Пошук

29.11.2012 00:00  

1 чыт. Ер 33, 14-16; Пс 25 (24), 4-5ab. 8-9. 10 i 14.
2 чыт. 1 Тэс 3, 12 - 4, 2.
Ев. Лк 21, 25-28. 34-36
.


Чаканне новага свету

Чаканне — гэта пачуццё, якое мы зведваем штодзённа. Чаканне выклікана тым, што нам чаго-небудзь нестае ці хто-небудзь знаходзіцца далёка ад нас, або яно паходзіць з пэўнага непакою, якое выплывае з нядобрай рэчаіснасці. Ва ўсіх выпадках чаканне арыентуецца на новую «будучыню». Праз чаканне чалавек адасабляецца ад самога сябе, робіць планы, займае пазіцыю прыняцця.

Часта мы бываем расчараванымі або нам не хапае поўнага даверу, і таму разам з чаканнем нараджаюцца неспакой, сумненні і скептыцызм. Вельмі складана перажываць чыстае і нічым не парушанае чаканне. Тым больш, што вакол нас мноства «таямнічых запэўнівацеляў», якія штодзень імкнуцца запэўніць нас, заманіць рэкламай, рознымі абяцаннямі — амаль заўсёды падманлівымі, сумніўнымі ці несур’ёзнымі.

Адвэнт — гэта абяцанне і чаканне. Аднак ці зможам мы паверыць Божаму абяцанню? Ці ўдасца нам зразумець, што Божае абяцанне — гэта адзінае абяцанне, якое нас ніколі не падмане і якое апраўдае нашую надзею? Ці адкажа Бог на нашыя чаканні, нашыя мары і патрэбы?


Прарок у буры

У першым чытанні мы чуем голас няшчаснага і ўсхваляванага прарока, які са сваім народам перажываў сумныя падзеі, калі Ерузалем быў захоплены (587 г. да н. э.), а яго жыхары цярпелі выгнанне. Што можна сказаць і чаго можна чакаць у такой сітуацыі?

Ерамія нагадвае пра абсалютную вернасць Бога, які кажа: «Я выканаю абяцанне, якое абвясціў». У няшчасці, бядзе, без чалавечай падтырымкі, відавочна, што ніхто акрамя Бога не можа прыйсці на дапамогу. А Бог верны, Ён стрымае свае абяцанні, Ён пастаянны і не змяняе свае падыходы, у Яго ёсць сіла рэалізоўваць свае планы. Акрамя гэтага, Божыя абяцанні — гэта заўсёды і выключна «абяцанні шчасця, дабра».

Што абяцае Бог? У тэксце прарока Ераміі ўжыты розныя выразы: права, справядлівасць, збаўленне, мір. Гэта сінонімы, якія скіроўваюць увагу да справядлівага і міралюбівага грамадства. Такое грамадства сімвалічна прадстаўляе сабою горад Ерузалем, які атрымлівае сімвалічную назву: «Пан — наша справядлівасць». Такім чынам, Божае абяцанне датычыць аднаўлення ў часе, якое не адхіляецца ад гісторыі, але здзяйсняецца ў гісторыі.

Да выгнання прарок Ерамія абвяшчаў тыя ж словы, але з часткова іншым значэннем. Ён яшчэ спадзяваўся, што знойдзецца справядлівы цар, якога ён акрэсліў як «Парастак Справядлівасці», і якога ён называў бы «Пан — справядлівасць наша». Аднак калі загінуў апошні юдэйскі цар, прарок зразумеў, што Божыя абяцанні спаўняюцца не ў форме дзяржаўнага парадку і нават не ў чалавечых сэрцах. Цяпер, пасля трагедыі выгнання, прарок кажа пра «Парастак Справядлівасці», які адносіцца да ізраільскага народа і горада, які называецца «Пан — наша справядлівасць». Значыць, Ерамія чакае і верыць у адноўленае грамадства, якое з’яўляецца справай Божага добрага, шчырага і таямнічага дзеяння, і таму нельга яго параўноўваць з палітычнай дзяржавай.


Супольнасць хрысціянаў

Урывак з Паслання апостала Паўла ў другім літургічным чытанні падкрэслівае некаторыя асноўныя аспекты новай «супольнасці», якой жадаў Езус і якую павінны былі стварыць хрысціяне. Хоць і было зразумела, што гэтай супольнасці ўвесь час расці і ўдасканальвацца. Асноўнай характарыстыкай супольнасці вучняў Езуса з’яўляецца «любоў адно да аднаго і да ўсіх», а значыць абавязкам усіх хрысціянаў з’яўляецца любіць адно аднаго, нягледзячы на ніякія адрозненні.

Асноўная норма паводзінаў хрысціянаў — «дагаджаць Богу». Такая Божая воля — весці сябе так, каб гэта падабалася Богу, а значыць чыніць паводле Божай волі. А Божай воляй, якая гучыць праз усё Святое Пісанне, з’яўляецца тое, каб мы стварылі Яго сям’ю, каб мы былі Яго супольнасцю. Будаваць супольнасць — гэта маральная норма хрысціянаў. Гэта тое самае, што Ерамія акрэсліў словам «справядлівасць».

Супольнасць Езуса ідзе насустрач часу «прыйсця Пана нашага, Езуса, з усімі Ягонымі святымі». Такім чынам, трэцяй характарыстыкай з’яўляецца тое, што гаворка ідзе пра супольнасць Яго прыйсця і чакання. Езус ужо прысутнічае і актыўна дзейнічае ў сваёй супольнасці. Ён кіруе ёю на яе шляху ў гісторыі, умацоўвае яе, і Ён з’яўляецца «будучыняй Касцёла». Супольнасць Езуса не чакае матэрыяльнага раю, яна чакае свайго Пана — Езуса Хрыста. Сапраўды, Езус з’яўляецца апошняй будучай хрысціянскай рэальнасцю. Апостал Павел такім чынам выдаліў кантраст паміж унутраным і знешнім, прычым ён прапануе — як абавязак хрысціянаў — стварыць адноўленую супольнасць, якая цалкам залежыць ад Езуса. Ён пераадолеў таксама палярнасць паміж цяперашнім і будучым, бо Езус ужо прысутнічае ў сваім Касцёле і адначасова стварае будучыню свайго Касцёла.


Вызваленне ўжо блізка

Істотным малюнкам сённяшняга ўрыўка з Евангелля, акружанага далейшымі шматлікімі сімвалічнымі вобразамі, з’яўляецца апісанне прышэсця Сына Чалавечага. Прышэсце Сына Чалавечага паказвае цяперашняе, якое ўжо пачалося служэннем Езуса, усім Яго жыццём у гісторыі. Яно азначае не толькі аддаленую будучыню, але і скрытае сённяшняе, якое імкнецца да таго, каб стаць адкрытым. Бо прыйсце Сына Чалавечага «з моцаю і славаю вялікай» ужо адбылося праз смерць і ўваскрасенне Езуса з памерлых. Тады сапраўды мы можам сказаць, што адкупленне «ўжо набліжаецца», што яно тут, што яно не аддалена ад нас, яно блізка.

Праблема заключаецца ў тым, каб здолець пазнаваць скрытую і таямнічую прысутнасць нашага адкуплення: «Зважайце ж на сябе, каб сэрцы вашыя не былі абцяжараныя пахмеллем і п’янствам, і жыццёвымі клопатамі». Тут пералічваюцца адмоўныя фактары, якія могуць перашкодзіць ясна «бачыць» сучаснае прыйсце Езуса, Сына Чалавечага, — нашага адкуплення.

Сённяшні ўрывак з Евангелля — гэта не апісанне таго, якім будзе канец свету, а выклік, каб мы адрознівалі збаўчы памер цяперашняга, бо ў ім схаваны Сын Чалавечы. І выклік Езуса мы павінны разумець такім чынам: «Калі ж гэта пачне адбывацца, тады выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя, бо набліжаецца адкупленне вашае». Тут гаворка ідзе не пра тое, каб мы ўжо скіроўвалі сябе на канец свету, а каб у сучасным распазнавалі нечаканую і незаслужаную прысутнасць Сына Чалавечага. На жаль, з-за нашай малой веры мы часта думаем, што цяперашняе не нам прапануе нічога добрага, або яно здаецца нам пустым і аднастайным.

Што, з гэтага пункту гледжання, азначае нашае чаканне і наша надзея? Якім чынам, мы, хрысціяне, даём сведчанне пра надзею, якую мы носім у сабе? Мы павінны паказаць, што «нашае адкупленне» сапраўды блізка, што яно ўжо тут, не толькі ў душах, але і ў асобах і ў чалавечым грамадстве.

Новая будучыня можа нарадзіцца толькі з цяперашняга: у цяперашнім мы павінны здолець распазнаць і прыняць прыйсце Сына Чалавечага.


Экзэгетычная заўвага: справядлівасць

Біблейскі габрэйскі выраз «справядлівасць» (sedaqá) азначае «збаўленне супольнасці». У гэтым слове заўсёды аб’ядноўваюцца два паняцці: збаўленне і супольнасць. Калі ў Святым Пісанні гаворыцца, што Бог «справядлівы», гэта значыць, што Бог робіць усё магчымае, каб нас збавіць і ўчыніць з нас сваю супольнасць.

«Справядлівы» чалавек — гэта не той, хто дзейнічае з павагі да нормаў ці абстрактных прынцыпаў, але той, хто прымае Божае збаўленне і такім чынам будуе Божую супольнасць. Таму выраз «справядлівы» мы можам перакласці двума неаддзельнымі выразамі: «быць верным супольнасці» і «быць карысным».

Святое Пісанне ніколі не ўздымае праблему прымірэння «справядлівасці», «міласэрнасці» і «дабрачыннай любові», як мы гэта часта робім, бо і міласэрнасць і любоў маюць істотныя адносіны да збаўлення і супольнасці як выраз «справядлівасці». Бог — справядлівы. Гэта значыць, Ён хоча збавіць і стварыць супольнасць менавіта таму, што Ён міласэрны, а значыць Ён — любоў і збаўчая дабрыня.


ANTONIO BONORA, Seguire Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno C), Elle Di Ci 1988.

Абноўлена 05.11.2019 14:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця