Пошук


26.06.2013 11:21  


У першым чытанні і ва ўрыўку з Евангелля развіваецца тэма, якую літургія ставіць у цэнтр увагі: калі нас кліча Бог, трэба, каб мы ахвотна кінулі ўсё і пайшлі за Ім. Гэта значыць, што Бог патрабуе ад чалавека бескампраміснага і дасканалага рашэння, безумоўнага падпарадкавання і абсалютнай гатоўнасці. Божае пакліканне — гэта незапраграмаваная навіна, яго нельга прадбачыць. Ілля кідае на Елісея свой прароцкі плашч, каб паказаць яму, што ён пакліканы на служэнне: Елісей у той час якраз баранаваў зямлю і яму нават у галаву не прыйшла думка, што ў яго жыцці мог бы здзейсніцца такі асаблівы паварот. Такім і бывае часта Божае пакліканне: нечаканае ўварванне ў спакойнае жыццё чалавека, з патрабаваннямі прысвяціць сябе свайму пакліканню, хаця і гэтыя ўмовы здаюцца амаль бесчалавечнымі, занадта патрабавальнымі.

У сапраўднасці яны выражаюць неабходную ўмову для таго, каб чалавек мог сапраўды жыць паўнавартасным жыццём і цалкам падарыць сябе. У перспектыве, якую адкрываюць далейшыя літургічныя чытанні, развіваецца тэма Божага паклікання ў двух напрамках: з хрысціянскага пункту гледжання тлумачыцца дзеянне Духа, праз пасрэдніцтва якога Бог дае пачуць свой заклік і зразумець мэту, на якую заклік арыентуецца, гэта значыць свабоду. Бог у рэшце рэшт кліча чалавека для таго, каб ён быў сапраўды свабодным.

Пакліканне Елісея

Цыклы выпадкаў з Іллёй і Елісеем, у якіх можна знайсці легендарныя рысы паданняў, сведчаць аб непарыўнай прысутнасці Божага слова ў жыцці прарокаў. У нашым выпадку Ілля з’яўляецца прататыпам прарока, які пераносіць сваю ролю на Елісея тым, што накіне на яго свой плашч. Гаворка ідзе пра плашч, які апраналі прарокі як форму, як сімвал свайго паклікання. Гэты плашч быў са звярынай поўсці. Апрануць на каго-небудзь плашч азначала прывязаць яго да сябе, зрабіць часткай свайго лёсу і паклікання. Прарок прымаў сваё пасвячэнне не так, як каралі і пазней святары. Ілля кліча Елісея, каб ён пайшоў за ім у ролі яго вучня, і пераносіць на яго свой прароцкі дух.

Прарок Ілля дазваляе Елісею прывітаць бацьку і маці, а гэта было якраз супярэчна таму, як кліча Езус (пар. Лк 9, 61-62). У нашым выпадку адрозненняў яшчэ больш: Ілля робіць з Елісея свайго вучня і намесніка ў справе абвяшчэння Божага слова, але вучань Езуса не займае месца свайго Настаўніка, не становіцца яго наступцам і пераемнікам. Вучань Езуса у адрозненне ад Елісея ніколі не стане такім, як яго настаўнік.

Як мы ўбачым і ва ўрыўку з Евангелля, чалавек пакліканы нечакана. Бог уступае ў жыццёвы шлях чалавека і робіць яго здольным зразумець сваё пакліканне да Яго служэння. Гаворка ідзе пра прапаведванне Божага Валадарства, што азначае пра Божую справу збаўлення. Елісей, падобна як невядомы чалавек з Евангелля, думае, што будзе спакойна жыць і працягваць працу, якой займаўся, але Бог унёс змены ў яго планы. Давайце спытаем саміх сябе, ці здарылася з намі таксама так, што мы адчулі ў сабе Божае пакліканне, і якім чынам гэта адбылося. Ці пражываем мы сваё жыццё як служэнне для Божага Валадарства або ўвесь час звяртаем увагу толькі на самога сябе, свае інтарэсы, сваю радасць і сваё задавальненне?

Мы пакліканы быць свабоднымі

Павел настойліва падкрэслівае, што Хрыстус з'яўляецца адзіным, хто можа прывесці нас да збаўлення: «Дзеля свабоды Хрыстус вызваліў вас». Вызваленне — гэта не справа эмансіпацыі чалавека, гэта свабодны дар Хрыста. Толькі Ён нас можа сапраўды вызваліць.

«Вы, браты, пакліканыя да свабоды». Вызваленне Хрыстом уводзіць нас у новую і сапраўдную жыццёвую прастору, у рамкі сапраўднай свабоды. І тут свабоду трэба разумець як аўтэнтычнасць, як поўную рэалізацыю самога сябе, як паўнацэннае жыццё. Іншымі словамі, чалавек свабодны толькі тады, калі ён такі, якім павінен быць. І ён такі, якім павінен быць, толькі тады, калі яго вызваліць Езус Хрыстус і калі ім кіруе Дух.

«Паступайце ў духу». Дух Езуса — гэта прынцып аўтэнтычнасці і свабоды, г.зн.боскай сілы, якая нас ператварае ў тое, да чаго нас кліча Бог. Хрыстус вызваляе нас не толькі сваім словам, значыць сваім навучаннем, але і сілай свайго Духа, які нас унутрана ўзбагачае ўсім, што Хрыстус хоча нам падарыць.

Сапраўдная свабода — гэта не адсутнасць закона. Дух Хрыста — гэта сіла і жыццёвы прынцып, які робіць нас здольнымі захоўваць увесь закон, падсумаваны ў запаведзі «Любі бліжняга, як самога сябе». Бліжняга мы можам сапраўды палюбіць толькі тады, калі дазволім Духу Хрыста дзейнічаць у нас, дазволіць Яму памнажаць у нас Яго плёны. Дух Хрыста — гэта Божая любоў, улітая ў нашы сэрцы. Хто належыць Хрысту, ужо не раб якогасьці знешняга закону, але праз пасрэдніцтва Духа, які яму падарыў самога сябе, мае ў сабе крыніцу маральнага абавязку.

Ісці за Езусам

Езус ідзе ў горад, які стаў Яго лёсам, у горад, які з’яўляецца цэнтрам трэцяга Евангелля, — у Ерузалем. Нішто не адгаворыць Яго ад гэтай мэты. Настаўнік ідзе да мэты свайго жыцця, якое завершыцца ў Ерузалеме. Ён ідзе рашуча, без ваганняў, без сумненняў. Два наступных выпадкі ілюструюць, як і вучань павінен цвёрда і рашуча ісці за настаўнікам.

У першым выпадку Езуса суправаджаюць вучні, якія павінны навучыцца крочыць са сваім настаўнікам. Езус вучыць іх у дарозе. Першае павучэнне датычыць адвяржэння самаранаў. Вучні хацелі рабіць, як Елісей, іншымі словамі знішчыць праціўнікаў («хочаш, мы скажам, каб агонь сышоў з неба і знішчыў іх?»). Езус адвяргае гэта, бо Ён не хоча, каб Яго атаясамлівалі з прарокам Старога Запавету. Сваімі паводзінамі Ён прадэманстраваў навуку, ахопленую ў Нагорнай пропаведзі («Калі хто ўдарыць цябе па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую. І калі хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе кашулю, аддай яму і плашч»).

Наступны выпадае, які паказвае, як ісці за Езусам Хрыстом, апісваюць тры карціны: трое людзей, якія ідуць за Езусам. Ён тлумачыць, якія ўмовы патрабуе ад тых, хто хоча стаць Яго вучнямі і ісці за Ім па Яго шляху. Яны павінны зразумець, што, выконваючы абавязкі, якія выцякаюць з крочання за Ім, сустрэнуцца з канфліктамі. Першаму з іх Езус паказвае, што калі ён хоча ісці за Ім, у яго не можа быць ні дома, ні сям’і, нічога з рэчаў, якія людзі лічаць неабходнымі для штодзённага жыцця: нават у жывёл ёсць лепшыя ўмовы! Другога чалавека Езус запрашае, але той прадстаўляе патрабаванні; адказ Езуса не цвёрды, ён падкрэслівае, што місія абвяшчаць Божае Валадарства стаіць вышэй за сямейныя адносіны («Пакінь мёртвым хаваць сваіх мёртвых, а ты ідзі і абвяшчай Валадарства Божае»). Трэці прапаноўвае, што пойдзе за Ім, але з няпэўнай агаворкай, якая нагадвае пакліканне Елісея («дазволь мне развітацца з хатнімі маімі»). У Езуса зусім іншы падыход, чым у Іллі: ісці за Ім патрабуе ахвяраў, не церпіць ні кампрамісаў, ні рассеянасці. Божае Валадарства — гэта абсалютная годнасць, дзеля якой неабходна ахвяраваць нават кроўнай сувяззю.

У сувязі з такімі радыкальнымі патрабаваннямі можа ўзнікнуць пытанне: ці магчымы іншы адказ, чым той, якога патрабуе Езус? Ці можна ісці па шляху, пазначаным Ім? Рашэнне прыносіць нам другое чытанне: Дух Езуса робіць нас здольнымі даць рашаючы адказ на пакліканне Езуса жыць такім жыццём, якім жыў Ён. Гэта навучанне, якое нам паўтарае таксама Другі Ватыканскі Сабор: «Езус Хрыстус Пан, боскі Настаўнік і прыклад усёй дасканаласці, абвяшчаў сваім вучням без выключэння ў любым жыццёвым і грамадскім стане святы лад жыцця, якога Ён сам з'яўляўся пачынальнікам і завяршэннем: „Будзьце ж дасканалыя, як дасканалы Айцец ваш Нябесны“ (Мц 5, 48). Ён усім паслаў Духа Святога, каб іх унутрана пабуджаў любіць Бога ўсім сэрцам сваім, усёй душой, усім сваім розумам, усёй сваёю моцай, і каб Яны палюбілі адзін аднаго так, як іх любіў Хрыстус» (Энцыкліка Lumen gentium, 40).

Заўважце: усе пакліканы стаць святымі і ўсе могуць быць такімі на практыцы, таму што ўсе Яны атрымалі Духа Святога. Мы павінны яшчэ дадаць, што патрабаванні Езуса можна прымяняць да такой ступені, у якой знаходзіцца сапраўдная садружнасць: там, дзе чалавек у ізаляцыі, дзе ён не акружаны братамі, якія разам з ім пойдуць за Хрыстом, там хрысціянскае жыццё становіцца цвёрдым і цяжкім, калі не сказаць немагчымым. Справа ў тым, што дзеянне Духа Святога накіравана на ўзнікненне Касцёла — грамадства Езуса: толькі ўнутры сям'і Езуса магчыма на практыцы ажыццяўляць радыкалізм у духу Евангелля.

ANTONIO BONORA, Seguire Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno C), Elle Di Ci 1988.


 

Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.