Пошук

15.08.2020 07:11   Тэкст: а. Віктар Жук SI / Catholic.by
Езус і хананеянка. Мастак Франсуа-Юбэр Друэ / Wikipedia.org

1 чыт.: Іс 56, 1. 6–7;

Пс 67 (66), 2–3. 5. 6 і 8.

2 чыт.: Рым 11, 13–15. 29–32.

Ев.: Мц 15, 21–28

«Захоўвайце правасуддзе і чыніце справядлівасць», — кажа сёння прарок Ісая, і падобныя словы мы чуем зноў і зноў ад усіх прарокаў, ад усіх біблійных аўтараў, натхнёных Духам Божым.

Справядлівасць і правасуддзе — вось асновы для супольнага жыцця, якога жадае для Свайго народа Пан і якое адпавядае годнасці кожнага чалавека як улюбёнага дзіцяці Бога.

Супрацьлегласць гэтых асноўных прынцыпаў — несправядлівасць у самых розных яе праявах, ажно да гвалту, насілля і забойства, — а таксама прысуд, заснаваны на ілжы. На жаль, у гэтыя апошнія дні мы сталі сведкамі і аднаго, і другога.

Зноў і зноў прарокі, тэксты якіх захаваліся для нас у Бібліі, і пасля іх усе іншыя, хто не пагаджаўся з несправядлівасцю, адважваўся ўздымаць свой голас і супрацьстаяць моцным гэтага свету. Менавіта ўлада, якая павінна быць сродкам служэння Божаму люду, надзвычай часта, на жаль, робіцца крыніцай гвалту і прымусу.

«Хутка прыйдзе збаўленне Маё і аб’явіцца справядлівасць Мая», — кажа Пан праз прарока, нагадваючы пра крыніцу і ўзор праведнага жыцця, а таксама пра тое, каму належыць апошні суд над кожным чалавечым жыццём.

Езус у Казанні на гары называе шчаслівымі ў евангельскім сэнсе тых, хто прагне і жадае справядлівасці. Але такое шчасце мае сваю цану: сярод благаслаўленняў ёсць яшчэ адно, якое ўзгадвае гэту цноту: «Шчаслівыя, каго пераследуюць за справядлівасць, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае».

Тым, хто чыніць несправядлівасць, вельмі нязручныя тыя, хто не маўчыць, не пагаджаецца з насіллем, якое адбываецца навокал: ці то фізічным, ці іншым, напрыклад, маніпуляцыяй, запалохваннем і пазбаўленнем чалавека годнасці і свабоды. Але Бог і Яго слугі не могуць маўчаць, бачучы, як капрыз кагосьці моцнага пазбаўляе годнасці беднага і слабейшага.

На працягу гісторыі Касцёл апынаўся ў розных сітуацыях, якія патрабавалі разважлівасці дзеля абароны найслабейшых. Але разважлівасць не можа быць апраўданнем бяздзейнасці і маўчання з боку супольнасці верных Хрысту перад абліччам уціску безабаронных.

Пасля таго, як ад імені Бога псальміст пералічвае беззаконні, ён дадае: «Я маўчаў — ты падумаў, што Я такі, як ты?» (пар. Пс 50 (49), 21). Наступае момант, калі маўчаць больш нельга.

Што гэта азначае для кожнага з нас? Перш за ўсё, прыняцце такой унутранай пазіцыі, дзе я не згаджаюся на несправядлівасць і насілле ў любых яго формах — і ў маіх уласных справах, і навокал мяне. Для гэтага патрэбна рашучасць і адвага, якія прыходзяць да нас як дар Божага Духа, і варта з вялікім жаданнем прасіць аб ім.

У сённяшнім Евангеллі мы маем прыклад жанчыны, якая просіць зноў і зноў, не перастаючы, нават калі Езус спачатку ніяк не рэагуе на яе просьбу. Зыходзячы з гэтага дару, які ёсць не што іншае, як прысутнасць Самога Бога ў нашым сэрцы і сумленні, кожны павінен прыняць рашэнне аб тым, якую форму прыме яго ці яе гатоўнасць быць на баку тых, каго закранула ці каму пагражае несправядлівасць і гвалт. У сённяшніх абставінах гэта павінна вылучаць нас як вучняў Хрыста: свядомасць Божай салідарнасці з прыгнечанымі і дзеянне, натхнёнае дарам Духа Святога, які суправаджае асаблівым чынам тых, хто сведчыць пра справядлівасць і каго пераследуюць за яе (пар. Мц 10, 19–20).

Прыклад жанчыны з Евангелля вучыць нас настойлівасці ў малітвах да Бога, але не толькі. У яе паставе спалучаюцца настойлівасць, надзея, вера і пакора. Першапачатковая рэакцыя Езуса на жаданне жанчыны можа бянтэжыць: спачатку Ён проста маўчыць, а потым выкарыстоўвае вобраз шчаняці, які можа здацца абразлівым.

Спрабуючы зразумець паводзіны Езуса ў гэтай сітуацыі, зыходзім з таго, што наш Пан ніколі не хоча нікога абразіць ці прынізіць. Пан Езус спасылаецца на прыярытэты сваёй місіі, але ў рэшце рэшт Яго пераконвае стаўленне маці, якая з болем і пакорай просіць за сваё дзіця.

Сапраўдная пакора ніколі не азначае прыніжэння нашай сапраўднай сутнасці; сапраўдная пакора — гэта ўсведамленне таго, хто мы ёсць перад Богам, і акт даверу Яму ўсяго, што адбываецца ў нашым жыцці.

Часта здаецца, што Бог не адказвае на нашыя просьбы ці прымушае нас чакаць, не рэагуе так хутка, як нам хочацца. Чаму так адбываецца?

Тая «прастора», якая ўтвараецца паміж нашай просьбай і яе спаўненнем — гэта не «пусты» ці дарэмны час, калі Бог нібыта нас ігнаруе. Маўчанне з боку Бога ўжо напоўнена Яго прысутнасцю, нават калі мы яе не адчуваем звычайным спосабам.

Так, у пэўным сэнсе гэта выпрабаванне для нас: «тэст» глыбіні нашага жадання і адначасова праверка, наколькі тое, аб чым мы просім, гарманічна звязана з нашым шляхам да Бога, з нашым знаходжаннем сябе ў Ім — як індывідуальных асобаў і як супольнасці Божых дзяцей. Гэта шанц зразумець, што наш лёс — у Божых руках і што няма нічога важнейшага за тое, каб жыць паводле Божай справядлівасці, любові і сапраўднай свабоды Божых дзяцей.

Няхай сёння, пакуль мы чакаем спаўнення нашых найглыбейшых асабістых і супольных прагненняў, Пан дасць нам адвагу, надзею і давер да Яго, нашага Айца, Збаўцы і Жыватворцы.

Абноўлена 15.08.2020 07:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.