Пошук

05.12.2020 09:09   Тэкст: а. Віктар Жук SI / Catholic.by
Аб’яўленне Хрыста народу. Мастак Аляксандр Іванаў / wikimedia.org

1 чыт.: Іс 40, 1–5.9–11;

Пс 85 (84), 9аb–10. 11–12. 13–14

2 чыт.: 2 П 3, 8–14

Ев.: Мк 1, 1–8

Прыняць Добрую Навіну — пачаць нанава

Сённяшні евангельскі ўрывак — пачатак Евангелля паводле Марка, першыя вершы другога ў новазапаветным каноне аповеда пра жыццё, дзейнасць, муку і ўваскрасенне Езуса Хрыста, Сына Божага. Пасля таго, як у мінулую нядзелю мы чулі заклік чуваць, чакаючы вяртання Пана ў апошні дзень (пра які нам сёння зноў нагадвае другое чытанне), сёння вяртаемся да пачатку.

Сэнс не толькі ў тым, каб убачыць, як у адрозненне ад евангелістаў Мацвея і Лукі, якія расказваюць пра нараджэнне і дзяцінства Езуса, Марк пачынае свой аповед адразу з дзейнасці Яна Хрысціцеля. Першыя словы найкарацейшага Евангелля — напамін пра тое, што Добрая Навіна для нас з’яўляецца сапраўдным «пачаткам», то бок крыніцай усяго добрага. Кніга Быцця, першая кніга Бібліі, пачынаецца выразам «на пачатку» і расказвае пра справу стварэння.

Евангелле — гэта новы пачатак, у якім Бог звяртаецца да кожнага з нас праз свайго Сына, каб паказаць, як моцна Ён палюбіў нас і як жадае прывесці нас да паўнаты жыцця ў Ягонай прысутнасці.

Евангелле — заўсёды новы пачатак, заўсёды Радасная Навіна і крыніца надзеі, у якой сітуацыі мы б ні знаходзіліся.

Нам асабліва патрэбна чуць гэтае пасланне Божай любові і надзеі, калі ўсведамляем, наколькі зло і грэх скажаюць Божы план для сям’і Ягоных дзяцей.

Словы, якія мы чуем ад прарока Ісаі ў першым чытанні, звернутыя да Ізраэля менавіта ў адзін з найцяжэйшых момантаў гісторыі народа. Ізраэльцяне знаходзяцца ў няволі ў Бабілёне, не маюць сваёй дзяржавы, іх святыня — сімвал Божай прысутнасці і благаслаўлення для выбранага народа — ляжыць у руінах. І тады прарок абвяшчае новы пачатак, новую надзею: Ерузалем зноў стане месцам Божай прысутнасці, з гары Сіён, на якой горад пабудаваны, будуць ляцець добрыя весткі ва ўсе канцы. Гэта не будзе дасягненнем ізраэльцянаў — Бог сам умяшаецца і пераменіць лёс прыгнечанага народу.

Пасланне суцяшэння мае крыніцу не ў чалавечай моцы, а ў жаданні Пана адкупіць і збавіць сваіх дзяцей. Божае абяцанне грунтуецца не на чалавечай ініцыятыве ці заслугах людзей, а на Божай любові і міласэрнасці, Ягонай гатоўнасці прыйсці на дапамогу тым, з кім Ён увайшоў у саюз-запавет.

Як жа сёння, у тых абставінах, у якіх апынулася наша грамадства, нам патрэбныя словы суцяшэння, якія грунтуюцца не на нейкі чалавечым плане, а паходзяць ад Бога, усемагутнага ў сваёй міласэрнасці і любові, і пранікаюць да глыбіні сэрца!

Каб прыняць пасланне надзеі, трэба прайсці шляхам навяртання, да якога запрашае Ян Хрысціцель, — шляхам не проста пакаяння, але перамены сэрца і розуму.

Выйсці ў пустыню

Невыпадкова заклік Яна гучыць у пустыні і туды да яго выходзяць людзі са сваіх гарадоў. Пустыня — не самае прывабнае асяроддзе для чалавека, але менавіта яна становіцца тым месцам, праз якое Бог вядзе Ізраэль да свабоды з Егіпта, зямлі няволі. У пустыні няма месца выгодам і лішку, там задавольваюцца неабходным. Там выбраны народ вучыцца прымаць клопат Бога і давяраць Яму дзень пры дні.

Пустыня — гэта час выпрабавання, якое неабходна для ачышчэння сэрца чалавека ад усяго таго, што яго знявольвае. Інакш, без унутранай свабоды, мы не здольныя прыняць Божае абяцанне, так як ізраэльцяне шмат разоў наракалі на Бога, успамінаючы цыбулю і часнык на іх сталах у Егіпце і забываючы, што яны жылі там пад прыгнётам.

Таму Адвэнт — гэта неабходны час пустыні для нас; час выпрабаванняў, каб зрабілася відавочна, як нам далёка да свабоды — той сапраўднай свабоды, якая нараджаецца з абсалютнага даверу да Бога.

Менавіта ў гэтым ключы варта разглядаць наш аскетычны высілак у перыяд Адвэнту: як праяву нашага жадання ісці насустрач свабодзе, якая дазваляе нам пачуць і глыбока прыняць Божае абяцанне.

Мацнейшы, які хрысціць Духам Святым

Навяртанне ў святле хрысціянскай веры азначае прыняцце таго, што (ці, хутчэй, Каго) прадказвае Ян: за ім ідзе мацнейшы за яго, які «будзе хрысціць вас Духам Святым». Езус мацнейшы за Яна, бо менавіта моц Ягонага Духа робіць нас здольнымі «падрыхтаваць дарогу Пану, раўняць сцежкі Яму», або, як кажа другое чытанне, «весці святое жыццё ў пабожнасці».

Езус абвяшчае Евангелле і запрашае верыць у Добрую Навіну — але Ён сам і з’яўляецца Добрай Навіной для нас. Той, каго мы чакаем, але хто ўжо ўвайшоў і прысутнічае ў нашым жыцці, — Эммануэль, «Бог з намі», які павінен быць абвешчаны па ўсёй зямлі. Яго блізкасць да нас — вось крыніца ўсялякаго суцяшэння. Ён асабліва блізкі да кожнага церпячага, бо сам пазнаў цярпенне, праз якое «дасягнуў дасканаласці» (пар. Гбр 5, 8–9).

Вось Добрая Навіна, асабліва актуальная для нас: хоць Езус не гарантуе нам жыцця без цярпенняў, але Яго ўваскрасенне пасля мукі дае сэнс нашаму цярпенню.

Павел так выказвае пасхальны парадокс жыцця хрысціяніна: «Як памнажаюцца ў нас цярпенні Хрыстовыя, так памнажаецца праз Хрыста і суцяшэнне нашае» (2 Кар 1, 5). У тым самым урыўку Павел кажа, што суцяшэнне ад Бога — «каб мы маглі суцяшаць усіх засмучаных тым суцяшэннем, якім Бог суцяшае нас саміх» (2 Кар 1, 4).

Сёння мы хочам прыняць тое суцяшэнне, якое жадае ўліць у нашыя сэрцы Бог, наш Айцец, праз Езуса, Свайго Сына, Духам Святым — бо толькі Ён здольны нас суцешыць па-сапраўднаму. Але мы пакліканыя дзяліцца гэтым суцяшэннем, дапамагаючы ў гэты час адно аднаму пераадолець адчай і страх. Няхай Пан, які прыходзіць, дасць нам адчуць сваю блізкасць.

Амэн.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.