Пошук

19.06.2021 08:08   а. Віктар Жук SI / Catholic.by
Сон Хрыста падчас буры на моры. Мастак Эжэн Дэлакруа / Pinterest

1 чыт.: Ёв 38, 1. 8–11;
Пс 107 (106), 23–24. 25–26. 28–29. 30–31;
2 чыт.: 2 Кар 5, 14–17;
Ев.: Мк 4, 35–41

Штормы на жыццёвых прасторах

Мора выклікала змешаныя пачуцці ў старажытных ізраэльцянаў. Першае чытанне і псальм сённяшняй Літургіі Слова выказваюць захапленне моцай гэтай стыхіі, у якой праяўляецца веліч Бога, яе Стварыцеля — адзінага, хто ў стане яе ўтаймаваць. «Хто выпраўляецца на караблях у мора, <…> тыя бачылі справы Пана і цуды Яго ў глыбінях», — спявае псальміст.

З іншага боку, тыя самыя біблійныя ўрыўкі кажуць пра небяспеку для жыцця чалавека, якую нясе мора. Тыя, хто выпраўляўся ў марское падарожжа, вельмі лёгка маглі загінуць без следу. Перад неўтаймаванай сілай воднай стыхіі чалавек адчуваў сябе малым і слабым.

«Вялікія воды» становяцца ў Пісанні сімвалам пагрозы для існавання, інструментам смерці, так што ў кнізе Апакаліпсіса мора азначае сферу зла, якая знікне назаўсёды, калі прыйдзе час «новага неба і новай зямлі» (пар. Ап 21, 1).

Хоць Галілейскае возера (іншая назва якога — Тыберыядскае мора з-за яго даволі значнага памеру) нельга параўнаць з веліччу сапраўднага мора і тым больш адкрытага акіяну, аднак, як даведваемся з сённяшняга евангельскага ўрыўку, і яно магло стаць месцам, небяспечным для жыцця чалавека з прычыны нечаканых гвалтоўных бураў і моцнага ветру. У гэтых абставінах апосталы адчуваюць тое, што адчуў бы кожны іншы чалавек — страх.

Сённяшні евангельскі эпізод з’яўляецца для нас адлюстраваннем і нашай рэакцыі перад абліччам «бураў» у нашым жыцці: і асабістым, і супольным, грамадскім. Наша краіна ўжо на працягу доўгіх месяцаў праходзіць праз шторм, канца якога пакуль не відаць.

Хвалі хлусні, пагрозаў і насілля абрынуліся на грамадства і на кожнага паасобку, расхістваючы звычайны лад жыцця.

У гэтай сітуацыі мы можам атаясамліваць сябе з апосталамі, якія з неразуменнем — або і з абурэннем — глядзяць на свайго Настаўніка, які спакойна спіць, лежачы на карме! «Не хвалюе Цябе, што мы гінем?» — маем і мы, здаецца, поўнае права разам з вучнямі крычаць да Пана, які нічога не робіць у такіх драматычных абставінах.

Бура — сустрэча са страхам

У таго, хто чытае гэты ўрывак, можа ўзнікнуць спакуса ўбачыць у фінале гісторыі занадта просты і лёгкі «хэпі-энд» або прыём накшталт deus ex machina ў антычных грэчаскіх драмах, дзе з дапамогаю машыны на блоках згары спускаўся бог і ўсё раптам выпраўляў. Вось, аказваецца, як можна! Ці нельга было тады раней адрэагаваць, пакуль усё не было яшчэ так дрэнна, каб не знішчаць столькіх нерваў, каб пазбегнуць такіх сур’ёзных стратаў?.. Або для нас, якія ўсё яшчэ знаходзімся пасярод буры, важнейшае пытанне — калі, Пане, нарэшце пачуеш крык, прачнешся і скажаш буры: «Замоўкні і супакойся»?

Каб атрымаць адказы на гэтыя пытанні і не паддацца спакусе нявер’я, нам перш за ўсё неабходна адчуць да глыбіні, наколькі нам патрэбна быць збаўленымі ў той сітуацыі, у якой мы апынуліся. Калі Папа Францішак у сакавіку 2020 года ў разгар пандэміі каранавірусу каментаваў гэты евангельскі ўрывак, перад тым, як даць асаблівае благаслаўленне Urbi et Orbi ў вялікай патрэбе, ён казаў:

«Шторм раскрывае нашу ўразлівасць і раскрывае тыя ілжывыя і павярхоўныя ўпэўненасці, вакол якіх мы будуем свой штодзённы графік, свае праекты, свае звычкі і прыярытэты. <…>

Вера пачынаецца тады, калі мы разумеем, што маем патрэбу ў выратаванні. Мы не самадастатковыя; самі мы тонем. Нам патрэбны Пан, як старажытным мараплаўцам патрэбныя зоркі. Давайце запросім Езуса ў чаўны нашага жыцця. Аддамо Яму свае страхі, каб Ён змог іх перамагчы».

Нам неабходна прызнаць сваю трывогу і страх, бо толькі тады мы зможам аддаць іх Пану, а таксама мусім шчыра паглядзець на тое, што стаіць за страхам: наша эфемерная самадастатковасць і жаданне будаваць жыццё паводле чалавечых, а не Божых паняццяў. Тады нават сярод буры мы зможам адчуць, што Пану не ўсё адно; што Яго вельмі нават хвалюе наша бяда, што Ён з намі — і значыць, раней ці пазней на Ягонае слова бура сціхне.

«Хто Ён такі?»

«Хто Ён такі, што і вецер, і мора слухаюцца Яго?» — пытаюцца адзін аднаго вучні пасля таго, як яны сталі сведкамі ўлады Езуса супакоіць шторм. «Хто такі Езус для мяне?» — вось пытанне, на якое евангеліст хоча, каб мы адказалі, разважаючы над гэтым эпізодам, і гэты адказ не можа не быць вельмі асабістым.

Езус, Богачалавек, — Пан стыхій, якія бушуюць вакол нас, а таксама ўнутры, калі сэрца не можа знайсці спакою.

Ён — той, хто адкрывае сапраўдную перспектыву нашага існавання праз сваю смерць і ўваскрасенне, як нагадвае нам сёння святы Павел у другім чытанні. У сваёй кароткай і вельмі ёмістай катэхезе Апостал кажа нешта вельмі важнае пра тую навізну, якую ўносяць у наша разуменне рэчаіснасці адносіны веры з Уваскрослым Езусам: адносіны не «паводле цела», не праз звычайнае фізічнае ўспрыманне, а дзякуючы дзеянню Духа Святога.

«Мы памерлі», парадаксальна сцвярджае Апостал: наш «стары чалавек», які жыве выключна катэгорыямі гэтага свету — і над якім з гэтай прычыны мае ўладу страх — павінен памерці, каб нам ужо цяпер, «у целе», жыць па-новаму, адчуваючы плён перамогі Езуса над смерцю і злом праз Ягонае ўваскрасенне. Такім чынам, мы жывем ужо «не дзеля сябе, а дзеля памерлага за нас і ўваскрослага», кажа Павел, але парадаксальна менавіта так наша жыццё атрымлівае канчатковы сэнс і паўнату — і перамогу над страхам.

Не належаць сабе, а Уваскросламу Пану, жывучы дарам Ягонай любові, якая праганяе страх: вось шлях «новага стварэння».

Няхай у гэтую нядзелю, успамін Уваскрасення Хрыста, мы напоўнімся Ягоным Духам, каб жыць у свабодзе дзяцей Божых. Амэн.

Абноўлена 10.07.2021 10:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця