Пошук

10.04.2021 09:29   а. Віктар Жук SI / Catholic.by
Навяртанне Тамаша. Фрагмент. Мастак Дучо дзі Буонінсэнья

1 чыт.: Дз 4, 32–35;
Пс 118 (117), 2–4. 16–18. 22–24;
2 чыт.: 1 Ян 5, 1–6;
Ев.: Ян 20, 19–31.

Сустрэць Уваскрослага ў супольнасці і асабіста

Езус прыходзіць да вучняў у дзень свайго ўваскрасення і праз тыдзень зноў стаіць сярод іх: такім чынам усталёўаецца «рытм» прысутнасці Пана, які доўжыцца ў супольнасці Ягоных вучняў да сённяшняга дня — да нашай сённяшняй супольнай сустрэчы з Ім у дзень, асвячаны для Пана. Евангеліст Ян у некалькіх радках змяшчае ўсё багацце таго, што адбываецца на працягу гэтай сустрэчы тады і цяпер: жывая прысутнасць уваскрослага Пана напаўняе спалоханых вучняў радасцю і супакоем, яны атрымліваюць Духа Святога праз подых Езуса, каб несці прымірэнне ўсім; няверуючы ж вучань атрымлівае шанц паверыць і вызнае Езуса сваім Панам і Богам.

Сустрэча ў супольнасці і сустрэча асабістая: вось два неабходныя і непадзельныя бакі адзінай рэчаіснасці прысутнасці Уваскрослага Хрыста для тых, хто прымае Яго як Месію, Збаўцу свету.

У чытанні з Дзеяў Апосталаў мы чуем пра адзінства, якое характарызавала супольнасць першых вучняў Езуса пасля таго, як яны прынялі дар Духа Святога: яны былі «адзіныя сэрцам і душою», «усё ў іх было супольнае», «ніхто не цярпеў нястачу». Гэта ідэальная — і, магчыма, у чымсьці ідэалізаваная — карціна, і яе раўнавага даволі хутка парушаецца, што становіцца відавочна з далейшага аповеду ў Дзеях Апостолаў, але тым не менш такі стан рэчаў прапануецца ў якасці мэты памкненняў любой супольнасці вернікаў Хрыста і ўсяго Касцёла ў цэлым.

У кожнай Эўхарыстыі мы молімся аб тым, каб Пан сабраў усіх, хто мае ўдзел у Целе і Крыві Хрыста, у адзінае Цела Касцёла дзеяннем Духа Святога — адзінай сапраўднай і трывалай повяззю. Адначасова мы бяром на сябе адказнасць за тое, каб дапамагаць ствараць гэта адзінства, бо ўсведамляем веліч дару, які атрымліваем праз Цела, галавой якога ёсць Хрыстус: без гэтага Цела як нас дасягне збаўленне?

У апісанні рэалій першай хрысціянскай супольнасці ў Дзеях да нас скіравана пытанне адносна таго, як мы ўспрымаем тыя рэсурсы, якія атрымалі ў дар ад Бога — не толькі грошы, але таксама наш час і нашыя таленты: ці ўсё гэта «маё», для майго асабістага задавальнення, ці я з удзячным сэрцам бачу ў гэтых дарах сродак будаваць разам з іншымі Божае Валадарства?

Такое стаўленне патрабуе даверу да Бога ў вельмі канкрэтным — грашовым — вымярэнні, а яго супрацьлегласцю з’яўляецца страх перад будучыняй, ад якога нас хоча вызваліць Пан.

Паставіць пад сумнеў свой сумнеў

Прыклад апостала Тамаша паказвае нам, што адсутнасць у супольнасці іншых вучняў пазбаўляе яго магчымасці ўбачыць Езуса, і толькі вяртанне ў супольнасць дазваляе дакрануцца да жывога Збаўцы. З іншага боку, той паварот да асабістага вызнання Езуса Панам і Богам, які адбываецца з «няверуючым» апосталам, адкрывае штосьці важнае і пра наш асабісты шлях веры. Зрэшты, паводле евангельскіх аповедаў пра аб’яўленні Уваскрослага, Тамаш — не адзіны, хто сумняваецца ў сапраўднасці ўваскрасення Езуса (пар. Мц 28, 17: некаторыя сумняваюцца, нават бачачы Яго!).

Нам не трэба хаваць нашыя сумневы і пытанні перад абліччам таямніц, якія з’яўляюцца выклікам для абмежаванага чалавечага бачання і разумення.

Але варта таксама ўмець «паставіць пад сумнеў нашы сумневы», не пакідаць апошняга слова за тым, чым вельмі ўмела карыстаецца злы дух, а адкрыцца той навізне, якая паходзіць ад Бога і Божага Духа — таму благаслаўленню-шчасцю для тых, якія «не бачылі, а паверылі». Езус звяртаецца з ім да ўсіх пакаленняў вучняў пасля апосталаў — у тым ліку і да нас сёння.

«Вера — вось наша перамога», нагадвае святы Ян у другім чытанні. Вера — дар і ласка Духа Святога, які дазваляе нам адчуць прысутнасць Уваскрослага Езуса, пераможцы над смерцю, злом і грахом, у нашай канкрэтнай рэчаіснасці сёння. Хрыстус, прыходзячы да нас — так, як тады: і ў першы, і ў восьмы дзень пасля ўваскрасення — паказвае свае раны, нагадваючы пра цану нашага збаўлення і адначасова выказваючы салідарнасць з нашымі ранамі. Яго праслаўленыя раны — надзея на тое, што і нашыя раны стануць месцам перамогі і праслаўлення.

Толькі прымаючы ў веры гэтую праўду, мы будзем здольныя прыняць дар супакою, які нясе Хрыстус-Пераможца.

Божы супакой — гэта не проста адсутнасць заклапочанасці і трывогі, а паўната Божага благаслаўлення, якое жадае даць сваім дзецям Айцец праз Умілаванага Сына.

Езус, які «прыйшоў не толькі праз ваду, але праз ваду і кроў», як кажа святы Ян у сваім Першым пасланні, напоўніў надзеяй тое месца, якое дагэтуль было праклёнам: цярпенне, прыніжэнне, боль і смерць.

Радасць ад сустрэчы з Уваскрослым Панам не можа не быць пасхальнай, гэта значыць яна не адмаўляе крыжа як шляху да яе, але перамагае смутак, дазваляючы ўбачыць крыж — Езуса і наш — у правільным святле. Вось той дар Духа, які нам дадзены ў сакрамэнтальнай сустрэчы у «першы дзень тыдня».

Дар Духа дзеля адпушчэння грахоў

Подых Уваскрослага Езуса — гэта павеў Духа Святога, які нясе ў кожнае веруючае сэрца плады перамогі Езуса. У першую чаргу гэта перамога над злом і грахом, і дар Духа нясе перадусім вызваленне ад граху, яго ўлады, наступстваў і віны.

Подых Езуса вызваляе спалоханых вучняў ад віны за іх здраду і ў той жа момант становіцца для іх місіяй несці вызваленне — адпушчэнне грахоў — іншым.

Гэтая місія прымае ў Касцёле канкрэтную форму сакрамэнту Паяднання, але ў больш шырокім сэнсе яна ахоплівае заданне кожнага верніка стаць апосталам Божай збаўчай міласэрнасці: несці вестку аб вызваленні, якое для нас здабыў Божы Сын і якое даступнае кожнаму, хто ў Яго паверыць.

Мы можам стаць сведкамі гэтай радаснай весткі пры ўмове, што самі няспынна адчуваем у сабе пасхальнае дзеянне Божай міласэрнасці, праз якое Бог не перастае прабачаць нашыя правіны і дае новую сілу супрацьстаяць спакусе і ўладзе ворага чалавечага роду. (Варта памятаць пра тое, што наша здольнасць адмовіцца ад граху і спакусы — плод Пасхі, дар Духа, а не нашая заслуга.)

«Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас»,— узгадаем, што гэтыя словы Езуса «зашыфраваныя» ў сакрамэнце нашай нядзельнай сустрэчы з Ім. На лаціне назва Missa (Імша) узята ад апошняга звароту святара да вернікаў: Ite, missa est, што можна перакласці як «Ідзіце, вы — пасланцы». Мы пасланыя, каб несці супакой Хрыста, які самі прынялі, — плод прабачэння і апраўдання, плод міласэрнай Божай любові. Няхай Дух Святы няспынна нагадвае нам пра гэты дар і зробіць нас яго сведкамі. Амэн.

Абноўлена 10.04.2021 09:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця