Пошук

29.05.2021 08:51   а. Віктар Жук SI / Catholic.by
Святая Тройца. Вітраж з катэдры ў Лілі (Францыя) / livingchurch.org

1 чыт.: Дрг 4, 32–34. 39–40;
Пс 33(32), 4–5. 6 і 9. 18–19. 20 і 22;
2 чыт.: Рым 8, 14–17;
Ев.: Мц 28, 16–20.

Пазнаць Бога, прыняўшы дар Духа Святога

Невыпадкова ў літургіі мы адзначаем урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы пасля святкавання Спаслання Духа Святога ў папярэднюю нядзелю. Для таго, каб увайсці ў таямніцу Бога, адзінага ў трох Асобах, нам патрэбны дар Духа, дар ласкі Божай. Гэты дар не толькі асвятляе розум, даючы нейкае разуменне, але перамяняе нас, бо сапраўднае пазнанне Бога не можа пакінуць нас такімі, якімі мы былі дагэтуль.

Святы Павел у пасланні да Рымлянаў кажа пра плод дзеяння Духа ў нашай душы: Ён сведчыць, што мы — умілаваныя дзеці Божыя, для якіх падрыхтавана вечная спадчына; Ён дазваляе нам па-сапраўднаму называць Бога Айцом, прымаючы Яго безумоўную любоў.

Такім чынам, наша ўспрыманне Бога непарыўна звязана з тым, кім мы лічым саміх сябе.

Той праўдзе, што адкрываецца нам праз слова Божае, часта супярэчыць наш балючы жыццёвы досвед у гэтым свеце, пачынаючы ад адносінаў з самымі блізкімі людзьмі. Таму нам патрэбна, каб наш вобраз Бога — і саміх сябе — няспынна ачышчаўся, удасканальваўся, і гэта можа ўчыніць для нас (і ў нас) толькі Дух Святы.

Але мы не застаемся пасіўнымі ў гэтым працэсе. Каб адмовіцца ад нейкіх непраўдзівых уяўленняў пра Бога і сутнасць жыцця, часам патрэбны немалы высілак веры — свядомы і свабодны выбар з нашага боку. Нашая вера, ці інакш кажучы — нашыя адносіны з Богам, як мы Яго разумеем, — не можа заставацца статычнай, стаяць на адным месцы. На шляху веры заўсёды ёсць прастора для росту.

Пасланыя ў сваёй недасканаласці

Лепш усвядоміць гэты факт нам дапамагаюць абставіны, у якіх, паводле сённяшняга евангельскага аповеду, гучыць наказ Езуса вучням «хрысціць усе народы у імя Айца і Сына, і Духа Святога».

Падчас апошняй, паводле Мацвея, сустрэчы ўваскрослага Пана з апосталамі некаторыя з іх у прысутнасці Хрыста, жывога пасля смерці, сумняваюцца. Тым не менш, Езус дае даручэнне абвяшчаць Добрую Навіну менавіта гэтай групе людзей, нават лічба якіх, зрэшты, указвае на іх недасканаласць: іх засталося толькі адзінаццаць, гэтай супольнасці не хапае аднаго члена…

Нам таксама даводзіцца лічыцца з сумневамі і недасканаласцю нашай веры, прызнаваць — не без пачуцця расчаравання і крыўды — недахопы нашых хрысціянскіх супольнасцяў.

Толькі з «ружовымі акулярамі» на носе не заўважым гэтага боку рэчаіснасці ці будзем яго адмаўляць. Аднак перад намі заўсёды стаіць выбар: быць жорсткімі суддзямі самім сабе і нашым бліжнім ці прыняць, што Пан пакідае нам прастору для росту на шляху, на якім трэба ўмець прымаць недасканаласць сваю і іншых людзей.

У наказе Езуса ёсць словы, якія не вельмі дакладна гучаць у перакладзе: Пан кажа не проста «навучаць» усе народы, але «рабіць іх вучнямі». Быць вучнем азначае гатоўнасць вучыцца, прымаючы тую праўду, што я не ўсё ведаю дасканала. У гэтым заключаецца яшчэ адна цэнтральная рыса нашай ідэнтычнасці як хрысціянаў: мы — вучні Езуса і ніколі не перастанем імі быць; у нас не будзе «выпускнога» пасля заканчэння школы Хрыста.

Так, як у Езусе, Сыне Божым, мы пазнаём сваю тоеснасць сыноў і дачок Бога, таксама ў Ім нам адкрываецца, што мы — вучні Бога. «Усе будуць навучаны Богам», цытуе Езус словы Пісанняў у сваёй прамове да натоўпу ў Кафарнаўме, дадаючы: «Кожны, хто пачуў ад Айца і навучыўся, праходзіць да Мяне» (Ян 6, 45). Езус сам падае нам прыклад таго, як Ён, Сын, «вучыцца» ад Айца: «Што робіць [Айцец], тое таксама робіць Сын» (Ян 5, 19).

Напэўна, для гэтага Езусу былі патрэбныя доўгія гадзіны сам-насам з Айцом, каб, занураючыся ў Ягоную прысутнасць, пераймаць па-чалавечы той спосаб быцця і дзеяння Айца, які спрадвеку ведаў як Адзінародны Сын.

І нам няспынна трэба вучыцца ў Яго, каб у гэтым свеце сведчыць пра дар Божай любові, атрыманы намі — вучыцца любіць.

Пагрузіцца і пагружаць у таямніцу Божай любові

Узгадаем, што слова «хрысціць» азначае даслоўна на грэчаскай мове «акунаць, занураць». Езус наказвае вучням праз сакрамэнтальны знак хросту занураць людзей у таямніцу Бога — Айца, Сына і Духа Святога; Бога, які ёсць повяззю ўзаемнай і дасканалай любові. Нам варта памятаць і пастаянна вяртацца да той праўды, што дзякуючы атрыманаму хросту мы, хрысціяне — вучні і сведкі Хрыста — жывём, «занураныя» ў Божую прысутнасць, акружаныя і ахопленыя любоўю Таго, хто спрадвеку існуе як Тры Асобы, адзіныя ў сваёй боскасці.

Як жа драматычна нам даводзіцца сёння ўсведамляць, наколькі моцна наш свет — усе народы і кожная чалавечая асоба — мае патрэбу ў пазнанні і навяртанні да гэтага Бога-Любові, каб загаіць свае раны і прыняць Божае жаданне даць «дабро табе і тваім сынам пасля цябе» (пар. Дрг 4, 40)!

Як моцна сёння павінна гучаць праўда, што адзіная сапраўдная «ўлада на небе і на зямлі», якую трымае ў сваіх руках уваскрослы Збаўца, — гэта сіла любові, а не насілля і дамінавання над іншымі!

Як для адзінаццаці вучняў на гары ў Галілеі, так і для нас сёння гучыць наказ Езуса быць сведкамі гэтай праўды, бо наша вера не можа не быць місійнай, скіраванай на перамяненне гэтага свету і чалавечых сэрцаў. Той, хто адкрыў нам аблічча Бога-Айца і паслаў ад Яго дар Духа-Суцяшыцеля, абяцае, што Ён «з намі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку». Божы Сын — наш брат і адначасова Эмануэль, «Бог-з-намі», які за нас і ў нас. Няхай сённяшняя ўрачыстасць дапаможа нам аднавіць нашу сувязь з Айцом, нашым Стварыцелем, з Сынам, нашым Збаўцам, з Духам, які нас асвячае і вядзе да нашага прызначэння ў хвале Бога, адзінага ў Тройцы. Амэн.

Абноўлена 10.07.2021 10:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця