Пошук

20.02.2021 10:48   а. Віктар Жук SI / Catholic.by
Хрыстус у пустыні. Мастак Станіслаў Плуценка / Рaintingvalley.com

1 чыт.: Быц 9, 8–15
Пс 25 (24), 4 – 5ab. 6–7bc. 8–9
2 чыт.: 1 П 3, 18–22
Ев.: Мк 1, 12–15

Спакусы Езуса і нашыя

У кожную першую нядзелю Вялікага посту Літургія прапануе нам аповед пра выпрабаванне Езуса ў пустыні.

У гэтым годзе мы чуем адпаведны эпізод з Евангелля паводле Марка, у якім няма тых дэталяў, якія змяшчаюць у паралельных урыўках Мацвей і Лука, то бок зместу трох спакусаў сатаны. Такі кароткі аповед дазваляе нам больш уважліва прыгледзецца да таго, як Марк апісвае гэты досвед Езуса адразу пасля свайго хросту, і ў першую чаргу паразважаць над сутнасцю і сэнсам спакусаў у чалавечым жыцці.

Перадусім варта затрымацца над самім фактам выпрабавання Езуса: мы ўжо бачылі, што, прымаючы хрост з рук Яна, наш Пан не шукае для сябе прывілеяў, не спасылаецца на тое, што адрознівае Яго ад «простых смяротных», але выбірае блізкасць і салідарнасць з грэшнікамі, з усім чалавецтвам, якое патрабуе ачышчэння. Езус, які сустракаецца з выпрабаваннем, які можа адчуваць спакусы, бадай што, яшчэ больш патрэбны нам, бо Ён у стане зразумець наш стан, калі нас спакушае вораг, і «можа спачуваць нашым слабасцям» (Гбр 4, 15).

У адказ на гэтую праўду ў галаве можа гучаць аргумент, што нашыя спакусы — нашмат больш «нізкія» і што Езус ніколі б не паддаўся, не «ўпаў» бы там, дзе так лёгка і часта падаем мы. Але менавіта таму нам неабходна адчуць, што Ён побач з намі ў моманты нашай слабасці: Ён, які не асуджае, але заклікае глядзець на Яго і чэрпаць у Ім прыклад і моц.

Таму сённяшняя Літургія слова — вельмі важнае і істотнае запрашэнне для нас, каб паглядзець на рэчаіснасць нашых спакусаў; нават больш — запрашэнне ўвайсці ў час выпрабавання, як гэта робіць Езус, і сустрэцца з тым, што з’яўляецца для нас асабіста месцам спакушэння.

Для гэтага маем час Вялікага посту — час выпрабавання, час пустыні, але і час ласкі, якая вядзе нас да свабоды дзяцей Божых.

Прайсці праз пустыню

Пустыня, месца выпрабавання Езуса, мае вялікае значэнне ў гісторыі збаўлення. Сорак гадоў вандравання Ізраэля ў пустыні пасля зыходу з Егіпта былі неабходным перыядам, каб народ атрымаў свабоду не толькі знешнюю — ад прыгнёту егіпцянаў, але і ўнутраную — ад неўпарадкаваных прывязанасцяў. Гэта быў час «знаёмства» з Богам, які пажадаў увайсці ў Запавет з народам былых рабоў, «школа даверу» да Пана, і непазбежнай часткай гэтага часу ў пустыні былі таксама «выпрабаванні».

Менавіта ў выпрабаваннях становіцца відавочным «духоўны стан» чалавека, інакш кажучы, правяраецца, ці ягонае жыццё будуецца на моцнай аснове ці на «пяску».

Натуральна, нам не падабаюцца выпрабаванні, іспыты, але яны неабходныя для нашага росту, каб паказаць нам, дзе мы яшчэ недастаткова дазваляем Богу дзейнічаць у нашым жыцці. Пераадоленая спакуса робіць нас мацнейшымі.

Як пераадолець спакусу? Як ужо было сказана вышэй — побач з Езусам: нам не трэба «спрабаваць самім» перамагчы, бо імкненне «даказаць, што я магу», можа аказацца найбольшай спакусай. Канечне, гэта не значыць, што ад нас нічога не залежыць, але выпрабаванне можа стаць нагодай сапраўднага росту толькі тады, калі мы навучымся давяраць Божай ласцы, а не разлічваць на ўласныя сілы.

Калі прыгадаем, як Хрыстус адказвае на спакусы сатаны ў паралельным эпізодзе — напрыклад, у Мацвея — убачым, што Ён не звяртаецца да нейкай уласнай асаблівай моцы, але карыстаецца Божым словам: тым, што даступна таксама і нам.

Цікава заўважыць, што «пустыня» на габрэйскай мове гучыць midbar і даслоўна перакладаецца як «[месца] без слова». Мы пакліканыя запоўніць прастору выпрабавання, прастору «без слова», тымі словамі, які нясуць нам надзею і збаўленне. У сённяшнім евангельскім урыўку мы чуем заклік Езуса: «Кайцеся і верце ў Евангелле!»

Добрая Навіна, якую нясе нам Збаўца, — вось крыніца нашай моцы і перамогі над спакусай.

«Наблізілася Валадарства Божае», прапаведуе Хрыстус, але часам рэчаіснасць Валадарства нам здаецца вельмі далёкай. Чалавек таксама «выпрабоўвае» Бога, калі ставіць пад пытанне Яго існаванне і Ягоныя шляхі. Так, як гэта робіць Ізраэль у момант цяжкасцяў, пытаючыся «Ці сапраўды Пан прабывае паміж нас, ці не?» (Зых 17, 7), і мы — асабіста і як народ — перад абліччам цярпення і зла можам узносіць падобны крык.

У кожнага з нас ёсць свае месцы спакусаў, але гэта пытанне падсумоўвае наша сумеснае выпрабаванне апошніх месяцаў: ці Бог памятае пра нас? Ці Ён жадае нам дапамагчы, уратаваць ад злога? — Менавіта ў такіх сітуацыях мы найбольш маем патрэбу ў той надзеі, крыніца якой знаходзіцца толькі ў Богу і ў Ягоным абяцанні сваім дзецям: «Я з табой». Толькі прымаючы гэтае абяцанне, мы пераможам спакусу страху і адчаю. Калі Пан пасылае нас змагацца са злом, як у свой час паслаў Майсея да фараона, Ён абяцае: «Я буду з табой» (Зых 3, 12).

Досвед выпрабавання — досвед Духа

Дух вядзе Езуса ў час выпрабавання ў пустыні — вось яшчэ адна важная дэталь гэтай евангельскай падзеі. Так, як для Ізраэля пустыня была не месцам пастаяннага жылля, а прасторай для пераходу да новага стану, для Езуса таксама яна стала прасторай пераходу ад звычайнага, «схаванага» жыцця да публічнай дзейнасці. У гэтай падрыхтоўцы Езуса суправаджаў Дух, якім Ён быў намашчаны на Ярдане.

«Дзе Дух Пана, там свабода», — кажа святы Павел (2 Кар 3, 17), і Езус меў патрэбу ў гэтай свабодзе, дары ад Духа, каб не быць залежным ад чалавечых — надта чалавечых — чаканняў, якія існавалі адносна Месіі, збаўцы Ізраэля.

Мы памятаем эпізод, у якім апостал Пётр, вызнаючы Езуса Хрыстом — Месіяй, адначасова выказвае свае чаканні адносна Ягонага спосабу дзеяння і ў адказ чуе вельмі жорсткія словы Пана: «Адыдзі ад Мяне, сатана!» (Мк 8, 33)

І нашыя чаканні адносна таго, якім чынам Бог здзяйсняе справу збаўлення ў нашым жыцці, таксама павінны прайсці «выпрабаванне», быць ачышчанымі ад занадта чалавечых прывязанасцяў.

Вялікі пост, час падрыхтоўкі да святкавання Пасхі, — час нашай пустыні, дзе нас суправаджае Дух Божы да сапраўднай свабоды, каб нашае жыццё і вера былі ўсё больш пасхальнымі. Адкрыемся Яму і дазволім Яму дзейнічаць, супрацоўнічаючы з Ягонай ласкай. Амэн.

Абноўлена 20.02.2021 23:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.