Пошук


Фота: Fotobel.by
Адрас:
вул. Маладзёжная, 3 (касцёл)

в. Мосар
Глыбоцкі р-н
Віцебская вобл.
Рэспубліка Беларусь
211807

Тэл.: +375 2156 32 9 49

 

Расклад набажэнстваў (магчымы змены)  

  • Св. Імша ў нядзелю — 13.00
  • Св. Імша ў будні: панядзелак — 17.00; аўторак-пятніца —10.00; субота — 13.00.

Адпусты: урачыстасць Нараджэння св. Яна Хрысціцеля – 24 чэрвеня (пераносіцца на нядзелю); успамін св. Ганны – 26 ліпеня (пераносіцца на нядзелю)

З гісторыі парафіі

Гісторыя касцёла і парафіяльнага цэнтра ў Мосары вельмі багатая. Парафіяльны касцёл пад тытулам св. Ганны фундаваны графам Робертам і Ганнай Бжастоўскімі, уладальнікамі Мосара. 8 сакавіка 1792 г. яны адпісалі на гэтую мэту 1000 злотых, фундуш быў зацверджаны 13 сакавіка 1792 г. эдыктам віленскага біскупа Ігнацыя Масальскага.

Прамавугольная па форме святыня пабудавана ў стылі неакласіцызму. На фасадзе змяшчаўся надпіс: «Дом Мой ёсць домам малітвы», які быў знішчаны пасля ІІ Сусветнай вайны. Будынак касцёла аднаўлялі ў 1922 г. і ў 90-я гг. ХХ стагоддзя. Напачатку пры касцёле была драўляная званіца, у 1926 г. на ахвяраванні вернікаў пачалося будаўніцтва мураванай, скончанае ў 1931 г.

Галоўным святам парафіі з’яўляецца ўстаноўлены папам Піем Х у 1908 г. адпуст св. Яна Хрысціцеля, які ўрачыста адзначаецца 24 чэрвеня. У касцёле захаваліся табліцы з дакументамі аб кансэкрацыі касцёла, сапраўднасці рэліквіяў св. Юстына, якія атрымаў Антоній Кошчыц, староста Зарэцкі ад Святога Айца Бэнэдыкта XIV (прывезеныя ў якасці асабістага падарунку пасля яго пілігрымкі ў Рым у 1754 г.), і аб устанаўленні дня адпусту св. Яна Хрысціцеля.

Касцёл і парафія на працягу двухсотгадовай гісторыі перажывалі вялікія выпрабаванні веры. Спачатку тут спрабавалі ўвесці ў літургію рускую мову, пасля хацелі замяніць касцёл на праваслаўную царкву. Парафія перажывала росквіт у 30-я гг. ХХ ст., калі ў ёй налічвалася 5706 вернікаў. Тады паўсталі шматлікія парафіяльныя супольнасці і колы, нават ІІІ закон св. Францішка. Падчас ІІ Сусветнай вайны касцёл дзейнічаў, а пасля яе, насуперак спробам зачыніць святыню, тут працаваў пасля вяртання з сібірскай ссылкі кс. Міхал Сухарэвіч, які абараняў веру і парафію да сваёй смерці ў 1961 г. Святара не было да 1988 г., але вернікі збіраліся ў касцёле, маліліся, нягледзячы на пераслед. З 1988 г. апеку над парафіяй і касцёлам прыняў кс. Уладзіслаў Завальнюк, а з 1990 г. быў прызначаны пастаянны пробашч кс. пралат Юзаф Булька, які аднавіў касцёл. Перад святыняй закладзены парк, упарадкаваны могілкі і пабудавана 14 стацый Крыжовага шляху – Мосарская Кальварыя. Акрамя гэтага, кс. пралат Юзаф Булька пабудаваў касцёл у Варапаеве, больш за 100 прыдарожных фігур і крыжоў, а таксама грот Маці Божай і парафіяльны дом у Мосары.

На тэрыторыі мосарскай парафіі знаходзяцца дзве філіяльныя капліцы: у Папшыцах і Савутках. У Папшыцах, якія аддалены ад Мосара на 15 км і знаходзяцца бліжэй да Глыбокага, – капліца пад тытулам Святога Духа, у Савутках, за 5 км ад Мосара, – капліца пад тытулам св. Юзафа Рамесніка.

Абноўлена 17.05.2018 16:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа