Пошук

08.05.2021 10:39   а. Віктар Жук SI / Catholic.by
Езуса прыбіваюць да крыжа. Стацыя Крыжовага шляху ў Вамбержыцах (Польшча) / polska-org.pl

1 чыт.: Дз 10, 25–26. 34–35. 44–48;
Пс 98 (97), 1. 2–3ab. 3cd–4;
2 чыт.: 1 Ян 4, 7–10;
Ев. Ян 15, 9–17.

Любоў — галоўнае

Любоў знаходзіцца ў цэнтры сённяшняй Літургіі слова — і ў цэнтры ўсяго Божага аб’яўлення, скіраванага да нас, людзей.

Такім чынам, менавіта ў любові заключаецца сутнасць нашай веры; для нас, хрысціянаў, няма нічога больш важнага, чым пазнаць любоў, жыць ёю.

З іншага боку, гэтае слова вельмі лёгка баналізуецца, пазбаўляецца глыбіні: адлюстраваннем такога стану рэчаў з’яўляецца поп-культура, для якой любоў найчасцей — эфемернае, спантаннае пачуццё закаханасці (аб’ект якога заўтра можа быць іншы, чым сёння).

Божае слова ж нагадвае, што сапраўднае значэнне любові звязанае з тым, кім ёсць сам Бог, бо «Бог ёсць любоў», як наўпрост кажа святы Ян. Таму галоўная (а можна сказаць, што і адзіная) запаведзь, якую пакідае сваім вучням Пан Езус, — гэта запаведзь любові: як кажа святы Павел, у ёй заключаны ўвесь Закон, усе іншыя наказы (пар. Рым 13, 8).

Мы пакліканыя любіць, бо такім чынам сапраўды становімся падобнымі да Бога, «ведаем Бога», як сцвярджае святы Ян, маючы на ўвазе не проста рацыянальныя веды, але пазнанне, якое адкрывае нам сапраўдны сэнс і глыбіню жыцця. «Калі я спазнаў усе таямніцы і маю паўнату веры, каб перастаўляць горы, а любові не маю, то я — нішто», піша святы Павел (пар. 1 Кар 13, 2). Сапраўды варта імкнуцца і вучыцца любіць, бо ў гэтым крытэрый таго, ці нашае жыццё дасягае сваёй мэты.

Як жа нам навучыцца любіць?

«Любіце адзін аднаго, як Я палюбіў вас», — чуем мы сёння ад Езуса і ўспрымаем гэтыя словы як запрашэнне рабіць так, як Ён: каб не пагаджацца з «танным» паняццем любові, якім вабіць нас свет.

Але ўдакладненне «… як Я палюбіў вас» — гэта толькі ў другую чаргу той высокі ідэал, узорам якога для нас з’яўляецца сам Езус. Перш за ўсё гэта сцвярджэнне неабходнасці ўсвядоміць тую любоў, якой ахінае нас Езус — Сын Айца, у Духу Святым. «Як Мяне палюбіў Айцец, так і Я палюбіў вас… Я застаюся ў Ягонай любові», — кажа Пан Езус, даючы нам зразумець, што і Ён сам жыве той любоўю, якую няспынна дае Яму Айцец.

І мы таксама здольныя любіць толькі тады, калі занураемся ў Божую любоў, калі адкрываем безумоўнае прыняцце, якога Ён ніколі нас не пазбаўляе, як бы нізка мы ні ўпалі. Наадварот, менавіта там, дзе мы самі сабе здаемся нявартымі пашаны, праяўляецца ўся глыбіня любові Бога, які праз ахвяру жыцця Сына ратуе нас ад цемры зла і адчужэння.

Сузіраючы і прымаючы гэтую збаўчую любоў, мы вучымся «вышэйшаму пілатажу» — уменню любіць тых, хто па-чалавечы не заслугоўвае нашай увагі і прыняцця; тых, хто ўчыніў нам зло.

Любоў, якая вызваляе

Калі імкнемся любіць, гледзячы на прыклад Пана Езуса, мы на самай справе становімся Ягонымі сябрамі. «Ужо не называю вас слугамі», — кажа Пан, звяртаючыся да нас, як да аднадумцаў з агульнай мэтай, як да свабодных партнёраў. Менавіта любоў дае сапраўдную свабоду і паўнату радасці, якую абяцае сёння Езус.

Любоў вызваляе ад няволі страху і празмернай заклапочанасці сваім жыццём; дазваляе не адчуваць сябе больш закладнікамі тых, аб’ектыўна гледзячы, часам вельмі складаных абставінаў, у якіх мы можам апынуцца — і як асобы, і як грамадства. Якім вялікім суцяшэннем і глытком свежага паветра было чуць у палітычным дыскурсе навейшай гісторыі нашай краіны гаворку пра любоў як сродак барацьбы і перамогі! Як жа натхняльна гучаць словы хрысціянаў, якія ў гэты момант сядзяць за кратамі за свае перакананні і сваім стаўленнем паказваюць, што яны сапраўды сябры Езуса, іхняга Настаўніка!

«Ува мне шмат любові, якая разыходзіцца ад мяне хвалямі… Унутры мяне гарыць любоў. Любоў да маёй сям’і, а таксама да ўсіх людзей, уключаючы маіх крыўдзіцеляў», — піша ў сваіх лістах з СІЗА Вольга Залатар. «Яны нас берцамі, а мы іх сэрцамі», — такі дэвіз агучыў у сваёй турэмнай камеры Павел Севярынец.

У сваёй апошняй энцыкліцы Fratelli tutti Папа Францішак шмат кажа пра палітычнае вымярэнне любові (напр., пп. 180–181): «Любоў выяўляецца не толькі ў блізкіх і інтымных адносінах, але і ў вымярэнні макраадносінаў: грамадскіх, эканамічных i палітычных» (п. 181). «Чалавек <…>, калі далучаецца да ініцыятыў стварэння сацыяльных працэсаў братэрства і справядлівасці для ўсіх, то ўваходзіць у поле найвялікшай любові, а менавіта любові палітычнай», — піша Святы Айцец (п. 180). Клапаціцца пра агульнае дабро, пра тое, што закранае інтарэсы многіх — вельмі высокая праява любові, даступная не толькі непасрэдна грамадскім дзеячам, але ўсім, хто гатовы прысвяціць свой час і высілак агульнай справе.

Любоў здольная вызваліць найлепшыя рэсурсы крэатыўнасці ў нас.

«Любі — і рабі, што хочаш», — казаў св. Аўгустын. Як твар кожнага чалавека ўнікальны, так непаўторная любоў да канкрэтнага бліжняга, якога Пан у сваім Провідзе паставіў на нашым шляху. Юнак кахае дзяўчыну інакш, чым бацькі любяць дзяцей, а дзеці — бацькоў; імкнучыся зрабіць нешта прыемнае для сяброў, паводзім сябе інакш, чым калі з належнай увагай выконваем свае абавязкі, думаючы пра адрасатаў нашай працы. Так праяўляецца дзівосная крэатыўнасць любові.

Будзем сёння прасіць Пана, каб дар Божай любові, «дар Духа Святога выліўся» на нас нанава (пар. Дз 10, 45), робячы нас сябрамі Хрыста — здольнымі любіць так, як Ён нас палюбіў. Амэн.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа