Пошук

24.04.2021 10:35   а. Віктар Жук SI / Catholic.by
Добры Пастыр. Гравюра. Мастак Пітэр Брэйгель Старэйшы / Рinterest

1 чыт.: Дз 4, 8–12;
Пс 118 (117), 1 і 8–9. 21–23. 26 і 28cd і 29;
2 чыт.: 1 Ян 3, 1–2;
Ев.: Ян 10, 11–18

Пастыры, найміты, ваўкі

Вобраз Добрага Пастыра — адзін з найбольш старажытных у хрысціянскім мастацтве: ужо ў рымскіх катакомбах першых стагоддзяў сустракаецца выява Хрыста, які трымае на плячах ягня.

Сёння нам, напэўна, патрэбны пэўны высілак, каб «расшыфраваць» гэты вобраз, бо ў нашым сучасным жыцці мы нячаста бачым сапраўдных пастухоў. Але іншая прычына для гэтага — у разрыве паміж сутнасцю гэтага сімвалу, які перад намі ставіць Езус, і тым, што найчасцей сустракаем у нашай рэчаіснасці.

Сучасная культура прапануе нам хутчэй вобраз «лідара», чым пастыра ў значэнні, прапанаваным Езусам: лідара, які ўплывае на іншых людзей, арганізуе, матывуе, але не дзеля іхняга сапраўднага дабра, а для сваіх мэтаў.

Такое стаўленне да іншых — гэта рыса наймітаў, пра якіх кажа Езус: яны гатовыя кінуць «авечак», сваіх падапечных, у момант небяспекі, а магчыма, нават ператварыцца ў ваўкоў, гатовых разадраць на часткі слабейшых, карыстаючыся сваёй уладай і сілай. На жаль, мы надалей з’яўляемся сведкамі такіх паводзінаў тых людзей у нашым грамадстве, каму акурат даручана адказнасць за іншых, клопат пра іх, але хто карыстаецца ўладай для ўласных інтарэсаў, робячыся драпежнымі ваўкамі.

У такіх абставінах для нас — і ў асабістым, і ў грамадскім вымярэнні — тым больш актуальна знайсці сапраўднага Пастыра, які абароніць нас і выведзе на пашу спакою, дзе пануе справядлівасць і пашана годнасці кожнага чалавека як Божага дзіцяці. Больш за тое, адзіны Добры Пастыр адкрывае нам перспектыву жыцця, якое мае перспектыву вечнасці, бо перамагае смерць і зло; перспектыву свабоды, якая не залежыць ад знешніх абставінаў, бо жыве ў сэрцы, поўным любові.

«Няма іншага імя пад небам, дадзенага людзям, у якім маглі б мы атрымаць збаўленне», — нагадвае апостал Пётр: гэтае збаўленне і ёсць паўната жыцця, якая ўжо дадзена нам як задатак у адносінах веры з Божым Сынам, якога імкнемся пазнаць усё бліжэй.

Езус — Пастыр добры і прыгожы (грэчаскае слова καλóς мае абодва гэтыя значэнні): на Ягоны голас адгукаецца нашае сэрца, якое прагне сапраўднай прыгажосці. Калі дазваляю Яму быць Пастырам майго жыцця, таксама станаўлюся па-сапраўднаму прыгожай асобай, паводле Ягонага вобразу. «Умілаваныя, цяпер мы дзеці Божыя, але яшчэ не выявілася, чым будзем. Ведаем, што калі выявіцца, то будзем падобнымі да Яго, бо ўбачым Яго, якім Ён ёсць», нагадвае нам сёння апостал Ян пра гарызонт нашага існавання.

Езус, Умілаваны Сын Айца, — адзіны правадыр да гэтай мэты, і сёння Ён хоча паказаць той канкрэтны крок, які ты і я павінны зрабіць разам з Ім, каб наблізіцца да нашай мэты.

Жыццё, аддадзенае дзеля статку

«Добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак»: гэтае сцвярджэнне паўтараецца некалькі разоў у сённяшнім урыўку, каб дапамагчы нам лепш усвядоміць «вобраз дзеянняў» нашага Збаўцы і Пана.

Жыццё Пастыра, ахвяраванае за мяне ў невымоўнай любові, — вось крыніца майго жыцця, вось доказ велізарнай годнасці і вартасці майго жыцця. Адначасова тая «запаведзь, якую атрымаў» Езус ад Айца — гэта запаведзь для кожнага аўтэнтычнага чалавечага існавання: усведамленне і прыняцце дару безумоўнай і абсалютнай любові дае зразумець, што і маё жыццё дасягае сваёй паўнаты, калі яно адданае, калі я раздаю яго ў любові. Менавіта такім чынам яно «вяртаецца» да мяне, робячы мяне «новым стварэннем у Хрысце» (пар. 2 Кар 5, 17).

Кожны дзень адкрывае для мяне магчымасць аддаць часцінку жыцця ў любові: у слове і жэсце ўважлівасці, спагады, пяшчоты, у шчырым клопаце пра бліжняга, асабліва найбольш патрабуючага…

Сітуацыя, у якой знаходзіцца наша грамадства, патрабуе і будзе ўсё больш патрабаваць узаемнай салідарнасці, у тым ліку эканамічнай: ці хочам пачуць у гэтым заклік да таго, каб стаць добрымі пастырамі адно для аднаго?

У гэты момант сотні людзей за кратамі аддаюць месяцы і гады свайго жыцця дзеля мары аб такім грамадстве, у якім чалавечая асоба будзе мець належную ёй годнасць і свабоду. Ці ўсведамляем гэтую ахвяру дзеля нашай супольнай будучыні, ці гатовыя яе прыняць праз салідарнасць, ці, наадварот, згодныя, каб найміты і ваўкі далей разрывалі статак авечак?..

У гэтую нядзелю традыцыйна молімся, каб тыя, хто пакліканыя клапаціцца пра Божы статак у Касцёле, рабілі гэта паводле вобразу  Добрага Пастыра. Сёння будзем таксама прасіць — і будзем гатовыя зрабіць і свой унёсак у тое, каб і ў нашым грамадстве ўлада была ў руках тых людзей, якія не паводзяць сябе як найміты і ваўкі, а бяруць прыклад з Добрага Пастыра. Няхай Пан адорыць нас ласкай Свайго Духа, каб, адчуваючы Яго любоў і клопат пра нас, мы самі ўмелі дзяліцца імі з нашымі бліжнімі. Амэн.

Абноўлена 24.04.2021 10:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа