Пошук

13.02.2021 09:20   а. Віктар Жук SI / Catholic.by
Аздараўленне пракажонага. Мазаіка / Сatholicexchange.com

1 чыт.: Лев 13, 1–2. 44–46
Пс 32 (31), 1–2. 5. 11
2 чыт.: 1 Кар 10, 31 – 11, 1
Ев.: Мк 1, 40–45

Хвароба ізаляцыі і сораму

У сённяшнім Евангеллі мы зноў бачым Езуса як Лекара: як таго, хто ратуе ад хваробы, вяртае здароўе целу чалавека. На працягу далейшага чытання аповеду пра дзейнасць Хрыста паводле Марка пачуем яшчэ шмат падобных эпізодаў.

Цікава звярнуць увагу на тое, што ў параўнанні з Маркам і іншымі «сіноптыкамі», Мацвеем і Лукой, Ян расказвае значна менш гісторый аздараўлення, затое ён дапамагае свайму чытачу зразумець глыбокі, сімвалічны сэнс дзеянняў Езуса: напрыклад, раскрывае, што Хрыстус, які вяртае сляпому зрок, — святло для свету (пар. Ян 9, 5).

Насамрэч, калі ўважліва ўчытацца, кожны аповед пра аздараўленне, якое здзяйсняе Езус, — не толькі ў Яна, але і ў іншых Евангеллях — раскрывае нешта большае, чым проста вяртанне фізічнага здароўя.

Гэта не дзіўна, калі памятаем, што чалавечая асоба — гэта перапляцянне цялеснага і духоўнага вымярэнняў, якія моцна ўплываюць адно на другое.

Але сённяшні аповед звяртае ўвагу на дадатковае вымярэнне чалавечага існавання, якое закранае хвароба: прыналежнасць да супольнасці. Праказа і іншыя хваробы скуры, якія лёгка распаўсюджваюцца пры фізічным кантакце, вымушаюць грамадства шукаць спосабаў «выдаліць», ізаляваць тых, хто можа заразіць іншых.

Сённяшняе першае чытанне з Кнігі Левіта апісвае нормы, якія існавалі для такіх выпадкаў у антычным Ізраэлі. Ізаляцыя заразнага чалавека, забарона фізічнага кантакту з іншымі — неабходная мера бяспекі для грамадства, але мае цяжкія наступствы для самога хворага.

У апошнія месяцы мы бачылі (і далей бачым), як каранцінныя меры ўплываюць на лад жыцця велізарнай колькасці людзей, прыносячы не толькі невыгоду, але правакуючы вострае пачуццё адзіноты, асабліва балючае ў найбольш уразлівых.

Праказа з’яўляецца асаблівай формай цярпення, бо пры ёй чалавечае цела разлагаецца, гніе, нібыта труп. Хвароба можа выклікаць вострае пачуццё сораму, бо хворы чалавек адчувае сябе «не такім, як усе», няздольным функцыянаваць «нармальна», прыносіць карысць — а грамадства часам моцна ўзмацняе ўсе гэтыя негатыўныя пачуцці. Сузіраючы сённяшнюю евангельскую сцэну, можам уявіць, што пракажоны церпіць не толькі целам, але і душой, знаходзячыся па-за межамі супольнасці і нармальнага чалавечага існавання.

Магчыма, у яго пакорнай просьбе — «Калі хочаш, можаш мяне ачысціць» — хаваецца доўгі досвед адзіноты, прыніжэння і хворага пачуцця сораму за ўласнае цела.

Гаючы дотык Езуса

«Хачу, будзь ачышчаны!» — адказвае пракажонаму Езус на ягоную просьбу і такім чынам раскрывае Божую волю, Божае жаданне адносна кожнага чалавека: Бог прагне, каб усе Ягоныя дзеці былі здаровымі і душой, і целам. Узгадаем, што лацінскае слова salus азначае адначасова і «здароўе, дабрабыт», і «збаўленне».

Хвароба не з’яўляецца Божым пакараннем, але нагодай, каб «выявіліся справы Божыя» (пар. Ян 9, 4). Нават калі Пан дапускае хваробу ў жыцці чалавека, адначасова рыхтуе для яго вялікі дар.

Ніводнае жыццё не можа пазбегнуць пэўнай долі цярпення, у святле ж нашай веры ў Езуса, які цярпеў, памёр і уваскрос, кожная хвароба і кожны боль — гэта сродак, каб імкнуцца ў першую чаргу да духоўнага дару.

Так, як для пракажонага, таксама і для нас хвароба, крохкасць можа стаць нагодай да ўнікальнай асабістай сустрэчы з міласэрным позіркам і дотыкам Езуса.

Папа Францішак узяў як свой біскупскі дэвіз словы святога Бэды Miserando atque eligendo — «Аказваючы міласэрнасць, [Езус] выбірае» — і пастаянна вяртаецца да тэмы Божай міласэрнасці. Божы міласэрны позірк заўсёды апярэджвае нас. Езус набліжаецца да пракажонага і дакранаецца да яго, ламаючы нормы грамадства і «здаровага сэнсу», і справа не ў тым, што, будучы Сынам Божым, Ён не можа заразіцца.

Езус мае ўладу аздараўляць адным сваім словам, але хоча выказаць хвораму сваю блізкасць і цеплыню сваёй прысутнасці.

Перш, чым вярнуць пракажонаму магчымасць быць зноў сярод іншых людзей, Езус сам разрывае путы яго адзіноты сваім дотыкам.

Прыняцце, якое акрамя як праз слова, з яшчэ большай моцай выказваецца праз дотык, адпаведны чулы фізічны кантакт, — адна з найглыбейшых патрэбаў і цела, і душы. Не трэба хаваць і баяцца гэтай нашай патрэбы — і ў малітве перад Богам, і з нашымі блізкімі, якім давяраем. Атрымліваючы прыняцце, якое ламае ланцугі нашай ізаляцыі і адзіноты, мы самі робімся здольнымі выйсці насустрач тым, хто ў сваёй крохкасці мае патрэбу ў тым, каб адчуць цеплыню нашай пяшчоты і ўвагі.

Папа Францішак часта ўзгадвае пра тое, што мы як хрысціяне павінны супрацьстаяць «культуры адчужэння» — усім тым формам паводзінаў, якія ўзводзяць муры паміж людзьмі, ізалююць багатых ад бедных, здаровых ад хворых, маладых ад старых, веруючых ад няверуючых, тых, хто мае ўладу, ад тых, хто яе пазбаўлены…

У нашым грамадстве ў гэты гістарычны перыяд трапляюць у «ізалятары» і пазбаўляюцца кантакту з іншымі не толькі тыя, хто можа нанесці рэальную шкоду іншым, але і проста тыя, хто думае інакш, чым гэта «дазвяляе» афіцыйная ідэалогія.

Яны не «хворыя», а, наадварот, па-свойму спрабавалі вылечыць хваробы нашага грамадства.

У сённяшнім евангельскім эпізодзе паказальна, што Езус, які даў магчымасць былому пракажонаму не быць больш у ізаляцыі, сам становіцца яе ахвярай: Марк не ўдакладняе, чаму Езус больш не можа «адкрыта ўвайсці ў горад», — магчыма, таму, што чуткі пра Яго стваралі ажыятаж, але магчыма і таму, што стала вядома пра Яго кантакт з пракажоным. Такім чынам, Езусу прыходзіцца «плаціць» за сваю дабрыню: Ён «бярэ на сябе нашыя хваробы» (пар. Мц 8, 17).

Мы сёння можам «выйсці» да Яго туды, дзе знаходзяцца Ягоныя «браты найменшыя» (Мц 25, 40), якія знаходзяцца ў вязніцы, ізаляцыі, адзіноце… Няхай Дух Святы зробіць дзейснай нашу веру праз салідарнасць з тымі, хто патрабуе нашай увагі. Амэн.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа