Пошук


Фота Ільі Ваніслаўчыка
Фота Ільі Ваніслаўчыка

Адрас:

Парафія Божага Цела
вул. Лермантава, 2

225540 г. Давід-Гарадок
Столінскі р-н
Брэсцкая вобласць

пробашч: кс. Андрэй Шут
тэл: +375297268379

З гісторыі парафіі:

Гісторыя заходняй хрысціянскай традыцыі на землях Палесся ў ваколіцах мястэчка Давыд-Гарадок бярэ свой пачатак з VIII-IX стагоддзяў, калі сюды прыбылі першыя хрысціянскія місіянеры з поўдня і захаду еўрапейскага кантыненту, каб прапаведаваць Евангелле.

Сярод знакамітых каталіцкіх місіянераў, якія абвяшчалі Хрыста на палескіх землях, гістарычныя крыніцы асабліва ўзгадваюць служэнне святога біскупа Бруно Баніфацыя з Кверфурта (974-1009), а таксама святога Яцэка (Гіяцынт, 1185-1257), якія панеслі мучаніцкую смерць ад рук язычнікаў.

Яшчэ больш развіццю заходне-хрысціянскай традыцыі спрыялі шматлікія кантакты і дынастычныя шлюбы тураўскіх князёў, праз якія жаніліся прадстаўнікі заходняй (каталіцкай) і ўсходняй (праваслаўнай) традыцый, ствараючы адметны вобраз шматканфесійнага аблічча Палесся. Каля 1008-1013 гг. Тураўскі князь Святаполк ажаніўся з дачкою польскага князя (пазнейшага караля) Баляслава Храбрага. Гэты шлюб спрыяў таму, што на землях Турава і Давыд-Гарадка было ўстаноўлена каталіцкае (лацінскае) біскупства. Унармавалася душпастырская праца каталіцкіх святароў. Першым біскупам, які ў тыя часы пачаў служэнне ў гэтым рэгіёне Палесся, быў біскуп Рэйнберн.

Каталіцкая парафія ў Давыд-Гарадку мае вельмі глыбокія і старажытныя карані. Гістарычныя крыніцы сведчаць, што мураваная святыня для мясцовага каталіцкага прыхода была пабудавана ў цэнтры мястэчка ў 1623 г.

Дзякуючы намаганням вернікаў і падтрымцы князя Яна Альбрэхта Радзівіла быў асвечаны касцёл Божага Цела. На працягу стагоддзяў ён неаднаразова перабудоўваўся і рамантаваўся. Так у 1811 г. святыня перажыла пажар, пасля якога была адноўлена. Чарговы пажар адбыўся ў 1839 г., пасля чаго вернікі на чале са святаром-настаяцелям Якубам Габарцэвічам зноў адбудавалі касцёл.

Рэстаўрацыйныя працы былі завершаны ў 1848 г. У 1890 г. святыня зноў згарэла ад агню. Пасля гэтага вернікі на чале са святаром Генрыхам Гумніцкім збіраліся на набажэнствы ў мураванай капліцы, дзе з 1909 г. пастаянна служылася св. Імша. Нарэшце ў 1936 г. былі завершаны працы па адбудове парафіяльнага касцёла, які па сённяшні дзень захаваўся.

У сувязі з драматычнымі падзеямі Другой сусветнай вайны і наступнымі атэістычнымі ліхалеццямі, касцёл у савецкія часы спачатку быў зачынены, а пасля ў ім размяшчаўся мясцовы Дом культуры. У 2017 г. касцёл быў вернуты да свайго першапачатковага прызначэння для выключнай службы Богу.

Гісторыя каталіцкай парафіі ў Давыд-Гарадку славіцца знакамітымі і ахвярнымі святарамі, якія тут неслі сваё служэнне. Сярод іх асаблівыя заслугі для мясцовых католікаў і мястэчка маюць святары, якія служылі тут у першай палове XX стагодзя: кс. Леапольд Аўліх, кс. Ісідор Борыс, кс. Юзаф Чайка, кс. Баляслаў Руткоўскі, кс. Павел Геніюш, кс. Ян Яжджэўскі, кс. Пётр Вашчынскі і іншыя. Значны ўклад у развіццё дабрачыннасці, апекі над беднымі, развіцці адукацыі і выхавання для дзяцей з бедных сем’яў меў ксёндз Леапольд Аўліх, які служыў у Давыд-Гарадку ў 1920-я гады.

Доўгія дзесяцігоддзі ў пасляваенны час мясцовая парафія заставалася без душпастыра. Бліжэйшы касцёл, які не быў знішчаны атэістамі, знаходзіўся ў Пінску. Там служыў легендарны святар Казімір Свёнтэк (1914-2011), пазней — першы кардынал у гісторыі сучаснай Беларусі. У 1990-я гады духоўнае жыццё Касцёла на Століншчыне пачало зноў адраджацца. Нанова арганізаваліся парафіі ў Століне і Асавой. Пачалося духоўнае адраджэнне каталіцкай веры і парафіі ў Давыд-Гарадку.

21 кастрычника 2017 года біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка асвяціў касцёл у Давыд-Гарадку пад тытулам Божага Цела. У пасляваенны час святыня выкарыстоўвалася як клуб.

Абноўлена 25.10.2017 15:55
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа