Пошук


Фота Аляксандры Шчыглінскай

Адрас:
в. Дзярэчын
Зэльвенскі р-н
Гродзенская вобл.
231952

Тэл.: (8-01564) 3-34-44
Факс: 3-34-55

Расклад набажэнстваў (магчымы змены)  

  • Св. Імша ў нядзелю і святы — 10.00
  • Св. Імша ў будні — 18.00 (19.00)

Адпуст: 15 жніўня

З гісторыі парафіі

Кляштар дамініканцаў і каталіцкая парафія з касцёлам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі – 1629-1832 г.
 
Ад XV стагоддзя (1416 г.) вёска Дзярэчын належыць да роду Капачаў. У 1609 г. уладальнікам вёскі быў Палубінскі. Першую святыню ў Дзярэчыне зафундавалі ў 1618 г. князі Канстанцін і Зоф’я з роду Сапегаў Палубінскія і перадалі дамініканцам. У 1633 г. першую візітацыю правёў біскуп Каспер Заліўскі. У 1690 г. манахі правялі рэканструкцыю першапачатковага касцёла. Са сродкаў уласнага бюджэту канвента святыня была вымуравана з цэглы, патынкавана і пакрыта чарапіцай. З архітэктурнага пункту гледжання яна прадстаўляла сабой дарычны стыль. Даўжынёю ў 50 і шырынёю ў 42 локці, з дзвюмя паасобнымі вежамі і дзвюмя капліцамі, спалучанымі са сценамі касцёла. У 1741 г. біскуп Міхал Зянковіч кансэкраваў святыню, надаўшы ёй тытул Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. У 1772 г. душпастырскую працу тут вядуць 29 манахаў (з іх 13 святароў). З таго часу захаваліся таксама друкаваныя гаміліі. Пры парафіі манахі ўтрымлівалі шпіталь, школу і філасофскія курсы. Касцёл і кляштар у Дзярэчыне сталі цэнтрам рэлігійна-культурнага жыцця.
 
Уваход у касцёл складаўся з 5 драўляных ступеняў. Інтэр’ер касцёла ахоўвалі падвойныя дзверы на жалезных завесах, умацаваныя вісячым замком. Над імі было гатычнае акно, якое выражала імя Марыі. Далей да касцёла вёў вестыбюль, аддзелены дзвюма бакавымі дзвярыма і цэнтральнымі вялікімі дзвярыма, якія рассоўваліся. У касцёле і капліцах было 19 вокнаў, а ў купалах капліц — 16. Былі таксама даволі вялікія арганныя хоры. Унутры касцёла размяшчалася 5 каплічак: 3 большыя і 2 меншыя. Падлога ў большай частцы была з мармуру, а ў дзвюх каплічках — з цэглы. Пад падлогай знаходзілася 8 скляпоў са старажытнымі грабніцамі ў добрым стане. З правага боку знаходзілася закрыстыя, якая абагравалася печкай, з левага — склад для касцёльных рэчаў. Святыню асвятлялі галоўным чынам восем вялікіх жырандоляў з 60-цю ліхтарыкамі і шкляны жырандоль з 8-мю ліхтарыкамі. 
 
У касцёле было 8 алтароў. Галоўны алтар прысвечаны Найсвяцейшай Панне Марыі Унебаўзятай з вялікім абразом, які паказвае гэтую таямніцу. Сам алтар быў увесь драўляны, пафарбаваны ў белы колер і пазалочаны ў многіх месцах. Увагі заслугоўвала шырма па ободвух баках алтара, таксама прыгожай разбярскай работы, з дзвюма дзвярыма, якія вялі за алтар. У верхняй частцы  шырмы знаходзілася 6 бюстаў з рэліквіямі. У дзярэчынскім касцёле былі таксама рэліквіі Святога Крыжа. Падлога прэзбітэрыя была «ўсцелена» праз сярэдзіну мармурам і цаглянымі кафлямі, пад сценамі з абодвух бакоў стаялі прыгожыя лавы. Другі алтар — з абразом, які адлюстроўваў сцэну бічавання Пана Езуса — знаходзіўся злева і быў увесь мураваны. Трэці алтар размяшчаўся ў капліцы св. Дамініка, у ім знаходзілася выява гэтага святога, які ўваскрасіў мёртвага юнака; намаляваны на сцяне. У капліцы св. Тамаша Аквінскага быў чацвёрты алтар, таксама намаляваны на сцяне, з абразом гэтага ж святога, паглыбленага ў роздум. У гэтай капліцы была таксама хрысцільня. Алтар св. Антонія са старым абразом таксама знаходзіўся ў асобнай капліцы. Алтар у капліцы Анёла-ахоўніка меў новы абраз, які паказваў Нябеснага Апекуна, што вядзе беззаганных дзяцей. Сёмы алтар — св. Вінцэнта з яго выявай, апраўлены ў пазалочаныя рамы — быў намаляваны на сцяне. Восьмы алтар, прысвечаны Найсвяцейшай Панне Марыі, быў увесь мураваны. Абраз Багародзіцы прыкрыты срэбнай шатай. Алтары Маці Божай і Пана Езуса былі аздоблены густоўнымі гіпсавымі ўпрыгожаннямі. Усе алтары забяспечаны дастатковай колькасцю падсвечнікаў са свечкамі, на кожным алтары быў крыж. Вялікі алтар меў найбольшую колькасць падсвечнікаў: чатыры срэбных анёла і два драўляных трымалі падсвечнікі са свечкамі, дадаткова яшчэ было шэсць срэбраных і дзесяць алавяных падсвечнікаў.
 
 
 
Святыня была вельмі добра забяспечана касцёльнымі начыннямі: сем набораў вышываных арнатаў з капамі, далматыкамі і дзвюмя стуламі, трыма маніпулярыямі і келіховай бялізнай; чатыры такія наборы без капаў; паасобных арнатаў было 14, чырвоных дзевяць, зялёных 11, шэсць пакутных. На жаль, больш за палову з іх патрабавалі рамонту. Алтарная бялізна была ў дастатковай колькасці і ўтрымлівася ў добрым стане. Дастаткова было таксама літургічных начынняў, вырабленых з каштоўных металаў: манстранцыі, рэлікварыі, цыборыумы, келіхі, патэны, кароны абраза св. Антонія, шаты абраза Маці Божай, падсвечнікі, дошкі з гербамі заснавальнікаў. У касцёле знаходзіўся драўляны амбон, пафарбаваны ў белы колер і пазалочаны ў некаторых месцах, а насупраць яго стаяў разьбяны, мармуровы помнік князям Сапегам.
 
Удзяляючы сакрамант паяднання, дамініканцы маглі карыстацца сямю канфесіяналамі. Пасярэдзіне касцёла стаялі 12 дубовых лавак, а ў капліцы св. Тамаша дзве вялікія і шэсць малых. З драўляных хораў грунтоўнай сталярскай работы, упрыгожаных прыгожымі роспісамі, можна было пачуць ігру 24-галоснага аргана з трыма клавіятурамі, узбагачанымі дадатковым басам. Звонку, у пярэдняй частцы касцёла, стаялі дзве мураваныя вежы, пакрытыя ліставой меддзю, з жалезнымі крыжамі зверху. На адной з вежаў віселі тры званы вагой у 60, 30, 20 фунтаў, на другой вісеў гадзіннік, які адбіваў гадзіны і чвэрці гадзін. У пярэдняй частцы касцёла стаяла таксама вялікая мураваная брама з цэглы.
 
Падчас візітацыі 1830 г. касцёл вельмі добра падтрымліваўся са сродкаў канвента. Апошнія рамонтныя і рэстаўрацыйныя працы, фінансаваныя Сапегамі, праводзіліся даўно: у 1760 г. сцены і столь былі распісаны за кошт князя Міхала Сапегі, а ў 1800 г. Аляксандр Сапега дапамог пабудаваць адну вежу. Манахі не былі ў стане самастойна фінансаваць рамонт касцёла, не было таксама ніводнага дакумента, які б абавязваў спадчыннікаў Дзярэчына дапамагаць касцёлу. Цяжкасці, звязаныя з недахопам рэсурсаў ва ўмовах патрэбнага для касцёла рамонту, былі не адзінай пагрозай для святыні.
 
Каталіцкая парафія пры падамініканскім касцёле – 1833-1905 г.
 
Фармулёўка «пры касцёле» павінна дапамагчы зразумець, што рашэнне аб ліквідацыі парафіі, навязанае царскай адміністрацыяй касцёльным уладам, не было правамоцным, і нягледзечы на запіс (пасля 1835 г.) каталікоў у праваслаўную царкву, на гэтай тэрыторыі заўсёды існавала група вернікаў, якія карысталіся паслугаю ў суседніх гарадах (напр. Слонім, Ваўкавыск, Масты).
 
Надышоў год 1832. У выніку рэпрэсій, якія праводзілі царскія ўлады ў адказ на лістападаўскае паўстанне, кляштар дамініканцаў быў ліквідаваны, а манахі вымушаны былі выехаць з Дзярэчына. Парафію прыняў дыяцэзіяльны святар. 
 
24 мая 1861 г. у дзярэчынскім касцёле ўрачыстая памінальная св. Імша за Яўстахія Севярына Сапегу сабрала 10 духоўных, у тым ліку з кляштара бернардзінцаў у Слоніме.
 
18 жніўня 1866 г. быў вельмі трагічным днём для парафіяльнай супольнасці. Касцёл быў знішчаны пажарам. Вялікі алтар згарэў дашчэнту, а астатнія былі моцна пашкоджаны. Рэканструкцыя ці ўзвядзенне новага касцёла былі немагчымыя, бо ўлады эфектыўна прадухілялі ініцыятывы такога тыпу.
 
Праз сем месяцаў пасля пажару Міністэрства ўнутраных спраў выдала дазвол на адпраўленне св. Імшы толькі ў час Вялікага посту, прычым не ў касцёле, а ў капліцы на могілках. Дазвол гэты быў атрыманы дзякуючы намаганням дзярэчынскага пробашча кс. Станіслава Любатынскага (1859-1867). У той час парафія налічвала 1200 каталікоў.
 
Католікі без парафіі – 1867-1905 г.
 
Паводле рашэння цара з 22 чэрвеня 1867 г. касцёл у Дзярэчыне павінен быў быць зачынены, а вернікі — аднесены да парафіі ў Слоніме і іншых «суседніх» касцёлаў. У хуткім часе цэгла, якая засталася ад згарэлага касцёла, была прададзена на аўкцыёне як будаўнічы матэрыял. Вернікам давялося чакаць новага касцёла амаль 40 доўгіх гадоў. 
 
«Святыня наша, святая і ўзнёслая, у якой хвалілі Цябе нашыя продкі, стала пастваю агню, і ўсё, што мы любілі, ператварылася ў попел».
Неагатычная святыня – 1905-2013 г.
 
Пасля выдання царом талерантнага загаду пачынаецца рэлігійнае адраджэнне парафіі. На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў парафіяне стараліся атрымаць дазвол на будаўніцтва новага касцёла. Нарэшце ў 1904 г. справаю заняўся афіцэр царскіх войскаў, якія размяшчаліся ў той час у Дзярэчыне, Дамінік Тарасевіч. Палкоўнік шмат месяцаў цярпліва складаў прашэнні ўсюды: пачынаючы ад начальніка паліцыі, аж да цара Мікалая ІІ. У гэты час яго «кампаньён» гвардыян францішканцаў а. Мельхіёр Фордон узносіў у гэтай справе малітвы да Бога і не спыняўся, пакуль цар не даў згоды на будаўніцтва святыні. Працы можна было распачынаць. Ужо ў 1905 г. рэгулярна адбываліся набажэнствы ў драўлянай могілкавай капліцы, асвечанай пробашчам са Слоніма. У хуткім часе (у 1906 г.) намінацыю на пробашча ў Дзярэчыне атрымаў малады святар Адам Абрамовіч.
 
Адам Абрамовіч нарадзіўся 2 лютага 1881 г. у мястэчку Жосле на Літве. Яго бацька Марцін працаваў на чыгунцы, а маці Цэцылія з роду Сонгіных займалася хатняй гаспадаркай. 
 
Адам спачатку вучыўся ў мясцовай школе, а пасля ў тэхнічнай школе ў Новых Троках. У Паўлаградзе ў Расіі здаў экзамен за 4 класы гімназіі і ў 1899 г. паступіў у Духоўную семінарыю ў Вільне. У 1905 г. атрымаў святарскае пасвячэнне. Год працаваў вікарыем у Слоніме, а ў 1906 г. прыняў функцыі пробашча ўваскрослай пасля ліквідацыі царскімі ўладамі парафіі ў Дзярэчыне. Кс. Адам хутка пабудаваў мураваны касцёл і плябанію. Арганізаваў пры парафіі патаемныя «польскія школкі» і ў хуткім часе быў абвінавачаны царскімі ўладамі ў незаконнай адукацыйнай дзейнасці і прыняцці ў Касцёл праваслаўных. Па гэтай прычыне святар быў вывезены з Дзярэчына і пасяліўся ў кляштары францішканцаў у Гродне. Там правёў 2 месяцы. 
 
Пасля таго, як кс. Адам пакінуў кляштар, пасля двух гадоў блуканняў яму ўдалося выехаць за мяжу. Большасць часу ён правёў у Рыме, дзе, як вольны слухач, наведваў універсітэт «Angelicum». 
 
У 1914 г. вяртаецца ў Польшчу і атрымлівае намінацыю на вікарыя парафіі св. Рафала ў Вільні, а трохі пазней становіцца вікарыем у Сухаволі. Адтуль у 1917 г. пераходзіць пробашчам у Вухава, дзе заканчвае будаўніцтва касцёла. 
 
У 1921 г. становіцца пробашчам парафіі ў Ганёндзах. Там кс. Абрамовіч бярэцца за будаўніцтва касцёла, які запраектаваў архітэктар Оскар Сасноўскі. 
 
9 лютага 1925 г. біскуп намінаваў кс. Абрамовіча пробашчам парафіі св. Роха, якую ён прымае 1 мая гэтага ж года. 20 мая біскуп Матулевіч выдаў дэкрэт аб заснаванні парафіі св. Роха ў Беластоку. Там была пабудавана святыня, якую ў 1946 г. ва ўрачыстасць св. Роха кансэкраваў абп Рамуальд Ялбжыкоўскі.
 
Як капелан Арміі Краёвай за сваю дзейнасць, ксёндз Абрамовіч быў адзначаны Крыжам Незалежнасці з Мячамі і Крыжам Доблесных. 
Кс. Абрамовіч да 1950 г. быў дырэктарам архідыяцэзіяльнай «Caritas». Памёр 4 чэрвеня 1969 г. і пахаваны пры касцёле св. Роха.
 
Вось словы, якія запісаў у сваім дзённіку кс. Адам, калі прыехаў на сваю першую парафію: «У Дзярэчыне я знайшоў 780 парафіян і а ні касцёла, а ні плябаніі, трохі зямлі і Божы Провід. Дзякуючы веры ў гэты Провід, я з энтузіязмам прыступіў да будаўніцтва касцёла. Спачатку трэба было сабраць грошы. Ад сваёй «парафійкі» немагчыма было штосьці атрымаць. Я пачаў шукаць у суседзяў, і нават някепска ўдалося. Адважыўся на больш далёкае падарожжа — не толькі ў Слонім, дзе мяне ўсе ведалі, а ўглыб краіны, а нават у Расію. Так за пару гадоў я аб’ехаў некалькі дзясяткаў каталіцкіх парафій... Такім чынам мы купілі кавалак зямлі каля могілак і пабудавалі навес — плябанія чакала. Планы ўжо былі — неагатычны касцёл!»
 
Абшар парафіі быў вельмі вялікі. Н. Роўба ў сваёй кніжцы апісваў прастор парафіі, якая ў радыусе дасягала ад 18 да 24 вёрст: «Толькі ў Дзярэчыне і ў вёсцы Старавесь жывуць каталікі». Ён таксама тлумачыць, што ў многіх месцах пераважала беларускае насельніцтва праваслаўнага веравызнання, а тыя, хто прызнаваў сябе каталікамі, гэта сем’і асаднікаў, якія прыязджалі сюды з усёй краіны, шукаючы працу ў час росквіту рэзідэнцыі Сапегаў.
 
Трывала падрыхтоўка да будаўніцтва касцёла, была пабудавана драўляная капліца, але месца пад пабудову павінна было быць зусім новым, бо нягледзячы на просьбы, царскія ўлады не дазволілі будаваць на даўнейшых фундаментах кляштарнага касцёла. Зацвярджэнне праекта адбылося 24.06.1906 г. Актыўная дзейнасць маладога пробашча не вельмі падабалася царскім уладам. Таму ў 1910 г. кс. Адам быў арыштаваны. Адбыўся суд. 
 
Кс. Абрамовіч успамінае: «Суд адбыўся ў Кобрыне ў 1910 годзе, калі я быў ужо пробашчам у Дзярэчыне Слонімскага павета. Мяне апраўдалі, але на працягу доўгіх гадоў я падвяргаўся адміністрацыйным рэпрэсіям. Я быў пазбаўлены сваёй парафіі ў Дзярэчыне і асуджаны на блуканне, якое трывала да 1917 г., калі я быў прызначаны пробашчам у Вухаве пад Лапамі».
 
Новым пробашчам стаў кс. Адольф Рамецкі, які далей працягнуў будаўніцтва. Ён сустрэне шмат цяжкасцяў, бо сродкаў на далейшыя працы не хапала. Шмат грошай на пабудову новай святыні перадае Віленская курыя. Дзень 22 чэрвеня 1913 г. быў вельмі важны для ўсёй парафіі ў Дзярэчыне. З касцёла ў Слоніме быў урачыста перададзены звон для новага касцёла. Гісторыя гэтага звона вельмі цікавая. Спачатку ён вісеў на вежы дамініканскага касцёла ў Дзярэчыне. Пасля ліквідацыі парафіі ў Дзярэчыне паводле распараджэння царскай улады ён апынуўся ў слонімскай парафіі і знаходзіўся там амаль сорак гадоў. Вось надпіс на звоне: «Fudit me Joannes S. Tomaszewicz. + Chwałę Bogu daję, budzę Kapłanów — niech wstają, ludziom zbawienie przynoszę, za zmarłych Pana Boga proszę. R. 1717» («Выліў мяне Ян С. Тамашэвіч. + Хвалу Богу аддаю, буджу Ксяндзоў — няхай устаюць, людзям збаўленне прыношу, за памерлых Бога прашу»).
 
Не толькі звон прыгадвае аб дамініканскім касцёле. Маладыя парафіяне Аліна Навіцкая разам са сваім братам Ляонам (дзеці ўрача Вацлава Навіцкага) сабралі некалькі цэглаў з руін падамініканскага касцёла — іх умуравалі ў сцяну новага касцёла ў форме крыжа. Таксама знайшлася і аздоба галоўнага алтара са срэбнымі анёламі, акая знаходзілася ў касцёле дамініканцаў і была схавана мясцовымі жыхарамі ў Дзярэчыне, падобна як харугвы і іншыя ліургічныя рэчы. У падлогу касцёла з правага боку была ўмуравана эпітафійная дошка Казіміра Леона, Юзафа Станіслава і Міхала Антонія Сапегаў, зробленая Аляксандрам Сапегам у 1772 г. і прысвечананая памяці яго бацькі і двух дзядзькаў. Дошка была прыгожа выканана ў разьбянай мармуровай рамцы, якая складалася з атрыбутаў годнасці пералічаных асоб. Першапачаткова эпітафій быў змешчаны ў касцёле дамініканцаў, разабраным у 1867 г. На жаль, у час рамонту касцёла ў 1991 г. дошка была замуравана, калі клалі новую падлогу. 
 
Надпіс на пліце, прынесенай з дамініканскага касцёла: «Казіміру Сапегу, пану найлепшаму і знакамітаму паручніку войска ВКЛ, бацьку найлепшаму; Юзафу Сапегу, дыяцэзіяльнаму каадзьютару Віленскага біскупа, рэферэнту ВКЛ, роднаму дзядзьку продка вялікая пашана; Міхалу Сапегу, падканцлеру ВКЛ, любімаму дзядзьку, сэрца якога тут спачывае; кавалерам Белага Арла, найбольш упрыгожанымі ўсялякімі цнотамі за Айчыну і Дом свой князь Аляксандр Сапега, граф у Чарэі, Высокім, Дзярэчыне, ваявода полацкі і палявы гетман ВКЛ, кавалер ордэна Белага Арла і Святога Станіслава паставіў гэты помнік у 1772 г.».
 
Прыйшла нарэшце тая доўгачаканая ўсімі парафіянамі хвіліна... 20 кастрычніка 1913 г. касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі быў асвечаны ксяндзом легатам віленскага біскупа Браніславам Сароскам. Ва ўрачыстасці ўдзельнічала амаль уся парафія, якая налічвала 1449 вернікаў. Прыбыло таксама шмат святароў на чале са слонімскім дзеканам.
 
Наступным пробашчам быў кс. Барталамей Ясяк (1914-1917), аб якім не засталося ніякай інфармацыі. 
 
Затым у Дзярэчыне працаваў кс. Антоній Пянткоўскі (1919-1922). Яго магіла знаходзіцца каля касцёла. Ён застаўся ў памяці вернікаў як апякун хворых і ўбогіх. 
 
 
 
На працягу чатырох гадоў пробашчам быў кс. Зыгмунд Мілкоўскі (1922-1926). У час яго паслугі парафія налічвала 1800 вернікаў. Упершыню быў складзены інвентарны спіс, у якім чытаем: «Касцёл Унебаўзяцця НПМ пабудаваны з чырвонай цэглы ў гатычным стылі і асвечаны 20 кастрычніка 1913 г. Памеры касцёла наступныя: даўжыня 16, шырыня 7 і вышыня 5 сажняў. Вежа — каля 22 сажняў. Касцёл пакрыты чарапіцай, вежа — цынкавай бляхай. На вежы змешчаны жалезны крыж. Звонку касцёл звычайнага цаглянага колеру, ад фундамента на паўметра каменны. Унутры ўвесь касцёл абтынкаваны. Столь драўляная, а пад хорамі, на вежы і ў закрыстыях — цагляная, таксама абтынкаваная. Вокнаў у галоўнай вежы шэсць, у прэзбітэрыуме тры, усе з рознакаляровага шкла. Амбон драўляны. З аднаго і другога боку прэзбітэрыума знаходзяцца дзве закрыстыі, у іх — па тры акна з жалезнымі рамамі. Прэзбітэрыум ад касцёла аддзелены драўлянай балюстрадай. Падлога ў касцёле і адной закрыстыі вырабленая з цэменту, у другой — драўляная. Дзверы на жалезных завесах з унутранымі замкамі. Драўляныя хоры змешчаны на чатырох жалезных рэльсах. На хорах замест аргана знаходзіцца фізгармонь. У званіцы знаходзіцца звон вагой каля 60 пудоў, пад прэзбітэрыем — сігнатурка. З правага боку ад увахода ў касцёл над закрыстыяй — галерэя з трыма вокнамі. У касцёле зроблены галоўны алтар і два бакавых. Над галоўным алтаром размешчаны вялікі абраз Маці Божай Вастрабрамскай. Па баках абразы: Сэрца Езуса ў пазалочанай раме, навокал выкладзены плюшам, Маці Божай Чанстахоўскай, два абразы Маці Божай і св. Юзафа. Над бакавымі алтарамі змешчаны: над адным — абраз Маці Божай Чанстахоўскай, над другім — Сэрца Езуса». Далей пералічаны розныя літургічныя рэчы, таксама са срэбра і золата. Можна зрабіць выснову, што касцёл быў добра забяспечаны.
 
Да парафіі належалі наступныя вёскі: Дзярэчын, Старая Весь, Алексічы, Котчын, В. Азёркі, Пяскоўскія Сліжы, Мілевічы, Родзішкі, Букштава, Лобзава, Валкевічы, Савічы; маёнткі: Лобзаў, Котчын, Вайніловічы, Крупаў, фальварак Цагельня. Дзярэчынская парафія межавала з зэльвенскай, крамяніцкай, луконіцкай, скрундзёўскай, дзятлаўскай і жалудоцкай парафіямі. 
 
У 1924 г. згарэлі ўсе гаспадарчыя пабудовы, якія затым адбудаваў наступны пробашч. З 1925 г. дзярэчынская парафія належала да Віленскай архідыяцэзіі. Наступныя 10 гадоў душпастырам парафіі быў кс. Юрый Пачобут-Адляніцкі (1926-1936). Нарадзіўся ў 1892 г. Святарская пасвячэнне атрымаў у 1920 г., быў душпастырам у парафіях: Крамяніца, Ваўкавыск, Дзярэчын і Чорная Весь, дзе 7 верасня 1936 г. быў забіты. 
У часопісе «Jutrzenka Białostocka» ад 1936 г. №10 пра Дзярэчын было надрукавана наступнае: «Заслужыў  сімпатыю і павагу не толькі сваіх парафіян, але і іншаверцаў. (...) Дзякуючы яму ў Дзярэчыне паўстае спажывецкая пляцоўка, накшталт беластоцкага «Аб’яднання».  Дата  прыбыцця – 17.09.1926 г.».
 
У 1929 г. у парафіі налічвалася 1800 вернікаў. У гэтым жа годзе адбыліся парафіяльныя місіі. Дзейнічае капліца ў Лобзаве. У жніўні 1931 г. была асвечана памятная дошка ў знак пашаны будаўніку святыні кс. Адаму Абрамовічу. К. Юрый Пачобут-Адляніцкі быў сапраўды руплівым святаром. З 1928 г. у парафіі працавалі сёстры Святой Сям’і Марыі, а ў 1934 г. быў арганізаваны ІІІ Францішканскі ордэн. Яшчэ ў 1938 г. на гарадскім рынку можна было заўважыць добра захаваныя фрагменты гадзіннікавай вежы з даўнейшага дамініканскага кляштара.
У час біскупскай візітацыі (30 жніўня 1935 г.) парафія налічвала 2026 каталікоў, а сакрамэнт канфірмацыі прынялі 168 асоб. 
Наступнымі душпастырамі былі: кс. Пётр Бруквіцкі (1936 г.) і кс. Уладзіслаў Кашыц (1936-1939). 
 
Апошнім пробашчам перад знішчэннем касцёла быў кс. Антоній  Дзічканец — слонімскі дзекан. Ён прыйшоў у парафію ў 1939 г., калі супольнасць вернікаў налічвала 2030 асобаў. У гэтым годзе мястэчка Дзярэчын было занята савецкімі войскамі. Пачаліся першыя рэпрэсіі на вернікаў і пробашча. Кс. Антонію забаранялася хадзіць у сутане. Прыйшлі цяжкія ваенныя часы. Шмат польскіх сем’яў было дэпартавана ў СССР (у тым ліку і ў Сібір). 23 чэрвеня 1942 г. гітлераўцамі і беларускай паліцыяй былі забіты жыхары яўрэйскага гета. Некаторых з іх уратаваў кс. Антоній. Пасля ІІ Сусветнай вайны шматлікія каталіцкія сем’і былі таксама вывезены. Кс. Антоній цяжка хварэе, а ў душпастырстве яму дапамагае кс. Ян Мяноўскі з Зэльвы.
 
Наступіў сумны дзень для парафіі — 5 жніўня 1951 г. памірае кс. пробашч Антоній. На трэці дзень малітвы пры памерлым пробашчы парафіяне пахавалі яго цела каля касцёла. Не прайшло і 2 месяцаў, як камуністычныя ўлады зачынілі святыню ў Дзярэчыне. Касцёл стаў склепам, а пасля выкарыстання яго ў 1960 г. калгасам быў знішчаны назаўсёды. 
Амаль 40 гадоў парафіяне не мелі касцёла. Святыя сакраманты прымалі ў касцёлах у Ваўкавыску, Крамяніцы, Слоніме (там яшчэ заставаліся святары).
 
Вяртанне касцёла каталікам. Адбудова і рэкансэкрацыя
 
Пасля 40 гадоў бальшавізму жыхары Дзярэчына атрымалі ад тагачасных уладаў дазвол на будаўніцтва касцёла, узяліся за ўпарадкаванне руін святыні і прылягаючай тэрыторыі, нават пачалі збіраць першыя будаўнічыя матэрыялы, што ў той час было дастаткова складана. Аднак вялікія выдаткі, звязаныя з такім праектам, перараслі магчымасці мясцовых жыхароў.
 
«Для Бога няма нічога немагчымага» (параўн. Лк 1, 37). У гэты ж час Божы Провід прывёў у Дзярэчын Жана Керхнера. Яго памерлая ў 1989 г. жонка Ірына паходзіла з гэтых зямель. У часе нямецкай акупацыі яна была перавезена ў Германію. Пасля Другой сусветнай вайны трапіла ў Францыю, дзе і пазнаёмілася са сваім будучым мужам Жанам. Калі ў 1989 г. Жан аўдавеў, ён паехаў у Беларусь у родную вёску Ірыны, каб адшукаць тут яе сляды. У Дзярэчыне ён натрапіў на разбураны касцёл, у якім Ірына калісьці была ахрышчана (і па якім заўсёды пры жыцці сумавала), дзе прыняла Першую св. Камунію.
 
І тады Жан Керхнер прымае рашэнне аб адбудове роднага касцёла сваёй любімай жонкі, каб такім чынам ушанаваць яе памяць, а таксама скласці ахвяру Богу. Дзякуючы яго вялікай зацікаўленасці і мудрай шчодрасці, у супрацоўніцтве з а. Вітальдам Жэльветрам, разбураная святыня «ўваскросла» — была цалкам адбудавана і вернута парафіяльнай супольнасці. 14 жніўня 1993 г. ардынарый Гродзенскі бп Аляксандр Кашкевіч урачыста асвяціў касцёл.
 
Фундатар святыні не затрымаўся толькі на адбудове, яго жаданнем было стварыць умовы для адраджэння ў Дзярэчыне духоўнага жыцця супольнасці, сярод якой вырасла яго жонка. Трэба было пабудаваць плябанію, стварыць усе неабходныя ўмовы, падтрымаць душпастыра, зрабіць магчымым вяртанне да традыцый. Парафія бурліць жыццём, збірае вакол сябе вернікаў, моладзь, выпраменьвае веру і дабрыню на ўсю ваколіцу.
 
У ліпені 1994 г. парафію прымае супольнасць самарытанаў на чале з пробашчам і настаяцелем бр. Юзафам Файлерам, які паходзіць з Германіі. У Дзярэчын прыязджаюць таксама сёстры самарытанкі, для якіх дзякуючы Жану Керхнеру быў пабудаваны дом-кляштар. Пры касцёле адкрыўся пункт «Карытас», які служыў матэрыяльнай дапамогай ад каталікоў з Германіі. Акрамя таго, арганізаваліся канікулы для дзяцей з парафій Гродзенскай дыяцэзіі. У іх штогод удзельнічалі 150 – 330 дзяцей. Абслугоўвалася тры касцёла: Дзярэчын, Старая Весь (пабудаваны ў 1995-1997 гг.) і Луконіца.
 
21 верасня 2003 г. у парафіі адбылася вялікая ўрачыстасць, якая сабрала шмат гасцей. Вернікі прымалі ўдзел у юбілейнай св. Імшы падзякі за 90 год пабудовы касцёла (1913 г.) і 10 год заканчэння яго аднаўлення (1993 г.). Мясцовая моладзь у нацыянальных касцюмах вітала хлебам і соллю ардынарыя Гродзенскай дыяцэзіі кс. б-па Аляксандра Кашкевіча, рэктара Польскай каталіцкай місіі ў Францыі прэлата Станіслава Ежа, дзекана а. Вітальда Жэльветра, кс. Анджэя Міхалэка — генеральнага настаяцеля супольнасці самарытанаў, якая прыслала ў Дзярэчын братоў: Юзафа Файлера і Альбіна Кеслера, якія па чарзе служылі ў тутэйшай супольнасці, генеральную маці самарытанак с. Марыю Петру Захер. Святую Імшу цэлебраваў Апостальскі нунцый у Беларусі абп Іван Юрковіч, прысутнічалі таксама пасол Францыі ў Мінску з жонкай і Генеральны консул Польшчы. Аднак найважнейшым госцем урачыстасці быў, канешне, сам фундатар касцёла і новага дома для сясцёр — Жан Керхнер. 
Амаль 6 гадоў абавязкі пробашча выконвае кс. Аляксандр Брэйва (2004-2010 гг.). У 2009 г. быў заменены дах на касцёле і ўзмоцнена касцёльная вежа. Дзярэчынскі пробашч абслугоўваў касцёл у Луконіцы і каплічку ў Старым Сяле.
 
Перэгрынацыя рэліквій святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езус (2013 г.) 
 
У маі 2010 г. дэкрэтам ардынарыя Гродзенскай дыяцэзіі новым пробашчам у Дзярэчын прызначаны кс. Яўген Учкуроніс, які нарадзіўся 02.12.1979 г. у Доцішках Воранаўскага раёна. Святарскае пасвечанне ён атрымаў 29 мая 2004 г. з рук біскупа Аляксандра Кашкевіча.
У 2011 г. былі арганізаваны два ружанцовыя колы: Маці Божай Вастрабрамскай і Святой Сям’і. 16 лістапада 2011 г. ва ўрачыстасць Маці Божай Вастрабрамскай, адбылася сустрэча святароў аднакурснікаў ксяндза пробашча. У Імшы падзякі за дар святарства ўдзельнічалі сем святароў і многія парафіяне. 
 
Летам 2012 г., дзякуючы шчодрасці вернікаў і людзей добрай волі, быў адрамантаваны інтэр’ер касцёла. У ліпені гэтага ж года парафію наведваюць госці з Аўстрыі на чале з бр. Юзафам Файлерам. 19-21 красавіка 2012 г. у касцёле адбываецца перэгрынацыя абраза Езуса Міласэрнага. Такія словы былі запісаны ў парафіяльнай хроніцы: «На працягу трох дзён мы з вялікай набожнасцю аддавалі пашану Езусу Міласэрнаму, дзякавалі за 20 год нашай дыяцэзіі і біскупскай сакры нашага Ардынарыя. Святыя Імшы аб Божай Міласэрнасці з адпаведнымі літургічнымі навукамі, святая Камунія, адарацыя Найсвяцейшага Сакраманта, гадзіна Міласэрнасці, споведзь, прыватная малітва, акт адданя нашай парафіі Божай Міласэрнасці — за гэтыя вялікія дары Богу Айцу міласэрнаму хвала і падзяка». 
 
25-26 ліпеня 2013 г. адбылася перэгрынацыя рэліквій св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус. У супольных малітвах прынялі ўдзел не толькі каталікі, але і праваслаўныя. Падчас святой Імшы выслухалі цудоўную гамілію пра жыццё і шлях да святасці св. Тэрэзы. 
Ад пачатку 2013 г. у парафіі трывае падрыхтоўка да вялікага юбілея 100-годдзя касцёла i 20-годдзя кансэкрацыі святыні, аднаўлення рэлігійнага жыцця ў парафіі. Урачыстасці адбудуцца 18 жніўня. Святая Імша пад кіраўніцтвам біскупа Аляксандра Кашкевіча распачнецца а 11-й гадзіне. Ва ўрачыстасцях прымуць удзел таксама бп Антоні Дзям’янка — ардынарый Пінскай дыяцэзіі, бп Казімір Велікаселец — суфраган, шматлікія святары, сёстры законныя і вернікі.
 
Капліцы

Старае Сяло — капліца св. Сям'і, пабудавана ў 1997 г., асвечана 20.06.1997 г.

Св. Імша ў нядзелю і святы — 15.00

Абноўлена 27.06.2017 18:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця