Пошук

15.05.2021 08:26   а. Віктар Жук SI / Catholic.by
Фота Віталія Палінеўскага

1 чыт.: Дз 1, 15–17. 20а. 20с–26;
Пс 103 (102), 1–2. 11–12. 19–20ab;
2 чыт.: 1 Ян 4, 11–16;
Ев. Ян 17, 11b–19

Радасць і нянавісць

Радасць і нянавісць знаходзяцца побач у словах Езуса да вучняў падчас Апошняй вячэры.

Наш Пан жадае для тых, хто ў Яго верыць, паўнаты радасці — той радасці, якую можа даць толькі Ён і ніякая іншая створаная рэч у гэтым свеце. Адначасова Езус у чарговы раз папярэджвае вучняў, што ў гэтым свеце іх чакае пераслед і нянавісць, бо «яны не са свету, як і Я не са свету».

Сам Езус дасягае паўнаты радасці і праслаўлення, выконваючы сваё пасланніцтва збаўлення чалавецтва праз цярпенне і ганебную, балючую смерць.

Гэта пасхальная радасць, якая не адмаўляе рэчаіснасці зла і болю, але перамагае іх праз Божую любоў, веру і надзею.

Таксама сваіх вучняў Езус не «забірае са свету» і не гарантуе, што іх не закране ніякае дрэннае здарэнне, але просіць Айца, каб ва ўсіх выпрабаваннях яны сталі ўдзельнікамі Яго трыумфу над злом.

На мінулым тыдні выявы будслаўскага касцёла, ахопленага агнём, болем адгукнуліся ў сэрцы кожнага з нас: гэта святыня, якая для многіх стала месцам асаблівай сустрэчы з Богам і з Маці Божага Сына. Хоць гэты няшчасны выпадак — не тое маральнае зло, ад якога Езус моліць Айца захаваць вучняў, для многіх ён стаў «знакам» іншага зла — менавіта маральнага, якое ў нашай рэчаіснасці сёння супрацьстаіць праўдзе і справядлівасці, — і вакол нас, і ў нашых душах.

Ні ў якім разе не ставячы пад пытанне важнасць санктуарыя Маці Божай для супольнасці Божага народа на нашай зямлі, ці не павінны мы ўзгадаць з болем пра ўсе тыя «святыні Духа Святога» (пар. 1 Кар 6, 19) — асоб, якія становяцца ахвярамі гвалту, узаконенага злоўжывання, пазбаўлення годнасці і належнай ім свабоды? Ці ж гэта не праявы нянавісці, пра якія кажа Езус у сённяшнім евангельскім урыўку?

Канечне, зло ў нашым параненым свеце прымае самыя разнастайныя і пачварныя формы, і часам мы можам адчуць бяссілле, блізкае да адчаю, перад яго моцай.

Але менавіта таму нам важна ведаць, што сам Езус — наш Заступнік перад Айцом супраць сілаў зла; больш за тое, Ён — пераможца зла, які хоча і нас зрабіць удзельнікамі гэтай перамогі, дзелячыся з намі моцай любові, больш магутнай за смерць.

Праўда: факты і Асоба

«Асвяці іх у праўдзе», просіць Езус Айца за сваіх вучняў і дадае: «За іх Я пасвячаю сябе, каб і яны былі асвячаныя ў праўдзе».

Праўда — крыніца нашага асвячэння, нашай прыналежнасці Богу.

Асвячэнне азначае свабоду ад путаў «свету», які супрацьстаіць Богу і адмаўляе праўду. «Што ёсць праўда?» — гэтае пытанне Пілата, скіраванае Езусу, хоць і прагучала тады як кпіна, аднак у сваёй сутнасці ніколі не губляе актуальнасці.

Ёсць праўда фактаў, якая сёння у інфармацыйнай прасторы, на жаль, часта адмаўляецца ці становіцца аб’ектам маніпуляцыі самым неверагодным чынам. Але існуе іншы, больш глыбокі ўзровень праўды, ці, дакладней сказаць, ёсць Асоба, якая з’яўляецца Праўдай, Дарогай і Жыццём — Езус Хрыстус, Уцелаўлёны Сын Божы, і менавіта Ён для чалавецтва, створанага паводле Ягонага вобразу, адкрывае ўсю праўду пра нас і пра мэту нашага існавання.

«Бог ёсць любоў, і хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім», — вось як святы Ян апостал падсумоўвае для нас у другім чытанні ўсю праўду Божага аб’яўлення. «Па тым пазнаем, што мы жывем у Ім, а Ён у нас, што Ён даў нам ад свайго Духа», — кажа таксама Ян. Дух Божы — гэта Дух праўды, якога абяцае Езус вучням пасля сваёй Пасхі (пар. Ян 15, 26) і які вучыць нас усялякай праўдзе (пар. Ян 14, 26).

Дух Святы нагадвае нам і раскрывае сэнс словаў Езуса і такім чынам дапамагае нам правільна «чытаць» тое, што адбываецца вакол нас і ўнутры, у нашых сэрцах.

У гэтыя дні, калі мы паводле прыкладу Марыі і апосталаў чакаем і рыхтуемся прыняць дар Духа Суцяшыцеля, будзем горача прасіць аб адкрытасці для Ягонага дзеяння, якое робіць нас удзельнікамі і сведкамі Праўды.

Хрыстус — Святар, Алтар і ахвярнае Ягнё

«За іх Я пасвячаю сябе», — гэтыя словы першасвятарскай малітвы Езуса, якая ахоплівае ўвесь 17-ы раздзел чацвёртага Евангелля, заключаюць у сабе сутнасць таго, што наш Пан здзяйсняе для нас. Ён пасвячае сябе праз тое, што аддае сваё жыццё за нас.

У Велікодны перыяд мы (напрыклад, у прэфацыях) асабліва ўзгадваем і ўзносім хвалу Богу за тое, што «Хрыстус быў ахвяраваны як нашая пасха». Ён, «аддаючы сябе дзеля нашага збаўлення, сам стаў Святаром, Алтаром і Ягнём ахвярным» (V Велікодная прэфацыя).

Сутнасць ахвяры ў Святым Пісанні заключаецца ў тым, каб запэўніць сустрэчу, камунію паміж чалавекам і святым Богам.

Такім чынам, усе ахвяры Старога Запавету былі толькі вобразам, прароцтвам таго, што здзейсніў Езус «раз і назаўсёды» (Гбр 9, 12) праз ахвяру свайго жыцця, становячыся і адзіным сапраўдным Першасвятаром, і Ягнём ахвярным. Яго Цела — Алтар прынесенай Айцу ахвяры.

Каб лепш зразумець гэтую таямніцу нашай веры, можам параўнаць акт Езуса з сітуацыяй, у якой жанчына, свядома робячы выбар, нараджае дзіця, але сама пры гэтым вымушана памерці, аддаючы сваё жыццё дзеля жыцця дзіцяці. Менавіта такім чынам Езус «асвячае нас», гэта значыць здабывае для нас жыццё ў Богу, інакш кажучы — святасць. Вось найважнейшая праўда жыцця кожнага з нас: яно дадзена нам праз тое, што Сын Божы аддаў сваё жыццё за мяне, бо палюбіў мяне.

Радасная навіна ў тым, што Ён уваскрос і цяпер знаходзіцца ў хвале Айца, няспынна заступаючыся за нас, і адначасова, праз прысутнасць Святога Духа ў нашых сэрцах, заўсёды побач з намі.

Рыхтуючыся асаблівым чынам прыняць дар Духа Святога ў наступную нядзелю Пяцідзесятніцы, будзем жыць той Любоўю, з якой паходзім і якая адкрывае нас для паўнаты жыцця. Амэн.

Абноўлена 10.07.2021 10:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця