Пошук

17.10.2020 08:08   а. Віктар Жук SI / Catholic.by

1 чыт.: Іс 45, 1. 4–6;
Пс 96 (95), 1 і 3. 4–5. 7–8. 9–10а.
2 чыт.: 1 Тэс 1, 1–5b.
Ев.: Мц 22, 15–21

Вера і ўлада: актуальнае пытанне

Цяжка знайсці больш надзённую тэму для нашага грамадства, чым тэма сённяшняга Евангелля. Якая сувязь існуе паміж адносінамі з Богам і стаўленнем да палітычнай улады? Больш канкрэтна, як верніку ўзаемадзейнічаць з уладай, якая зусім «не Божая», прадстаўнікі якой не ставяць сабе за мэту забяспечыць справядлівасць і спакой для ўсіх, а наадварот становяцца прыгнятальнікамі і абараняюць беззаконне, выконваючы злачынныя загады?

Рэакцыя Езуса на спробу супраціўнікаў падлавіць Яго на пытанні «пра палітыку» дапаможа зразумець, як ставіцца і як паводзіць сябе ў абставінах, у якіх нам даводзіцца жыць.

Пытанне пра падатак, які рымская ўлада патрабавала ад кожнага жыхара Юдэі (за выключэннем дзяцей і старых), было добрай нагодай, каб паспрабаваць паставіць у тупік раббі Езуса. Адказаць «не, не трэба плаціць акупацыйнай уладзе» азначала заняць пазіцыю бунтаўнікоў, зелотаў, якія супрацьстаялі рымлянам нават са зброяў у руках. Адказаць «так» азначала прызнаць, што імператар, які рабіў сябе богам, мае законную ўладу над выбраным народам, адзіным Валадаром якога мог быць толькі Бог. У сваіх словах Езус не адхіляецца ад адказу, але і не дазваляе злавіць сябе ў пастку. Ён пераводзіць пытанне на іншы ўзровень, нагадваючы пра галоўнае: аддаць Богу тое, што Яму належыць — і ў святле гэтага прыярытэту ўсё павінна стаць на свае месцы.

Тым не менш, гэты лаканічны і геніяльны адказ Пана Езуса нараджае чарговыя пытанні. На працягу гісторыі Касцёла прапаноўваліся самыя розныя, нават дыяметральна супрацьлеглыя інтэрпрэтацыі гэтых слоў: для адных Хрыстус тут аддзяляе ўладу рэлігійную і палітычную, для іншых Ён ставіць першую ў залежнасць ад другой, для трэціх — другую ў залежнасць ад першай. Як можна здагадацца, у кожным выпадку тлумачэнне найчасцей залежала ад пазіцыі і інтарэсаў таго, хто браўся інтэрпрэтаваць словы Пана.

Тое, што кажа прарок Ісая ў сённяшнім першым чытанні, дадае новыя аргументы да дыскусіі: Кір, персідскі манарх, у VI ст. да нараджэння Хрыстова заваяваў бабілёнскае каралеўства — прыгнятальнікаў Ізраэля — і ўсталяваў новае панаванне над велізарнай тэрыторыяй, якая ўключала ў сябе Ізраэль. Кір дазволіў ізраэльцянам вярнуцца на сваю зямлю з бабілёнскай няволі і нават адбудаваць ерузалемскую святыню, для чаго выдзяліў частку сродкаў. Прарок называе Кіра «памазаннікам Пана», бачучы, як Божы Провід дзейнічае для дабра выбранага народа праз персідскага караля-язычніка. Ці гэта значыць, што заўсёды «сэрца караля ў руцэ Пана — куды захоча, туды яго кіруе»? (пар. Прып 21,1) Відавочна, той уладар, які не выконвае Божую волю, не з’яўляецца насамрэч Ягоным памазаннікам, хоць біблійныя аўтары часам інтэрпрэтуюць злыя дзеянні такіх каралёў у адносінах да Ізраэля як Божае пакаранне.

У любым выпадку, Бог не «пакідае» палітычнай сцэны, падзей у грамадстве і ў адносінах паміж народамі — у любых абставінах вернікі пакліканыя давяраць Яму і захоўваць вернасць, а асабліва ў час выпрабаванняў і грамадскіх хваляванняў.

Выява цэзара і вобраз Божы

Вернемся да словаў Хрыста ў Евангеллі і да пытання, пастаўленага на пачатку гэтага разважання: ці сярод усёй гэтай дыскусіі мы можам знайсці адказ, які дапаможа нам зразумець, што сапраўды Пан меў на ўвазе; убачыць крытэрый выбару, які дасць нам нейкі накірунак для канкрэтных дзеянняў? Езус не выпадкова просіць паказаць падатковую манету: Ён звяртае ўвагу на выяву, вобраз, які на ёй змешчаны, каб нагадаць пра іншы вобраз — вобраз і падабенства Божае, якое Бог пакінуў у гэтым свеце.

Гэтым вобразам з’яўляецца чалавек у яго годнасці і свабодзе дзіцяці Божага — стварэнне, пакліканае да актыўнага супрацоўніцтва са сваім Айцом, каб самому ўзрастаць у гэтай годнасці і свабодзе праз паслухмянасць Божай добрай волі і садзейнічаць таму, каб іншыя ў іх узрасталі. Надпіс, які пакідае Пан побач са сваім вобразам, — Ягонае Імя, запісанае ў Запавеце, які ўводзіць чалавека ў асаблівыя адносіны з Богам і гарантуе яму сапраўдную свабоду: «Я Пан Бог твой, які вывеў цябе з няволі» (пар. Зых 20,2).

Запавет Пана з чалавецтвам адкрываецца ў паўнаце, калі Божы Сын становіцца адным з нас — калі мы ўрэшце разумеем, што менавіта гледзячы на свайго Сына, Айцец дае нам жыццё паводле вобразу свайго Умілаванага. Ён, Адзінародны Сын, збірае ўсіх дзяцей Божых у адно, аддаючы за нас жыццё і адкрываючы шлях да ўваскрасення і жыцця сваёй перамогай над смерцю.

Быць у гэтым Запавеце з Богам, захоўваць вернасць у адказ на вернасць і любоў Бога да мяне — вось што значыць «аддаць Богу Божае».

Гэта значыць не пагаджацца на тое, каб нейкая зямная рэчаіснасць засланяла мне Пана і перашкаджала жыць паводле той годнасці, якая не мае сваіх каранёў у нічым створаным, а толькі ў Богу. Вось крытэрый для нашага выбару і дзеянняў, і ў канкрэтных абставінах ён будзе патрабаваць ад нас высілку распазнаваць адпаведнае стаўленне і спосаб паводзіць сябе.

Годнасць дзяцей Божых вышэй за любы чалавечы аўтарытэт

На жаль, занадта часта здараецца так, што ўлада ў руках чалавека становіцца не інструментам служэння іншым і клопату як пра годнасць кожнага, так і пра агульнае дабро (якім яна павінна быць), а спакусай ужыць яе, каб абараняць інтарэсы наменклатуры. Пан Езус папярэджваў сваіх вучняў, што ім давядзецца сутыкнуцца з пераследам і насіллем за Ягонае імя.

У нашых абставінах, нават калі імя Езуса не ўзгадваецца як прычына пераследу, мы памятаем прыпавесць нашага Пана пра апошні суд, у якой Ён ідэнтыфікуе сябе з галоднымі, прагнучымі, голымі, хворымі і зняволенымі: тое, як мы ставімся да гэтых братоў і сясцёр Валадара, азначае нашае стаўленне непасрэдна да Яго, і наступствы нашых дзеянняў да іх Езус адносіць да сябе самога.

У сваёй нядаўняй і такой актуальнай для нас энцыкліцы Fratelli tutti Папа Францішак, навучаючы пра адносіны братэрства ў грамадстве і «мадэль жыцця, якая мае смак Евангелля» (п.1), сярод іншага кажа пра права і неабходнасць абараняць годнасць чалавека — сваю ўласную і бліжніх, у тым ліку ад злоўжыванняў з боку ўлады: 

« <…>

У сутыкненні з карумпаванымі чыноўнікамі, злачынцамі і тымі, хто зневажае нашую годнасць <…> мы пакліканы любіць усіх без выключэння, але любіць прыгнятальніка не азначае дазваляць яму працягваць прыгнятаць нас альбо дазваляць яму думаць, што ягоныя ўчынкі з’яўляюцца прымальнымі.

Наадварот, сапраўдная любоў да такога чалавека стараецца знайсці спосаб, каб прымусіць яго спыніць прыгнёт; пазбавіць яго той улады, якой ён не здольны карыстацца, і якая знявечвае яго чалавечнасць. <…> Церпячыя ад несправядлівасці павінны рашуча абараняць свае правы і правы сваёй сям’і менавіта таму, што павінны сцерагчы годнасць, якую атрымалі, годнасць, якую любіць Бог.» (Fratelli tutti, 241)

Няхай гэтыя словы дапамогуць нам лепш бачыць, якія канкрэтныя дзеянні мы можам прадпрымаць у цяперашніх умовах, з вераю у тое, што Бог з намі ў нашым імкненні да сапраўднай свабоды і пашаны годнасці кожнага чалавека. Любоў, якая «праганяе страх» (1 Ян 4, 18), няхай кіруе намі, каб нам усё больш станавіцца падобнымі да Сына Божага, чый вобраз мы носім у сабе. Амэн.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа