Пошук

20.03.2021 09:27   а. Віктар Жук SI / Catholic.by

1 чыт.: Ер 31, 31–34;
Пс 51 (50), 3–4. 12–13. 14–15;
2 чыт.: Гбр 5, 7–9;
Ев.: Ян 12, 20–33

«Мы хочам бачыць Езуса»

«Мы хочам бачыць Езуса»: прыступаючы да разважання над сённяшнімі літургічнымі чытаннямі, варта затрымацца над гэтымі словамі грэкаў-празелітаў, якія прыйшлі ў Ерузалем на Пасху; варта зрабіць іх сваёй просьбай, сваім жаданнем.

Мы не можам убачыць Езуса ці пачуць Яго, як нейкую іншую асобу, якая ходзіць па гэтым свеце так, як мы, але наша вера дазваляе нам спадзявацца на іншага роду сустрэчу, не менш сапраўдную і больш патрэбную нам, чым любая іншая.

«Убачыць ісціну можна толькі сэрцам; сутнасць рэчаў нябачна для вока», — так можна перафразаваць славуты афарызм з «Маленькага прынца» Антуана дэ Сэнт-Экзюперы.

Мы не ведаем, чым кіраваліся тыя празеліты, якія прасілі Філіпа аб «аўдыенцыі» з Езусам: магчыма, з іх боку гэта была проста цікаўнасць у адносінах да вядомай персоны. Магчыма, з нашага боку часам няма нават цікаўнасці, каб выйсці насустрач Езусу, бо адносіны з Богам і Хрыстом здаюцца надта складанымі і далёкімі ад таго, што нас насамрэч хвалюе, або мы баімся таго, што ў выніку гэтай сустрэчы ад нас могуць «запатрабаваць»…

Варта быць шчырымі ў дачыненні да падобных перашкодаў у адносінах з Панам — і, пераадольваючы іх, умець вяртацца і трымацца таго жадання, якое прыцягвае нас да Крыніцы сапраўднага жыцця.

Прарок Ерамія прадказвае эпоху Новага запавету, бо ўсведамляе, што запавет, заснаваны на знешнім выкананні законаў, не прыводзіць да сапраўднага пазнання Пана, не дасягае глыбіні сэрца чалавека і таму не мае жыццядайнай сілы. Мы, хрысціяне, з’яўляемся народам Новага Запавету, але ў кожным з нас ёсць яшчэ «стары чалавек», які жыве паводле логікі «гэтага свету», супраціўляецца навізне, аб’яўленай Уцелаўлёным Сынам Божым, і таму нам патрэбна ласка навяртання, перамянення. Сутнасць гэтага перамянення — у прыняцці таго спосабу, праз які Бог збаўляе чалавека і адкрывае яму паўнату жыцця. Гэта навяртанне да пасхальнай веры.

Сэнс цярпення — у крыжы Божага Сына

«Настала гадзіна, каб быў услаўлены Сын Чалавечы», — адказвае Езус вучням, якія перадаюць Яму просьбу грэкаў. Дагэтуль неаднаразова ў Евангеллі паводле Яна ўзгадваецца, што не надышла яшчэ гадзіна Езуса. Здаецца, Хрыстус прызнае, што такі інтарэс да Яго — знак надыходзячага моманту Ягонай славы. Але адразу пасля гэтых словаў Ён кажа пра нешта зусім іншае: пра пшанічнае зерне, якое павінна памерці, каб прынесці плён.

Так, Езус будзе праслаўлены, але гэта будзе зусім не той трыумф, які маглі сабе ўявіць вучні ці грэкі-празеліты: Яго «ўзвышэнне» адбудзецца на троне ганебнага крыжа.

Сын Божы не знішчыць сваіх апанентаў, але дазволіць ім здзекавацца з Яго і забіць — і праз гэта Ён будзе салідарны з мільёнамі тых, хто на працягу тысячагоддзяў не змог абараніць сябе ад жорсткасці сваіх катаў, становячыся ахвярамі нянавісці; салідарны з чалавецтвам, якое стала ахвярай заганнага кола зла.

Менавіта такім чынам ахвярная любоў Божага Сына пераможа ўсё зло гэтага свету, надаючы сэнс цярпенню.

Чаму існуе зло і цярпенне — гэта, бадай што, найбольш балючае пытанне, якое задае сабе чалавек. Хрыстус ніякім чынам не апраўдвае зло і крыўдзіцеляў: і ў евангельскім урыўку, і ў другім чытанні мы чуем пра паставу Езуса, што нагадвае нам малітву ў Гэтсэманіі, дзе Ён зусім па-чалавечы просіць Айца, каб абмінуў Яго келіх цярпення (пар. Мц 26, 39). Але праз свой удзел у болю, справакаваным злом і нянавісцю, Езус становіцца тым зернем бязмежнай Божай любові, з якога нараджаецца новае жыццё для ўсіх Божых дзяцей. Такім чынам Божы Сын, «узняты над зямлёю» на дрэве крыжа, распасцёртымі рукамі абдымае ўсё чалавецтва, у кожным месцы і ў кожную эпоху, даючы надзею ўсім, хто паверыць у гэтую любоў, што іхнія цярпенне, боль і смерць стануць глебай для новага жыцця.

Новы Запавет у Крыві Сына Божага

«Калі хто служыць Мне, няхай ідзе Маім шляхам; і дзе Я, там будзе і слуга Мой», — дадае Езус. Шлях, якім прайшоў наш Пан, — гэта шлях і Ягоных вучняў: раней ці пазней нам даводзіцца сустрэцца з болем, цярпеннем, несправядлівасцю, злом, якія нішчаць нашыя планы і амбіцыі, адносіны, здароўе — і ў канчатковым выніку пазбаўляюць жыцця.

Наследаваць Езуса — не значыць пасіўна пагаджацца з любым «ударам лёсу», а наадварот супрацьстаяць цярпенню ўсімі магчымымі сродкамі — не толькі ў сваім жыцці, але і ў жыцці бліжняга (канечне, не коштам цярпенняў іншых асобаў).

Але ў рэшце рэшт нам трэба адмовіцца ад чаканняў, што жыццё павінна быць заўсёды «прыемным шпацырам» і што наша імкненне быць падобнымі да нашага Настаўніка і Пана нічога не будзе нам каштаваць. Галоўнае пытанне — важнейшае за тое, ці давядзецца нам прайсці праз боль і самаадрачэнне — датычыцца таго, ці на выбраным шляху мы сапраўды сустрэнем Езуса і будзем ісці за Ім; ці сапраўды сустрэнем Любоў, якая будзе «запісана» ў нашых сэрцах і навучыць нас любіць.

«Любоў Божая вылілася ў сэрцы нашыя праз Духа Святога» (Рым 5, 5): вось той Новы запавет, пра які прарочыць Ерамія і які здзяйсняецца праз узвышэнне Езуса — праз Яго крыж і ўваскрасенне. Гэта Новы запавет, які Бог усталёўвае з кожным са сваіх дзяцей у крыві Божага Сына.

Кроў — сімвал жыцця, якое цыркулюе ў венах; кроў Ягняці, пралітая за нас, — новае жыццё, якое ажыўляе нашыя душы.

Няхай праз наш удзел у сакрамэнце Цела і Крыві Уваскрослага Пана Ён яшчэ мацней «прыцягне нас да сябе», да свайго Найсвяцейшага Сэрца, каб мы маглі жыць Ягонай любоўю і несці яе бліжнім. Амэн.

Абноўлена 20.03.2021 09:30
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця