Пошук

18.09.2013 23:41  

1 чыт. Ам 8, 4-7; Пс 113 (112), 1-2. 4-6. 7-8.
2 чыт. 1 Цім 2, 1-8.
Ев. Лк 16, 1-13 альбо (карац.) Лк 16, 10-13.

Служыць Богу ці мамоне?

Мы ўсе ведаем цяжкія сацыяльныя праблемы, якія турбуюць чалавецтва. Беднасць краін «трэцяга свету» ў параўнанні з насычанасцю багатага грамадства, эксплуатацыі даведзеных да ўбогасці масаў, нелады з-за станаўлення справядлівай зарплаты і іншае.

Сродкі масавай камунікацыі нам у бездані сваёй інфармацыі пастаянна прыносяць бязрадасныя карціны сацыяльнай несправядлівасці. Аказваецца, што два вялікія праекты і абяцанні, якія ўвасабляюць дзве палітычныя сусветныя сістэмы (капіталізм і сацыялізм), з дня ў дзень усё менш здольныя адказаць на законныя моцныя жаданні чалавецтва жыць у справядлівасці, якая становіцца як бы яго крыкам або безнадзейнай пакорнасцю лёсу. У Касцёла няма падрыхтаванага рэцэпту або патэнту для вырашэння ўсіх сацыяльных праблем. Падобна да таго, як усе грамадскія ўстановы, Касцёл таксама шукае рашэння. У яго асноўнае пасланне, прыняццем якога можна было б накіраваць высілкі асобных людзей і нацый для дасягнення гармоніі ў агульнай «культуры», якой з’яўляецца культура салідарнасці. Салідарнасць – гэта паняцце, з дапамогай якога мы абазначаем узаемны давер і дапамогу, супрацоўніцтва і камунікацыю, сумесную адказнасць і ўзаемнае прыняцце ўдзелу ў вырашэнні праблем.

Аснова салідарнасці

Хрысціянская салідарнасць бярэ свой пачатак у Богу, «які хоча, каб усе людзі былі збаўлены і дайшлі да пазнання праўды». «Бо адзін Бог і адзін пасрэднік паміж Богам і людзьмі: Чалавек Езус Хрыстус, які аддаў сябе самога на водкуп за ўсіх».  Бог – для ўсіх нас. Ён паслаў Езуса, які памёр на водкуп усіх. Бог нас усіх аб’ядноўвае ў сваёй волі збавіць нас. Вера абвяшчае і пацвярджае Божую ўладу, якая прыносіць адкупленне, аднак яна не прысвойвае сабе ўлады над людзьмі, але наадварот – вядзе вернікаў да таго, каб яны служылі іншым. Вера асвойвае падыход і паводзіны Езуса, які прынёс сябе ў ахвяру дзеля іншых. Адпаведна, культура салідарнасці нараджаецца з веры.

У гэтым рэчышчы знаходзіцца і прапаведванне прарока Амоса ў першым чытанні: «Паслухайце гэта вы, што ўціскаеце убогага і даводзіце да галечы беднага». Больш за тое, гэтыя прыгнятальнікі вельмі нецярпліва чакаюць, пакуль скончыцца «час маладзіка», значыць свята, каб яны маглі працягваць сваю эксплуатацыю. Да гэтага належаць падманы ў гандлі, ужыванне няправільных вагаў, памяншэнне меры, падман пры ўзважванні прадуктаў, продаж сапсаваных або пашкоджаных тавараў, павышэнне кошту, продаж бедных у якасці рабоў або прыгнятанне тых, хто не можа выплаціць сваіх даўгоў. Усё здаецца законным, але ў сапраўднасці прыбытак з’яўляецца вышэйшым законам гэтых прыгнятальнікаў і грошы становяцца боствам, якому яны служаць.

Няверны распараджальнік


Прыпавесць Езуса простая: аднаму чалавеку, які кіруе маёмасцю, пагражае, што гаспадар звольніць яго з гэтай пасады, і таму ён усімі спосабамі імкнецца забяспечыць сваю будучыню. Яму не хочацца ні цяжка працаваць, ні быць у нястачы. Таму ён выкарыстаў пэўную хітрасць: ён скліча даўжнікоў свайго гаспадара і падорыць ім вялізныя фінансавыя сумы шляхам падробкі. Такім чынам ён спадзяецца, што калі яго звольняць, то яны запросяць і прымуць яго ў свае дамы. Ён не паступаў правільна, гэта несумненна, ён не быў сумленным чалавекам. Гэта відавочна і ў наш час! Але ў заключэнні гаворыцца, што гаспадар пахваліў яго.

Гэтыя словы прывялі тлумачальнікаў Святога Пісання да таго, што яны напісалі сотні артыкулаў, таму што былі ў няведанні, як іх пераканаўча растлумачыць. Як зразумець тое, што гаспадар пахваліў распараджальніка? Як Езус можа прапаноўваць, каб мы пераймалі паводзіны гэтага чалавека? Як у сапраўднасці мог хітры распараджальнік паступаць такім чынам, і гаспадар не заўважыў бы гэтага?

Езус хоча нас павучыць, што ў самай крытычнай сітуацыі трэба ўмець дзейнічаць хітра і хутка. Таму Ён хваліць хітрасць чалавека, які за некалькі гадзін забяспечыў сваю будучыню. Вучні, да якіх адносіцца прыпавесць, знаходзяцца ў крытычнай сітуацыі: прыйсце Езуса адкрывае Божае Валадарства, значыць час, у якім трэба рашыцца, стаць на правільны бок, калі мы хочам быць адкуплены. Мы не павінны губляць часу, бо гэта датычыць нашага вечнага шчасця. Таму – будзьце «хітрымі», адкрыйце вочы, даведайцеся, што трэба рабіць, каб выратавацца!

Прымяненне прыпавесці на практыцы

Існуе момант, а гэтым момантам з’яўляецца смерць, калі грошы не патрэбныя. Мы не можам на іх пабудаваць сваю бубудчыню, таму што, калі будзем іх назапашваць для сябе, для нашай радасці, яны стануць несправядлівасцю. Але калі мы іх дорым бедным і дзелімся імі з іншымі, а тыя стануць нашымі сябрамі, такім чынам мы знойдзем сяброў у небе, якія нас аднойчы прымуць там. Каб дасягнуць нябесных дабротаў, мы павінны ўмець падзяліцца з іншымі таксама зямнымі дабротамі.

Па-другое: «Верны ў малым і ў вялікім верны, а несправядлівы ў малым несправядлівы і ў вялікім». Гэтыя словы падкрэсліваюць агульны прынцып, які  адразу прымяняецца ў двух пытаннях: «Таму, калі вы ў нікчэмнай мамоне не былі верныя, хто даручыць вам сапраўднае? І калі ў чужым не былі верныя, хто дасць вам вашае?» Праблема, якая цікавіць Езуса, — не добрае распараджэнне зямнымі дабротамі, каб мы атрымалі нябесныя.

Зямныя даброты не нашы. Мы не з’яўляемся ах сапраўднымі ўладальнікамі. Быць верным распараджальнікам гэтымі дабротамі азначае даць іх бедным. Хто верны ў самым маленькім і прымяняе зямныя даброты такім чынам, што дзеліцца імі з іншымі як маёмасцю, поўным уладальнікам якой ён не з’яўляецца, той атрымае сапраўдныя даброты на нябёсах.

Па-трэцяе: «Ніякі слуга не можа служыць двум гаспадарам, бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаго будзе моцна трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне». «Служыць Богу» патрабуе ўсяго чалавека, патрабуе, каб ніхто акрамя Бога не стаў «гаспадаром» чалавека. Багацце не можа стаць мамонай, ці богам, для чалавека. Грошы не могуць быць перашкодай у служэнні Богу, або такой спакусай, каб мы сталі іх вернымі слугамі! Грошы павінны служыць толькі для таго, каб мы іх падзялілі з сябрамі, каб мы былі салідарныя і ўзаемна дапамагалі адзін аднаму.

ANTONIO BONORA, Seguire Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno C), Elle Di Ci 1988.


Абноўлена 04.09.2022 22:43
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.