Пошук

14.11.2020 10:05   А. Віктар Жук SI / Catholic.by
Ілюстрацыйная выява: Рinterest.com

1 чыт.: Прып 31, 10–13, 19–20, 30–31
Пс 128 (127), 1–2. 3. 4–5
2 чыт.: 1 Тэс 5, 1–6
Ев.: Мц 25, 14–15. 19–21

Вера Бога ў мяне

«Езу, давяраю Табе»: гэтыя словы — кароткую, але якую ж глыбокую і істотную малітву — вельмі часта можна сустрэць у каталіцкім асяроддзі разам з абразом Хрыста міласэрнага, які распаўсюдзіўся дзякуючы сведчанню св. Фаўстыны Кавальскай. У даверы Богу, у тым, каб даручыць Яму ўсё сваё жыццё і глабальна, і ў канкрэтных дэталях, сапраўды месціцца сутнасць нашай веры. Аднак у даверы ёсць і іншае вымярэнне, пра якое кажа сённяшняя прыпавесць Езуса і якое нам таксама варта часта ўзгадваць — нават кожны раз, калі глядзім на выяву нашага Збаўцы: Бог давярае чалавеку.

Бог дае ў нашыя рукі скарб і пакідае нам свабоду распараджацца ім паводле нашых здольнасцяў, бо верыць, што мы здолеем зрабіць з яго нешта добрае і прыгожае. 

Пан хоча бачыць нас Сваімі партнёрамі, супрацоўнікамі ў справе пабудовы Божага Валадарства, і гэта не нейкая гульня ці імітацыя, а сапраўдная адказнасць, ускладзеная на кожнага з нас.

Кожнаму даручана адпаведна яго ці яе магчымасцям, колькасць дадзенага не істотная і не можа служыць падставай да сцвярджэння, што нехта лепшы ці горшы. Тое, што сапраўды важна, — умець прыняць дар і навучыцца мудра карыстацца ім.

Пад словам «талент», якое ўвайшло ў нашыя мовы менавіта з гэтай евангельскай прыпавесці, мы звычайна разумеем нейкую здольнасць, асаблівае ўменне. Гэта, пэўна, добры і правільны спосаб чытаць сэнс Езусавых слоў: з самага дзяцінства бацькі і педагогі павінны дапамагчы дзіцяці адкрыць яго ці яе схільнасці, пачаць раскрываць унікальны спосаб асобы прынесці нешта прыгожае ў гэты свет.

Але ёсць і таленты, якія даступныя кожнаму, незалежна ад таго, што «цэніцца на рынку» свецкай культуры: гаворка пра звышнатуральныя дары Божай ласкі, якія Пан шчодра сее ў нашым жыцці, але якія нам трэба пажадаць узяць і «засвоіць», зрабіць сваімі. Божае слова, сакрамэнты, тэалагічныя цноты — вера, надзея, любоў: як жа гэтыя дары цяпер, у нялёгкія часы выпрабаванняў, могуць служыць нам надзейным апірышчам!

Перамагчы страх жыць поўным жыццём

Сумны прыклад трэцяга слугі з прыпавесці паказвае, што з’яўляецца нашым галоўным ворагам на шляху ажыццяўлення радаснага задання будаваць разам з нашым Айцом вызначаную нам частку Валадарства. Гэты вораг — страх. «Пабаяўшыся, я пайшоў і схаваў талант твой у зямлю», кажа слуга, які не выкарыстаў шанц стварыць нешта новае на падставе атрыманага дару.

Страх — супрацьлегласць адносінам даверу, да якіх запрашае нас Бог у нашым жыцці.

Страх з самага пачатку гісторыі чалавецтва прымушае нас хавацца ад Бога, робячы з нашай галізны перад Стварыцелем прычыну для сораму там, дзе мы, наадварот, патрабуем прыняцця і міласэрнасці (пар. Быц 3, 10). Так мы апынаемся адрэзанымі ад Крыніцы жыцця і вымушаныя выжываць, а не жыць у паўнаце.

Але чалавек, які баіцца, найчасцей не хоча ў гэтым прызнавацца ні перад іншымі, ні перад сабой, таму хавае страх глыбока ўнутры, імкнучыся заглушыць яго рознымі ўцехамі — часам, на першы погляд, нявіннымі, а часам такімі, якія робяць з чалавека пачвару. Той, хто баіцца, лёгка паддаецца маніпуляцыі, і гэта добра ведаюць псеўдалідары, мэта якіх — трымаць уладу любым коштам і будаваць свой капітал на запалохванні іншых. Страх паралізуе дзеянні, якія прывядуць да сапраўднай свабоды, бо абмяжоўвае перспектыву жаданнем «каб толькі не было горай».

Менавіта таму, што страх — адна з галоўных прылад д’ябла, які імкнецца аддзяліць нас ад Бога і перашкодзіць жыць у паўнаце, Пан так часта звяртаецца да чалавека: «Не бойся!» Наша шчырае прызнанне свайго страху можа стаць момантам, у якім Бог паказвае Сваё збаўленне ў нашым жыцці. Варта зрабіць гэтае, напэўна, не вельмі прыемнае, але якое ж карыснае «практыкаванне»: пастарацца ўсвядоміць, чаго я баюся, і ў дыялогу з Богам пачуць «Не бойся!», звернутае да мяне асабіста, разам з гатоўнасцю зрабіць хоць бы малы крок наперад насуперак страху. Мы знаходзім адвагу не як нейкі «гатовы рэсурс», але як вынік таго, што трымаем зрок веры на Пану, падобна Пятру, які адважваецца ісці па хвалях, бо бачыць перад сабой Езуса (пар. Мц 14, 28-31).

Адважны — не той, хто перастае адчуваць страх, а той, хто, нягледзячы на страх, выбірае зрабіць крок — без гарантыі, але з даверам, што Пан не дазволіць яму патануць.

Благаслаўлёны кс. Ежы Папялушка ў нядаўні драматычны момант гісторыі Польшчы, калі было ўведзена ваеннае становішча і ўлады шматлікімі спосабамі прыцяснялі свабоду людзей, казаў: «Трэба адкінуць страх, які пазбаўляе волі і паралізуе думкі і сэрца чалавека. Баяцца трэба толькі аднаго — здрадзіць Хрысту за пару срэбранікаў бясплоднага спакою». Адзін з нашых «талентаў» — гэта ўгрунтаванае ў сэрцы і сумленні чалавека імкненне да справядлівасці і салідарнасці з бліжнімі, якое пашырае гарызонт нашага жыцця за межы асабістага інтарэсу, уключаючы ў яго агульнае дабро. Няхай у гэты час выпрабаванняў для нашай краіны ў нас хопіць гатоўнасці прыняць нялёгкую ласку развіваць гэты талент, не паддаючыся паралічу страху.

Быць «інвестарамі» любові, якую атрымалі

Не Бог выконвае суд над «нягодным слугой», а ён сам асуджае сябе на існаванне, поўнае боязі, вынік якога — «цемра і скрыгатанне зубоў». Мэта такога фіналу прыпавесці Езуса — не запалохаць нас, а матываваць, каб мы імкнуліся да супрацьлеглай рэчаіснасці. Пад іншым вуглом гледзячы на таленты, пра якія гаворка ў сённяшнім евангельскім урыўку, усвядомім, што ўсе яны — шматлікія і разнастайныя праявы Божай любові.

«Зарабіць новыя таленты» ў канчатковым выніку значыць для нас так «заінвеставаць» атрыманую любоў, каб яна ўцелавілася ў рэчаіснасці нашага жыцця ў канкрэтных адносінах і дзеяннях.

Гэта шлях да праўдзівай радасці, да якой запрашае сваіх слугаў-сяброў Гаспадар. Менавіта любоў «праганяе страх» (1 Ян 4, 18), дае трывалую радасць і робіць нас па-сапраўднаму вольнымі і прыгожымі. Няхай Дух Святы сваёй ласкай дапаможа нам усё глыбей разумець веліч Божых дароў-талентаў у нашым жыцці і памнажаць іх праз дзейсную любоў.

Абноўлена 14.11.2020 10:55
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.