Пошук

07.12.2012 00:00  

1 чыт. Бар 5, 1-9; Пс 126 (125), 1-2ab. 2cd i 4. 5-6.
2 чыт. Флп 1, 4-6, 8-11.
Ев. Лк 3, 1-6
.


Толькі Бог можа збавіць

З даўніх часоў людзі шукалі спосабы і сродкі «збаўлення», яны правяралі ўсе шляхі. Яны стваралі імперыі і спадзяваліся, што «збаўленне» ім прынясе палітыка. Яны прапаноўвалі розныя эканамічныя парадкі, стваралі філасофскія дактрыны і самыя шматвобразныя ідэалогіі. Але людзям не ўдалося «збавіць» іншых людзей. І гэта не песімізм без падставы, а паражэнне. Гэта аб’ектыўная канстатацыя.

Уяўленне пра сталае і паступовае развіццё ў гісторыі, пачынаючы ад самых нізкіх ступеняў, ажно да ўсё больш высокіх мэтаў — гэта толькі ілюзія без трывалай асновы. Толькі з забабонаў, што чалавек можа быць «збавіцелем» сябе самога, могуць узнікаць тэорыі пра пастаяннае дасканаленне гісторыі і пра неабходнае прасоўванне чалавецтва ў кірунку ўсё больш шчаслівай будучыні. У гісторыі чалавецтва дзейнічаюць таксама негатыўныя сілы, сустракаюцца перыяды ўпадку, рэгрэсу і сапсавання. Значыць, чалавек сам па сабе не здольны канчаткова сябе збавіць. Але хто тады?


Аптымістычны прарок

Прарок Барух падчас трагічнага перыяду спусташэння краіны ў гісторыі свайго народу з незвычайнай адвагай — якая для яго так характэрна! — глядзіць на вобраз гібелі. Нават калі ён звяртаецца да разбуранага Ерузалема, ён чулліва падкрэслівае надзею і ў сваёй прарочай візіі бачыць аптымістычныя малюнкі, якія яго сучаснікі могуць лічыць непраўдзівымі або нерэальнымі.

Ён прадказвае свайму народу, сімвалам якога быў горад Ерузалем, новую будучыню, цудоўнае адраджэнне: пасля смутку прыйдзе радасць, пасля гібелі — росквіт, пасля галечы — дабрабыт, пасля падзелу — паяднанне. Хто будзе зачыншчыкам гэтых перамен? Ім будзе Бог, які аб’явіць сваю хвалу, з’яднае сваіх сыноў ад захаду на ўсход, пераможна прывядзе іх да сябе з усіх гарадоў і аб’яднае іх, панізіць горы і вечныя ўзгоркі, напоўніць даліны, каб Ізраэль ішоў цвёрда: «Бог будзе з радасцю весці Ізраэль». Ва ўсім літургічным чытанні пераважаюць дзеясловы, якія ўказваюць на ўсебаковую дзейнасць Бога: таму што Бог — адзіны, хто можа збавіць народ.

Цікава тое, што ўсе дзеясловы, дзейнікам якіх з’яўляецца Бог, звяртаюць увагу на дзейнасць, звязаную з будаўніцтвам новага грамадства, якое Бог хоча ўваскрасіць з пагібелі выгнання да новага жыцця.


Альтэрнатыва імперыі

Сіла імперыі цэзара Тыберыя знаходзіцца на вяршыне свайго росквіту. У Палестыне кіруе Понцій Пілат разам з іншымі намеснікамі Рымскай імперыі. Менавіта тады нарадзіўся ў Захарыя сын — Ян Хрысціцель. Ён не кіраўнік, ён жыве ў шатры, як бедуіны, няма ў яго ніякага валадарства, якое яму трэба было б абараняць. Акрамя свайго слова ён не мае ніякай улады, якую б ён прымяняў. Ян — бедны чалавек, у якога няма нічога акрамя надзеі ў Богу. Ён ідзе па краіне і абвяшчае Бога. Ян Хрысціцель — гэта супрацьлегласць цэзара Тыберыя, пана і валадара Рымскай імперыі, які сваімі законамі — законам пра перапіс насельніцтва і законам пра падаткі — умешваўся ў прыватнае жыццё людзей. Ян Хрысціцель не асмельваўся параўноўваць сябе з палітычнай уладай або правацыраваць яе. Ён заклікае людзей, каб яны навярнуліся сэрцам, запрашае іх: «Падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму!». Ён не рэвалюцыянер, які б выступаў супраць палітычных і эканамічных структур. Яны яго зусім не цікавяць. Ян Хрысціцель не рэфарматар, не палітык. Ён ідзе ў пустыню, дзе ёсць толькі людзі, гатовыя заснаваць новае грамадства.

Ян Хрысціцель абвяшчае збаўленне Божае: «І ўбачыць кожнае цела Божае збаўленне». Бог хоча выпрастаць крывыя сцежкі чалавека, зрабіць дасяжнымі непраходныя месцы, панізіць узгоркі, каб запанавала сацыяльная роўнасць. Ці не жадаюць усе гэтыя малюнкі звярнуць увагу на новае грамадства, на роўнасць паміж людзьмі, на свабоду і братэрства? Некаторыя знаўцы Святога Пісання сцвярджаюць, што гэтыя малюнкі не могуць мець сацыяльнага значэння, бо гаворка ідзе пра «свет», які стварыў Бог у сэрцах асобных людзей. Малюнкі, якія прадстаўляе Ян Хрысціцель, з’яўляюцца яснымі намёкамі на стварэнне новага грамадства, якое можа пабудаваць толькі Божая ласка.

Рымскі цэзар думаў, што ён са сваімі войскамі і зброяй паўсюль прынясе «збаўленне», якое называлася «pax romana» — рымскі мір. Ян Хрысціцель жа абвяшчае толькі моцаю Божага слова. У абодвух выпадках маецца прапнова новага свету: у выпадку рымскага цэзара гаворка ідзе пра рымскую дзяржаву, у выпадку Яна Хрысціцеля справа датычыць супольнасці веруючых у Езуса. Гэтая супольнасць не марыць пра дзяржаўны лад, нават не жадае яму канкурыраваць, не хоча будаваць нейкай дзяржавы, а хоча стаць братэрскай сям’ёй роўных людзей. Толькі там, дзе народзіцца падобная «супольнасць», можна сказаць, што ўжо існуе зародак прысутнасці Божага Валадарства.


Божая моц

Хто можа заснаваць «новую супольнасць», якую стварае не чалавек, а значыць, якая будзе адрознівацца ад дзяржавы? На гэтае пытанне дае адказ апостал Павел у другім чытанні, дзе гаворыцца пра Бога як пра таго, хто «распачаў у нас добрую справу», якою з’яўляецца хрысціянская супольнасць у Філіпах. Павел ведае, што такая цудоўная справа, як хрысціянская супольнасць, нараджаецца толькі з Божага дару, і таму Ён моліцца за яго. Ён паказвае таксама этапы або шляхі да будаўніцтва такой супольнасці:
а) «распаўсюджванне Евангелля», бо Хрыстовая супольнасць асноўваецца на Яго слове, а не на ўладзе ці грошах;
б) «спраўднае пазнанне і ўсебаковае разуменне, каб вы пазнавалі лепшае»: супольнасць Езуса атрымлівае з Евангелля крытэрыі неабходныя, для таго, каб адрозніваць, прымаць рашэнні, планаваць, рабіць па магчымасці лепшае ў гісторыі;
в) «плён праведнасці праз Езуса Хрыста»: гэта аднаўленне чалавека і грамадства, якое прыносіць плён, якое не з’яўляецца справай чалавека, а паходзіць з ласкі Езуса Хрыста.


Езус — гэта збаўленне

Ля ўзнікнення гэтай супольнасці стаіць воля і моц Езуса, які прагне справядлівай, міралюбівай братэрскай супольнасці роўных людзей, якія з даверам чакаюць Яго другога прыйсця. Супрацьлегасцю гэтага з’яўляецца ўлада, багацце, ідэалогіі, чалавечая воля і часта эгаістычныя патрэбы. З якога плану можа выйсці сапраўднае збаўленне чалавека?

Сцвярджэнне таго, што толькі Езус Хрыстус можа нас збавіць, — не пустая аратарская заява, якую нельга праверыць. Гэта сцвярджэнне разумнае: штодзённа мы канстатуем, што калі мы адхіляемся ад плана Езуса, то якасць нашага жыцця пагаршаецца. Тады жыццё ў грамадстве становіцца больш складаным і больш жорсткім, нашыя сэрцы напаўняе неўтаймаваны эгаізм. Тады нам неабходны больш справядлівыя і больш жорсткія законы, дзяржаўныя або абласныя мерапрыемствы, сацыяльныя або эканамічныя ініцыятывы. Дзейнічаючы такім чынам, мы ізноў рызыкуем, бо ўкладваем нашую надзею толькі ў чалавека.

Аднак святы Ян Хрысціцель прапануе нам будаваць грамадства на слове і моцы Месіі: усялякая наша ініцыятыва будзе паспяховай, калі яе крытэрыем будзе слова Пана. Выканаўшы гэтую ўмову, мы можам спадзявацца на адраджэнне свету.


ANTONIO BONORA, Seguire Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno C), Elle Di Ci 1988.

Абноўлена 13.11.2021 11:02
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця