Пошук

30.09.2017 09:07   А. Андрэй Авен OCD / Catholic.by

“Дай спазнаць Твае дарогі, Пане, і навучы мяне сцежкам Тваім”.

Дарагія браты і сёстры!

Навука Езуса, звернутая да нас у Божым слове, дазваляе ўбачыць той шлях, якім крочыць сам Божы Сын. Ён моцна жадае, каб мы, апынуўшыся на гэтым шляху і навучаныя Божым сцяжынкам, ніколі ўжо нікуды ад гэтага шляху не адыходзілі.

Сённяшняе Евангелле нам дае чарговую тэму для роздуму і апавядае аб паслухмянасці Божай волі. У сённяшняй прыпавесці ўзгаданы два браты, якія былі пакліканы працаваць у вінаградніку свайго бацькі. Першы сын, як мы чулі, рашуча выразіў гатоўнасць выканаць волю бацькі, але ў выніку так яе і не выканаў, а другі, пасля таго як легкадумна адмовіўся, ўсё ж такі, апамятаўшыся, споўніў бацькоўскі наказ. Гэтая мудрая гісторыя для нас з вамі з'яўляецца перасцярогай і вучыць таму, каб быць пільнымі, заклікае нас да веры, якая абапіраецца на канкрэтныя ўчынкі, веры, якой спадарожнічае навяртанне. Бо само вызнанне веры, як і прыналежнасць да Касцёла, без канкрэтных дзеянняў не дае гарантыю збаўлення. Трэба, каб разам са словамі вызнання веры ішлі ўчынкі паводле гэтай веры.

Умілаваныя ў Хрысце Пану! Па-першае, у евангельскай прыпавесці, скіраванай да настаўнікаў ізраэльскага народу, Езус асцерагае нас ад празмернага самазадавальнення. Ён скіроўвае гэтыя словы да першасвятароў і старэйшынаў, каб тыя задумаліся над сваімі паводзінамі, над жыццём і над сваімі адносінамі да Бога, ці паслухмяныя яны Богу і ці вераць самі ў тое, пра што навучаюць. Езус жадаў ускалыхнуць іх сумленне, каб яны для сябе зрабілі нейкія высновы. Каб заўважылі прысутную ў іх крывадушнасць, прызналіся ў ёй самі перад сабою і пажадалі ад гэтай крывадушнасці пазбавіцца. На жаль, большасць з іх так і не здала Езусавага экзамену.

Надыйшоў час выпрабавання, калі з'явіўся спачатку Ян Хрысціцель, навуку яго не прызналі і адкінулі. Потым з'явіўся сам Месія — але і ў Яго не паверылі. Зацыкліліся на сваім аўтарытэце, якім былі задаволеныя, і працягвалі ў ім трываць, а мытнікі і грэшнікі, прымаючы Янаў хрост і слухаючы навуку Езуса, навярталіся да Бога.

Старэйшыны народу, першасвятары і кніжнікі, тыя з іх, хто стаяў пад крыжам Хрыста, замест пакаяння здзекваліся з Езуса. Іх нават не ўзрушылі словы, якімі Езус за іх маліўся: «Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць». Яны проста адракліся ад Яго. А адзін са злачынцаў, які быў побач укрыжаваны, змог убачыць у Езусе Збаўцу і не толькі ўбачыць, але і паверыць і праз гэта ўвайсці ў брамы вечнага жыцця. І, як бачым, тыя, якія лічылі сябе самымі галоўнымі і першымі, насамрэч сталі апошнімі.

Сусветна вядомы Андрэ Фрассар, сябар святога Яна Паўла ІІ, з дзяцінства выхоўваўся ў выключна атэістычнай атмасферы. Яго бацька быў вядомым палітычным дзеячам, заснаваў на пачатку ХХ стагоддзя французскую камуністычную партыю і быў яе першым сакратаром. Аднойчы дзякуючы свайму сябру Андрэ першы раз прыйшоў у касцёл і, калі ўбачыў у манстранцыі Гостыю, перажыў навяртанне. Выходзячы са святыні, ён вельмі проста адказаў свайму веруючаму сябру: «Бог сапраўды існуе». А вось ягоны веруючы сябар у будучыні быў, відавочна, вельмі самаўпэўнены і, на жаль, страціў веру. Чаму так стала? Напэўна, не хапіла пільнасці і трываласці. А можа, быў, як тыя кніжнікі, празмерна самазадаволеным.

Па-другое, словы не могуць існаваць без учынкаў. У жыцці, падобна як і ў сённяшняй прыпавесці, словы нічога не значаць, калі не падмацаваны канкрэтнымі дзеяннямі. Разам са словамі лічацца таксама і ўчынкі. Канешне, словы ўзрушаюць, заахвочваюць, але ўчынкі, калі ідуць за словамі, прамаўляюць яшчэ мацней. Бо словы заахвочваюць, а ўчынкі прыцягваюць. Сапраўды, словы маюць у сабе вялікую сілу, асабліва калі за імі ідуць учынкі.

Святы папа Ян XXIII любіў шмат казаць і прыгожа казаў, часам яго толькі непакоіла тое, ці прынясуць сказаныя ім словы адпаведны плён. Дзякуючы яго моцнай веры і трываласці ў ёй духоўны плён яго слоў быў вялікі. Тое, што ён казаў, было правілам яго жыцця: «Даверыцца Богу, мець у сэрцы супакой, быць цярплівым і ва ўсіх справах рабіць дабро, а не зло». Прынцып просты, можа, нават банальны, але, як паказала жыццёвая практыка, годны для наследвання.

Дарагія! Штодня мы пераконваемся ў тым, што няма ў нашым свеце нічога вечнага: усе справы, якія здзяйсняе чалавек – ці гэта прыгажосць і веліч архітэктуры, ці навукова-тэхналагічны прагрэс, – усё гэта нетрывалае, прамінальнае і таму раней ці пазней знікне. У гэтым свеце мы можам скарыстацца ўсімі здабыткамі і вынаходніцтвамі, але нельга ў іх пакласці сваю надзею. Іншая справа — гэта нашыя добрыя ўчынкі. Вось яны трывалыя. Нам неаднойчы яны могуць падацца незаўважнымі, але яны значаць вельмі шмат. Як кажа сам Езус Хрыстус, іх не знішчыць ні ржа, ні моль, ані нават злодзей. Кожны добры ўчынак, здзейснены ад сэрца, не зацемнены дрэнным намерам, не можа проста так знікнуць. Гэта наш скарб.

За кожны такі ўчынак сам Бог нам адудзячыць, часткова ўжо тут, на зямлі, а ў вечнасці мы атрымаем узнагароду за ўчынкі ў поўнай меры. І, канешне, для нас, людзей веруючых, самай каштоўнай узнагародай з'яўляецца наша збаўленне. І, каб збаўленне стала нашым удзелам, належыць нашы добрыя учынкі выконваць у еднасці з Богам, значыць быць у стане асвячальнай ласкі. Тады нашы ўчынкі прынясуць найбольшы плён. Бог жадае, каб мы былі з'яднанымі з Ім праз любоў. Тады кожны наш учынак будзе заслугоўваць неба.

І апошняе, што можам узяць да сэрца з сённяшняй прыпавесці – гэта імкненне да навяртання. Са словаў Езуса, другі сын, хоць спачатку не паслухаў свайго бацьку і адказаў яму: «Не хачу!», аднак жа праз пэўны час адумаўся і ўрэшце выканаў яго волю. Хоць для яго гэта лёгкім не было.

Умілаваныя браты і сёстры! Кожны з нас праз свой грэх падобны да гэтага другога сына, які кажа «не» свайму бацьку. Не будзем жа трываць доўга ў гэтым бунце, але як мага хутчэй будзем старацца апамятацца. Добрая нагода для гэтага – сакрамэнт пакаяння. Міласэрны Айцец чакае кожнага ў канфесіянале, каб паяднаць з Сабою і даць нам ахвочую волю і сілы, каб выканаць тое жыццёвае заданне, якое кожнаму Ён даручыў.

Можа, нам здаецца, што не маем на гэта адпаведных сіл, можа, проста не хочам ці існуе нейкая іншая прычына, па якой мы не можам рэалізаваць дадзены Богам патэнцыял. Тады яшчэ больш важным для нас з'яўляецца сакрамэнтальнае паяднанне з Богам, бо яно не толькі ачысціць нас ад грахоў, але і зробіць гатовымі і жадаючымі адказаць любоўю на Божую любоў. Пане, дай кожнаму з нас сілу, каб мы вытрывалі ў Тваёй любові. Каб не толькі словам, але і ўчынкам заўсёды маглі выконваць Тваю волю. Амэн.

 

Абноўлена 17.09.2020 22:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа