Пошук

02.05.2014 10:56  

Дарагія браты і сёстры! Сёння Езус Хрыстус запрашае нас, як калісьці сваіх вучняў, прайсці з Ім шлях з Ерузалему да Эмаўса. І хоць геаграфічная адлегласць гэтага падарожжа дзесьці каля 12 кіламетраў, аднак нас Хрыстус запрашае прайсці яго ў духоўным плане. Настаўнік з Назарэта жадае паказаць нам сэнс згубленай надзеі.

Дарагія! Нашае сэрца прагне такога жыцця, якое здольнае тут, на зямлі, забяспечыць нам супакой і напоўніць нас сапраўднай радасцю і шчасцем. Мяркую, што такое жаданне ўласціва кожнаму з нас.

Як жа часта мы сумуем па спакойным жыцці: без цярпення, без цяжкасцяў, без праблем, каб усё складвалася так, як мы гэтага хочам. Даволі рэдка мы можам спаткаць такіх людзей, якія на працягу некалькі год або некалькі дзясяткаў год цешацца такім спакоем і радасцю, такім жыццёвым шцілем. Найчасцей такое жыццё можна заўважыць у асобаў мала веруючых, няверуючых або абыякавых да рэлігійнага і духоўнага жыцця. У жыцці сапраўднага хрысціяніна такіх доўгіх перыядаў шчасця і супакою амаль няма.

Вельмі часта, калі пачынаем рэалізоўваць нашыя прагненні ў сваім жыцці, то заўважаем, што рэалізаваць іх не так проста, і гэта нас можа прыгнятаць, знеахвочваць ці нават расчароўваць. Бо нейкія нашыя чаканні ў жыцці не спраўдзіліся. І тады мы апынаемся перад абліччам няздзейсненай або нерэалізаванай, а можа, нават згубленай надзеі.

Мае дарагія, падобнае было і ў жыцці вучняў Езуса Хрыста. Яны спачатку былі перакананыя ў тым, што вось надыходзіць той доўгачаканы момант для іх айчыны, калі яны ўрэшце змогуць пазбавіцца ад рымскага прыгнёту і цешыцца свабодаю і незалежнасцю. Гэта было іх марай, іх чаканнем. Вучні марылі аб такой свабодзе. Яны нецярпліва чакалі таго моманту, калі ўлада рымскага намесніка ўрэшце будзе знішчана, калі адыдзе варожы гарнізон рымскіх легіянераў, чакалі, калі народ самастойна будзе вырашаць лёс сваёй краіны, сваю будучыню. І здавалася, што гэты момант вельмі блізка.

З’явіўся Месія, які абвясціў, што валадарства Яго ўжо хутка наступіць. У Яго было 12 апосталаў, вялікая колькасць вучняў, а значна больш у Яго было, як мы цяпер можам сказаць, паклоннікаў. І ў адну ноч усё зруйнавалася. Месію арыштавалі, найбліжэйшыя вучні, спаралізаваныя страхам, разбегліся хто куды, а рэшта не хацела наогул Яго знаць. Прайшло ўжо тры дні, “а мы спадзяваліся”, кажуць вучні па дарозе ў Эмаўс.

Можна ўявіць сабе гэтую карціну: ідуць маркотныя вучні, звесіўшы галовы, задуменныя і засмучаныя. Да іх далучаецца Езус, якога яны спачатку не пазналі, а прынялі за аднаго з вандроўнікаў, які прыйшоў у Ерузалем і не ведаў, што адбылося ў гэтыя дні.

Аднак Хрыстус ім пачынае тлумачыць, што іх прагненні шчаслівага жыцця на зямлі, стварэння ідэальнага грамадства: справядлівага, з вялікімі перспектывамі - гэта не што іншае, як будаванне паветраных замкаў. Бо жаданні вучняў сканцэнтраваны толькі на зямным і таму назаўсёды застануцца толькі жаданнямі, якія па сваёй сутнасці не здольныя да канца заспакоіць сэрцы. Але не так павінна быць! Не такія скарбы належыць вам шукаць. Бо так трэба было, каб Месія цярпеў, так трэба было, каб Яго замучылі. Так трэба было…

Дарагія браты і сёстры Езус паказвае сваім вучням і нам з вамі сэнс згубленай надзеі. Вучні ўжо штораз лепш пачынаюць Яго разумець, сэрцы іх палаюць радасцю, але яны яшчэ не да канца адкрылі вартасць таго, што сказаў ім Езус. Толькі калі яны запрасілі Езуса на вячэру падчас ламання хлеба, адкрыліся ім вочы і пазналі, што гэта ЕЗУС. Пасля чаго Настаўнік знік.

Тады вучні зразумелі, што сапраўды не так важна, вольная бацькаўшчына ці не, кіруе ёй рымскі намеснік ці не; знаходзіцца на іх зямлі войска чужынцаў ці не. Чалавек, нягледзячы на ўсе свае абмежаванні, можа быць шчаслівым, калі вартасці, якімі ён жыве, вечныя, і толькі тады яны робяць яго шчаслівым. Вучні, зразумеўшы гэта, адразу, нават не скончыўшы вячэраць, спяшаюцца назад да Ерузалема, каб спаткацца з тымі, хто ўжо ўдзельнічае ў гэтым шчасці. Шчасці Уваскрослага Хрыста.

Нашыя чалавечыя прагненні, нават найпрыгажэйшыя, заўсёды будуць ацэньвацца паводле чалавечай меры. Аднак Бог жадае ашчаслівіць нас паводле сваёй меры – Божай. Ён падрыхтаваў нам дары ў тысячу разоў большыя, чым мы прагнем.

Вучні, вяртаючыся з Эмаўса, былі ўпоўні шчаслівымі, хоць і не было гэта па прычыне рэалізацыі іх прагненняў. Бо шлях да шчасця не праходзіць абавязкова праз рэалізацыю таго, што мы хочам або аб чым марым, толькі праз тое, што прагне Бог для нас. І толькі Ён адзіны мае магчымасць нас па-сапраўднаму зрабіць шчаслівымі. І чалавек так доўга будзе мучыцца на зямлі, пакуль не зразумее гэтую праўду, пакуль ёю не пачне жыць. Бо калі мы жывем выключна сваімі прагненнямі, то нашае жыццё становіцца падобным да пешаходнага пераходу: чорна-белым, а наша  надзея, не паспяваючы нарадзіцца, тут жа знікае.

Дарагія браты і сёстры! Хрыстус заклікае нас, каб мы перагледзелі сваё жыццё. Колькі было ў ім радасці, колькі расчаравання. Колькі было надзеі ў нас, калі мы распачыналі вучобу, калі планавалі сямейнае жыццё, а колькі надзеі мы мелі на выхаванне дзіцяці, на пераезды, засяленні, надзеі, звязаныя са здароўем, з выздараўленнем… Столькі было надзеі.

Але надышоў момант, калі не ўсе гэтыя нашыя прагненні нам удалося рэалізаваць. І, можа, неаднойчы мы задавалі сабе пытанне: чаму так са мною сталася? За што мяне Бог карае?.. Дарагія, Бог не карае… Асабліва праз няўдачы Бог жадае паказаць нам скарб, якога ніколі не з’есць моль, ані пашкодзіць іржа. Гэты скарб збудаваны на моцным фундаменце, а гэтым фундаментам з’яўляецца ўваскрослы Езус. Кожнае расчараванне, кожная згубленая надзея мае незвычайна глыбокі сэнс. І толькі Бог ведае, чаму не споўніліся некаторыя нашыя прагненні і мары, і толькі Ён хоча, каб гэтыя нашыя прагненні былі больш поўнымі і дасканалымі. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 15.03.2023 22:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця