб збіцца з належнага шляху. Вельмі цяжка, калі чалавек лічыць сябе самым правільным і беспамылковым; раней ці пазней ён упадзе і яго падзенне будзе вялікім. У чым жа крыецца праблема гэтага? Дзе знайсці правільнае рашэнне?

Хтосьці са святых казаў: давярай Богу так, як быццам усё ў тваім жыцці залежыць толькі ад Яго, а рабі ў сваім жыцці так, як быццам усё залежыць толькі ад цябе. У пэўным сэнсе — гэта вельмі мудрае рашэнне. Таму што мы ў сваім жыцці вельмі шмат хочам, але калі справа датычыць нашай дзейнасці, то ў большасці выпадкаў усё застаецца на ўзроўні «хачу». А мы жывем у такі час, калі чалавечы апетыт і патрабаванні растуць.

Галоўнае ва ўсім гэтым — не згубіць галаву і застацца верным Хрыстоваму Евангеллю. Свет і сучасны, і мінулы заўсёды крытыкаваў Евангелле, што яно страціла сваю актуальнасць. Але гэта зусім неабгрунтаваная крытыка: мудрасць, якая знаходзіцца ў Богу, стварала гэты свет, Божая мудрасць з’яўляецца фундаментам гэтага свету. Езус Хрыстус гэтую мудрасць пацвердзіў і дазволіў, каб чалавек яе нават пакаштаваў, а зараз адбываецца так, што чалавеку яна становіцца ўжо непатрэбнай.

Чалавек адчувае сябе самадастатковым. А калі так, то ці патрэбны яму хто-небудзь?

А як бывае ў нашым жыцці? Як трывога — дык да Бога. А калі ўсё добра, то мы не патрабуем Яго дапамогі, забываем, што Ён ёсць. Паглядзіце на сучасную цывілізацыю, на чалавечыя адносіны: зараз мы самі сабе «багі». Будуем сучасную вавілонскую вежу, і хоць у нас ёсць зараз google translate — гэта значыць, што без асаблівай цяжкасці мы можам зразумець і перакласці сваю мову на ўсе мовы свету, — усё роўна мы не зразумеем адзін аднаго і не можам прыйсці да супольнай згоды. Вось вам і Вавілон ХХІ стагоддзя.

Калі ў чалавека няма пашаны да Бога, то не будзе і пашаны да бліжняга. Бо насамрэч любоў, пра якую кажа Езус, цесна звязвае Бога і чалавека ў адно непадзельнае цэлае. Як можаш любіць Бога, якога не бачыш, калі не любіш бліжняга, якога бачыш? Добрае пытанне, ці не так? І ў вырашэнні складаных жыццёвых пытанняў мы не зможам знайсці лепшага рашэння, лепшай формулы, чым тая, якую нам сёння дае Хрыстус: «каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас».

Калі ў нашым жыцці нас будзе грызці помста, калі будзем жадаць адплаціць нашым ворагам той жа манетай, то не зможам да канца спасцігнуць і прыняць Хрыстовае Евангелле. Будзем розным чынам апраўдваць сябе, свае паводзіны, абвінавачваць кагосьці іншага, а тым часам не будзем бачыць саміх сябе такімі, якімі мы ёсць. Мы тады станем для сябе сляпымі.

А Хрыстус кажа нам, каб мы любілі ворагаў, каб рабілі дабро тым, хто нас ненавідзіць, каб благаслаўлялі тых, хто нас праклінае, і маліліся за тых, хто нас крыўдзіць.

Вось тлумачэнне новай запаведзі, вось чым з’яўляецца сапраўдная любоў. Не тая любоў, якую нам малюе сучасны свет у празмерна ружовых колерах. Гэта не любоў — гэта ў лепшым выпадку пачуцці. Сучасны свет не прапаведуе сапраўднай любові, і калі мы пойдзем за ім, то раней ці пазней прыйдзем у тупік.

Дарагія браты і сёстры! Cёння Езус кажа нам пра сапраўдную любоў. І гэтая любоў датычыць усяго чалавека, усіх яго сфер і адносін. Хрыстовая фармулёўка любові з’яўляецца таксама заклікам да таго, каб яе практыкаваць, не толькі марыць аб такой любові, а ёю жыць. Тут сутнасць нашага хрысціянскага паклікання і нашай прыналежнасці да Хрыста. Бо якая нам карысць, што мы любім тых, хто нас любіць, або чынім дабро тым, хто і нам гэтак жа чыніць?

Калі хочам быць дасканалымі, то трэба спачатку дастаць бервяно са свайго вока, а потым дапамагаць бліжнім вымаць трэску з іх вачэй.

Няхай сённяшні заклік Хрыста дапаможа ажывіць нашу надзею на тое, што, якімі б складанымі жыццёвая сітуацыя і абставіны ні былі, заўсёды ёсць правільнае рашэнне і правільны выбар.

Калі словы Езуса мы прымем у свае сэрцы, калі прасякнемся імі, то навучымся не проста любіць, а любіць так, як сам Бог. Амэн.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа