Пошук


Фота: nn.by
Адрас:
вул. Леніна, 54
г.п. Друя
Браслаўскі р-н
Віцебская вобл.
Рэспубліка Беларусь
211960

Тэл.: +375 2153 2 51 09

Расклад набажэнстваў (магчымы змены)  

  • Св. Імша ў нядзелю — 10.00
  • Св. Імша ў будні: аўт, чц, сб — 09.00; пн, ср, пт — 19.00; у зімні час — аўт, чц, сб — 10.00; пн, ср, пт — 18.00

У капліцы Св. Міхала Арханёла св. Імша ў першую суботу месяца ў 12.00

Адпусты: успамін Маці Божай Анёльскай – 2 жніўня; урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы

З гісторыі парафіі

На супрацьлеглым ад горада Друя беразе калісьці знаходзілася паселішча Прыдруйск, у якім быў прыгожы касцёл, а ў парафіі налічвалася каля 1670 вернікаў. У Друі на той час касцёла яшчэ не было.

Гісторыя друйскай парафіі пачалася з XVII ст. У 1633 г. Казімір Леў Сапега, ваявода віленскі і вялікі гетман літоўскі, намаганнямі якога ўзнесліся будынкі кляштара і святыні для законнікаў, запрасіў у Друю бэрнардынцаў і даў ім багаты фундуш маёнткамі. У 1706 г. (паводле іншых дакументаў – у 1690 г.) падчашы браслаўскі П. К. Качаноўскі зафундаваў у Друі кляштар дамініканцаў. У 1767 г. паводле праекта італьянскага архітэктара Паракі быў пабудаваны комплекс кляштара ў барочным стылі, у склад якога ўваходзіў касцёл св. Антонія.

Фота: nn.by

Аднак у 1832 г. кляштар зачынілі, а ў 1839 г. усе яго будынкі былі перададзены праваслаўным. У канцы ХІХ ст. спустошаныя збудаванні пачалі ператварацца ў руіны, у 1909 г. касцёл узарвалі. Акрамя кляштара і касцёла св. Антонія ў Друі быў яшчэ парафіяльны касцёл пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы, таксама зруйнаваны. Да 1945 г. усе друйскія святыні былі зачыненыя і ператварыліся ў руіны.

Барочны касцёл пад тытулам Найсв. Тройцы быў пабудаваны ў 1643–1646 гг., перабудаваны ў 2-й палове XVIII ст. Пасля касацыі кляштара ў 1852 г. з’яўляўся парафіяльным. У 1944 г. у святыню трапіла бомба. Пасля ІІ сусветнай вайны быў зачынены, пазней фармальна знаходзіўся ў распараджэнні мясцовага меліярацыйнага прадпрыемства, а на справе быў занядбаны і паступова разбураўся. Ад пажару і рабавання нішчылася каштоўная рухомая маёмасць святыні, у тым ліку, арганы ў стылі ракако, абразы XVII i XVIII стст., драўляная разьба. Асабліва каштоўныя былі званы: рэнесансны «Зыгмунт» 1520 г. і вялізны «Казімір», падараваны фундатарам святыні, зроблены на вядомым ліцейным заводзе Ганса Бехема ў Кракаве і паводле мясцовай традыцыі прывезены ў Друю на санях. «Казімірам» карысталіся толькі ў асаблівых выпадках: калі пачалася вайна, памёр папа альбо кароль. Абодва званы, як і шэраг іншых, мясцовыя парафіяне захавалі падчас сусветных войнаў, але яны былі знішчаныя ў савецкі перыяд. На адной з дзвярэй святыні дагэтуль можна прачытаць дату: 1619 г.

Святыня – трохнававая базыліка з паўкругла закрытым прэзбітэрыем і адной закрыстыяй, з дзвюма вежамі, прыгожым фасадам і трыма алтарамі – стаіць на стромкім беразе Дзвіны. Спераду да галоўнага корпуса прылягае дабудаваная ў 1772 г. манументальная чатырох’ярусная вежа, накрытая барочным купалам і фланкаваная на вышыні другога ўзроўню валютавымі сцёкамі, якія закрываюць верх бакавых наваў. Асобныя ярусы вежы аздоблены рознымі аконнымі праёмамі, хвалістымі гзымсамі і вуглавымі пілястрамі. Пілястры аздабляюць таксама і бочныя фасады святыні. Прэзбітэрый і бочныя сцены ўзмоцнены контрфорсамі.

У 1989 г. святыню вярнулі вернікам. Пачаўся рамонт, падчас якога быў адноўлены і часткова рэканструяваны ўнутраны дэкор у стылях барока і ракако. У інтэр’еры касцёла вылучаюцца познебарочны трох’ярусны галоўны алтар 1764–1767 гг. і амбона, а таксама чатыры бочныя алтары 1779 года ў стылі ракако. Захавалася таксама частка арыгінальных алебастравых аздабленняў скляпення XVII стагоддзя.

Да касцёла прымыкае двух’ярусны будынак кляштара, які разам са святыняй утварае замкнуты чатырохкутнік пабудоваў з унутраным дворыкам. Увесь комплекс абнесены агароджай з барочнай брамай 1778 года. Кляштар быў пабудаваны ў 1-й пал. XVII ст. і разбудаваны ў 2-й пал. XVIII ст. Вонкавы выгляд будынка сціплы, сцены адрозніваюцца толькі рызалітамі і прыбудовамі.

Абноўлена 27.07.2017 17:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.