Пошук

17.10.2012 00:00  

1 чыт. Іс 53, 10-11; Пс 33 (32), 4-5. 18-19. 20 i 22.
2 чыт. Гбр 4, 14-16.
Ев. Мк 10, 35-45 альбо (карац.) Мк 10, 42-45
.


Касцёл, які служыць

Давайце паглядзім вакол сябе і прыслухаемся да галасоў нашага часу: хто хоча служыць? Уся сучасная культура выражае пратэст супраць розных формаў адчужэння і прыгнёту. Было б няправільна і памылкова не бачыць і не паважаць удзелу сучаснага свету ў абароне чалавечай годнасці і правоў чалавека. Аднак нельга таксама абвяргаць тое, што культура прасоўвае канкурэнцыю, суперніцтва, узаемную барацьбу, гонку за грашыма, уладай, за прызнаннем у грамадстве. Гаворка ідзе пра відавочную, яскравую супярэчнасць, бо годнасць і права чалавека захоўваюцца толькі тады, калі людзі гатовы служыць адно аднаму. Аднак культура сучаснага свету кажа табе: «Вазьмі сабе!» Такім чынам яна дае права на існаванне эгаізму і індывідуалізму, а значыць барацьбы ўсіх супраць усіх.

На жаль, мы можам лёгка ўпэўніцца ў тым, што сённяшняе грамадства перапоўнена канфліктамі і насіллем і што яно базуецца на суперніцтве і барацьбе. Езус прапануе альтэрнатыўнае грамадства, якое знаходзіцца ў поўнай і вострай супрацьлегласці ўсім дзяржавам свету. Аднак гэта не азначае, што Касцёл хоча быць грамадствам, якое з’яўляецца супрацьлегласцю ўсім іншым дзяржавам. Касцёл хоча быць супольнасцю збаўленых і свабодных людзей, здольных па-братэрску любіць адно аднаго і служыць адно аднаму, супольнасцю людзей, у якой усе роўныя, бо ўсе яны — члены Божай сям’і.


Слуга Ізраэль

«Слуга» — гэта ізраільскі народ, прадстаўлены адной асобай. Ён быў нібы «парасткам з сухой зямлі», але Бог яго не пакінуў. Палон скараціў колькасць членаў ізраільскага народу. Ізраэль параўноўваецца з чалавекам, якім людзі пагарджаюць. Цяжкае выпрабаванне ў палоне перамяніла Ізраэль у «мужа смутку». Аднак пакуты ў палоне не чужыя Божай задуме, яны не выходзяць з-пад увагі і збаўчай улады Пана: «Пан пажадаў раздавіць яго цярпеннем».

Язычнікі думаюць, што Бог адпомсціў свайму нявернаму народу. Аднак у сапраўднасці Бог глядзіць на смутак свайго народу з пункту гледжання цудоўнага збаўлення. У палоне Ізраэль навучыўся «прыносіць жыццё сваё ў ахвяру за грахі». Не жывёліны, а сам народ становіцца ахвярай уміласціўлення Богу. Бог прымае ахвяру свайго народу і дае яму «вечнае патомства» і доўгае жыццё. Такім чынам будзе спаўняцца воля Пана, іншымі словамі — Яго задума збаўлення. А гэта значыць, што і для іўдзеяў у палоне ёсць будучыня: «За цярпенні сваёй душы ён убачыць святло і ім насыціцца».

Блізкае, асабістае «пазнанне» Бога насыціць народ, і той адчуе радасць ад жыцця з Панам. Аднак у Ізраэля таксама ёсць пакліканне ў адносінах да чалавецтва: «Мой справядлівы слуга апраўдае многіх і сам панясе іхнія правіны». «Многія» — гэта перш за ўсё ізраільскі народ. Слуга, Ізраэль, панясе грахі Ізраэля і прынясе збаўленне Ізраэлю. У тым, што Ізраэль мае пакліканне ў адносінах да самога сябе, няма супярэчнасці: мы можам параўнаць гэта з Касцёлам, які з’яўляецца пасрэднікам збаўлення перш за ўсё для сваіх членаў. Аднак не выключана, што слова «многія» мае больш шырокае значэнне, якое выкарыстана наўмысна, каб у пакліканне Ізраэля былі ўключаны ўсе народы.


Слуга Езус

Езус з’яўляецца вышэйшым і сапраўдным першасвятаром, які меў непасрэдны доступ да Бога, таму што Ён уваскрос з памерлых і такім чынам увайшоў у Божы свет. Ён — Божы Сын, і таму не выконвае абавязкі святарства як язычнікі ці як святары Старога Запавету. Езус нясе чалавецтва ў самім Божым сэрцы. Таму няма прычыны вагацца ці сумнявацца, і таму мы «будзем цвёрда трымацца вызнання нашага».

У той жа час Езус таксама, як і мы, з’яўляецца чалавекам, «які, паводле падабенства, зведаў усе выпрабаванні, акрамя граху». Ён ведае, што такое жыць, цярпець і змагацца. За выключэннем граху Езус ва ўсім перажыў нашу чалавечую прыроду, і таму Ён можа спачуваць нашым слабасцям.

Езус з’яўляецца «тронам ласкі», Божым Сынам і чалавекам выпрабаваным, як і мы, ва ўсім, акрамя граху. Таму Ён і з’яўляецца прычынай і асновай нашага поўнага даверу, крыніцай Божай міласэрнасці, крыніцай дапамогі, якая прыходзіць у належны час.

Езус з’яўляецца правілам жыцця Касцёла і жыцця кожнага хрысціяніна. Вось які шлях Езуса: да хвалы прыходзяць толькі праз цярпенне. У свеце насілля і граху, у якім мы ўсе жывём, нельга пазбегнуць пакутаў і смерці. Нават Езус не быў вызвалены ад іх. Езус таксама пратэставаў і супраціўляўся пакутам і смерці, але Ён змог прайсці праз цёмны калідор цярпенняў і смерці так, што нават гэты жахлівы досвед меў сэнс і каштоўнасць: ва ўсіх выпадках Ён кіраваўся любоўю і безумоўным даверам Богу.


Хрысціянін як слуга

У размове Езуса з сынамі Забэдэя з’яўляецца кантраст паміж грамадствам гэтага свету і супольнасцю Езуса. Сыны Забэдэя просяць Езуса, каб пасадзіў іх у сваім Валадарстве праваруч і леваруч сябе, каб яны мелі ўладу. Аднак Езус ім кажа, што шлях да збаўлення вядзе праз пакуты. «Келіх» — гэта метафара, якая азначае пакуты. «Хрост» азначае пагружэнне ў смерць, якая чакае Езуса. Таму Езус кажа пра іх удзел у Ягоным лёсе. Ці гатовы яны пайсці за Ім па крыжовым шляху? Ці гатовы не шукаць высокага становішча ў будучым веку, бо ўдзел у хвале Езуса як Суддзі Ізраэля залежыць ад Айца.

Езус тлумачыць Дванаццаці правіла хрысціянскай супольнасці, якая перш за ўсё з’яўляецца супрацьлегласцю грамадстваў свету, пабудаваных на жаданні праўлення і ўлады, на суперніцтве і насіллі: «Але не так няхай будзе сярод вас».

Супольнасць Езуса павінна радыкальным чынам адрознівацца. Езус абвяшчае канстытуцыю Касцёла: «Хто хоча быць найбольшым сярод вас, няхай будзе вам слугою; і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе нявольнікам усіх».

Па жаданні Езуса супольнасць асноўваецца на ўзаемным братэрскім служэнні. І гонар становішча чалавека будзе вынікаць з яго служэння. Аднак служэнне гэтае павінна быць такім, якім яно было ў Езуса: «Бо і Сын Чалавечы не на тое прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх». Так, жыццё хрысціянскай супольнасці кіруецца прыкладам Езуса Хрыста, Яго гатоўнасцю прынесці ў ахвяру жыццё дзеля іншых. Калі Касцёл жыве як Езус, ён з’яўляецца прыкладам альтэрнатыўнага грамадства перад людзьмі, якія не з’яўляюцца Божымі дзецьмі. Шлях Езуса — адзіная ісціна і норма для ўсяго Касцёла. Праз тое, што Касцёл імкнецца жыць так, як Езус, ён будуе ў свеце іншае грамадства.

Касцёл — гэта «свет», як і ўсё чалавецтва, аднак ён з’яўляецца «светам» збаўленым і пабудаваным дакладна як Божая сям’я. У сям’і служэнне не з’яўляецца нечым прыніжаючым, таму, служачы, мы не адчуваем прыніжэння ці прыгнёту. Мы служым не дзеля таго, каб атрымаць уладу. Адзіным матывам, дзеля якога мы служым у сям’і адно аднаму, з’яўляецца любоў. Так павінна быць і ў Касцёле.


ANTONIO BONORA, Fare come Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno B), Elle Di Ci 1987.

Абноўлена 28.09.2021 23:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.