Пошук

25.09.2013 12:44  

1 чыт. Ам 6, 1a. 4-7; Пс 146 (145), 6c-7. 8-9a. 9bc-10. 
2 чыт. 1 Цім 6, 11-16. 
Ев. Лк 16, 19-31.

Сёння, як і раней, людзі з вялікай радасцю звяртаюцца да лозунгаў і рацэптаў і рабскі паддаліся модзе і таму, у чым пераконвае грамадскае меркаванне. Калі яны разважаюць пра тое, ці праўдзівы нейкі выраз, то карыстаюцца утылітарысцкімі крытэрыямі. Шукаць праўды – гэта складаны працэс. Спакусы нашага часу праяўляюцца ў тым, што мы становімся ахвярай прапаганды, забаваў, няўважлівасці і безадказнасці, эгаізму і насілля. Калі мы паддаёмся спакусам, то ствараем сабе новых «багоў» — гэта багацце, поспех, імкненне падабацца, слава і г.д.

Барацьба веры

Другое чытанне нас падбадзёрвае пазбягаць фальшывых рэчаў, каб мы імкнуліся быць справядлівымі, пабожнымі, цярплівымі, сціплымі, умеркаванымі, каб стараліся з усіх сілаў развіваць веру і любоў, каб наша барацьба была «добрай барацьбой веры». Нас запрашаюць ажыўляць унутраную любоў да ўсяго, што праўдзівае, добрае, што прыносіць радасць і адкрывае нас у адносінах да іншых. Нам трэба пазбаўляцца ад дэпрэсіі і пагарджэння, якія ствараюць апатычнае або варожае стаўленне, што афарбоўвае неба нашага быцця свінцовай сівізной. На аснове карціны барацьбы мы можам зразумець, што вера патрабуе барацьбы, натхнёнага даследавання, энергіі і рашучай волі жыць і прымаць удзел у добрых справах. Смяротным ворагам веры з'яўляецца павярхоўнасць, якая робіць рэчы звычайнымі, нязначнымі і адкрывае шлях да таго, што зменлівае і часовае. Экзамен па «правільным веравызнанні» вытрымалі і мы, хаця толькі часам! Навошта тады хадзіць, як гэта з намі бывае, толькі па прамой, аднатыповай і пратаптанай сцежцы?

Спажыванне і нячуласць

Урывак з кнігі прарока Амоса з'яўляецца ўражваючай карцінай «спажывецкага грамадства» ізраэльскай дзяржавы таго часу. Ложы са слановай косці, вялікі выбар страваў, музыка на гасцінах, дарагая парфума, розныя прыемныя віды віна; усё гэта і ёсць прыкметы неўтаймаванай раскошы сібарыцкага грамадства. Усё гэта суправаджаецца фактам, што гэтыя тлустыя, абыякавыя людзі зусім не перажываюць з-за падзення Юзафа. Падобна да багатага чалавека з Евангелля паводле Лукі, яны не клапоцяцца аб бедных у краіне (якія абазначаюцца як Юзаф), паграджаюць Божымі планамі і Яго воляй. Раскоша і асалода ад жыцця зрабілі іх нячулымі ў дачыненні да бліжніх і Бога. «Род Юзафа», іншымі словамі народ, мог быць нават знішчаным, але гэта іх не трывожыць. Краіна ідзе насутрач знішчэнню, але яны пра гэта не думаюць, не заўважаюць гэтага. Такім чынам працягваецца «крык распешчаных». Не трэба вельмі напружвацца, каб мы ў пасланні Амоса ўбачылі актуальнасць нашых часоў і нашага грамадства, дзе ёсць і бедныя, калекі і ўбогія ўсіх відаў, а гэтыя прыхільнікі асалоды (якімі маглі б стаць і мы) іх проста не заўважаюць.

Прыпавесць пра багатага чалавека


Прыпавесць пра багатага чалавека і жабрака заслугоўвае таго, каб мы яе ўважліва разгледзелі не толькі з-за шматлікіх каштоўных павучэнняў, але і таму, што ў народнай традыцыі яна набыла розныя недакладныя трактоўкі. Напрыклад, у евангеліста не было намеру супрацьпастаўляць багатых і бедных з пункту гледжання грамадскага канфлікту.

Прыпавесць яўна складаецца з дзвюх частак: першая займаецца лёсам тых, хто любіць грошы, другая ж разглядае магчымасць пазбегнуць такога лёсу. Езус гэтай прыпавесцю звяртаецца да фарысеяў, паводзіны якіх адлюстроўваюцца ў паводзінах багатага чалавека. Таму зразумелая і другая частка, прызначаная для тых, хто чуе і ведае «Майсея і прарокаў»: калі б яны слухалі іх, ведалі б, як пазбегнуць лёсу, які чакае багатага чалавека; калі яны іх не паслухаюцца, ім не дапаможа нават уваскрасенне памерлага. Відавочна, што евангеліст тут думае пра ўваскрасенне Езуса, якое вельмі мала паўплывала на фарысеяў і на Ізраэль. Багаты чалавек і яго браты паказваюць, куды вядзе слепата Ізраэля ў дачыненні да старазапаветнай з'явы: Святое Пісанне кажа пра Хрыста і вядзе да Яго. Не слухаць Святога Пісання роўна таму, як перашкодзіць магчымасці зразумець самога Хрыста.

Галоўнай дзеючай асобай першай часткі з'яўляецца багаты чалавек, які «апранаўся ў парфіру і тонкае палатно і кожны дзень цудоўна банкетаваў». Апісваецца яго багацце, але нічога не гаворыцца пра яго мараль (ён не злы чалавек, не распуснік). Таксама для беднага не прыводзяцца ніякія рэлігійныя або маральныя характарыстыкі: ён толькі «ляжаў каля брамы ў струпах і хацеў насыціцца тым, што падала са стала багацея. Сабакі ж прыходзілі і лізалі струпы ягоныя». З гэтага нельга проста выводзіць папрок багатаму, як на гэта намякалі пераспічыкі Святога Пісання. Справа датычылася выяўлення крайняй беднасці чалавека. Перад намі дзве сітуацыі: велізарнае багацце і страшная беднасць.

Але прыходзіць смерць: «Памёр жабрак... Памёр і багаты». Сітуацыя змяняецца: бедны знаходзіцца на ўлонні Абрагама, багаты – у пекле ў пакутах. Евангеліст не мае намеру апісваць іншае жыццё: гэта жытло мёртвых, але яно абазначае дзве супрацьлеглыя сітуацыі: нязменныя, назаўсёды вызначаныя смерцю, без магчымасці замяніць адну другой. Мараль – у тым, што тыя, хто цяпер на зямлі шчаслівы, будуць няшчаснымі, і наадварот.

Пасланнем гэтай прыпавесці з'яўляецца выклік да навяртання, якое засноўваецца на Божым слове, не патрабуючы ніякіх пазачарговых з'яваў.

Абмяркоўваецца таксама права бедных, а таксама – ускосна – небяспека багацця. Вечнае пакаранне багатых не неабходна, калі яны навернуцца і стануць лепшымі. Тут падкрэсліваецца менавіта «любоў да грошай», а не валоданне грашыма. Багаты чалавек з прыпавесці сваю схільнасць, якую павінен быў праяўляць да Бога, праяўляў да грошай, значыць да мамоны. Ён адмаўляў гэтым абсалютную ўладу Бога над сваім жыццём і не прызнаваў яе. Такім чынам ён замкнуўся ў сваёй радасці, не заўважаючы беднага каля брамы, не заўважаючы правоў Бога. Цяпер ён павінен адчуваць наступствы. Нарэшце, збаўленне аб'явіцца як Божая ласка, якая абірае беднага, узвышае яго і благаславіць, каб такім чынам паказаць нічым не абмежаваную свабоду Божай бясконцай любові.

ANTONIO BONORA, Seguire Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno C), Elle Di Ci 1988.

Абноўлена 05.09.2022 22:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.